Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі народ будзе жыць дрэнна, але нядоўга», – сказаў 20 гадоў таму правіцель. Але не ўгадаў.

Народ ужо 20 гадоў заклікаюць пацярпець, зацягнуць паясы, наперадзе заўсёды – будзе цяжка. А калі ж жыць? Калі будзе лёгка?

Чаму для ўкраінцаў, у якіх вайна, ці літоўцаў з палякамі, якія пакутуюць у Эўразьвязе, чаму ва ўсіх народаў наперадзе – вясна, лета, птушкі пяюць і хочацца любіць, радаваць блізкіх, займацца абранай справай, багацець, падарожнічаць, а не цярпець, зацягваць паясы і пахмура чакаць цяжкіх часоў? Быў пэрыяд, калі іншыя народы сапраўды цярпелі ў імя свабоды асобы, незалежнасьці краіны, правоў чалавека і вольнага паветра. Яны перацярпелі і зажылі, а мы цярпім і цярпім. У імя чаго? І што менавіта мы цярпім? Свавольства чыноўнікаў, бясчынства судоў і міліцыі і самі гэтыя заклікі пацярпець – з тэлевізара? Цярпім проста ад мэнтальнага хобі сядзець на цьвіку?

Лукашэнка, вядома, хітры правіцель – выпусьціў на шыю народа і на тэлеэкраны столькі чынавенскага жлаб’я, столькі кантралёраў усіх масьцей і рангаў, столькі неадукаваных, нявыхаваных нахлебнікаў, што краіна вось-вось застогне ад засільля гэтага анэкдатычнага начальства, абы цар быў добры, і ўсе стрэлы нянавісьці ляцелі ў іх, а не ў яго.

Калі сьпінны мозг правіцеля сыгналізуе ў чэрап, што словы і ўчынкі калектыўных ананічаў-шуневічаў дасягнулі поўнага абсурду, цар неміласэрна саджае сваіх гадаванцаў у турму, каб, як толькі аціхне абурэньне публікі, міласэрна іх выпусьціць на новую пасаду.

Што б ён ні ўчыніў, асабліва не разьбіраюцца. Беларуская турма (а ў Беларусі дзьве турмы) для сацыяльна блізкіх – як гатэль у аэрапорце паміж пералётамі ад пасады да пасадкі і на пасаду. Для сацыяльна чужых беларуская турма – той самы ГУЛАГ з асноўнай мэтай – зламаць асобу і лёс чалавека. Пажадана – невінаватага.

Колькі ж там сядзіць шчырага і сумленнага народу, сапраўдных прафэсіяналаў, а нават тых, хто складае гонар нацыі і краіны, адзіная віна якіх, – што не жлаб’ё. Мацнейшыя выстаяць, вядома. Слабейшыя згінуць.

Падвойная беларуская турма не парадаксальная, яна абсурдная, бо над ёй і ў ёй няма вяршэнства закону. Але сёньня ўжо «воля» змагаецца з турмой за пальму абсурднага першынства. Тут прыдумалі закон пра дармаедаў (а гэта ж усё тое чынавенскае жлаб’ё, усе кантралёры вялікія і малыя, самая масавая ў сьвеце міліцыя – дармаедамі і ёсьць), тут чыноўнік можа выйсьці на парад у кіцелі Васілія Блахіна, чэкіста-рэкардсмэна ў расстрэлах невінаватых людзей (15 тысяч сваімі рукамі), тут даюць пяць гадоў за шчопцю марыхуаны, што дазволеная ва ўсіх краінах з найлепшым у сьвеце ўзроўнем жыцьця, і каму? Актору першае сцэны краіны. Тут мытня трактуе кожнага, хто перасякае мяжу з пустымі рукамі, як гандляра з таварам, і ніякай табе прэзумпцыі. Тут оруэлаўскае Міністэрства праўды закрывае незалежныя газэты і эфіры і паведамляе пра гэта зь непрыхаванаю эўфарыяй. Відавочна, паводле абсурду сёньняшняя РБ ўжо перагнала брэжнеўскую БССР.

Гэта як з тымі зацягнутымі паясамі. Паясы зацягваюцца, і пупок ужо амаль дасягнуў хрыбта. Яшчэ трошкі і…

Гісторыя ведала шмат абсурдных рэжымаў. Яны заўсёды сканчалі дэградацыяй і развалам. На позьніх стадыях. Ператварыць гэта ўсё ў сапраўдную дыктатуру Лукашэнка ўжо ня зможа – занадта ў яго атачэньні ўсё забалоцілася, заплыло, зацьвіло гэтым самым жлаб’ём. Акурат у гэтым тоіцца найвялікшая праблема правіцеля: жлаб’ё ані пальцам не зварухне, каб у разе патрэбы абараніць ці хоць бы падтрымаць яго ў ягонай барацьбе за ўладу. Мінуў час верных шэйманаў, паўлючэнкаў і ярмошыных. Сёньняшнія давыдзькі без задняй думкі першыя адкінуць працягнутую руку патрона, як толькі адчуюць яго слабіну. Прырода ў іх такая, нетрывалая.

А паколькі абсурд мацнее з кожным днём, выглядае, што і жыць нам з гэтым жлаб’ём застаецца ня так і доўга. Можа год яшчэ, але пэўна што ня 20. Калі пупок прыліпне да хрыбта.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG