Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 вандровак у «Таварыства мёртвых паэтаў», якія ажывуць у расповедах Хадановіча


Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

3 сакавіка адзначаецца Ўсясьветны дзень пісьменьніка (The World Writers Day).

У гэты дзень у Літаратурным музэі Петруся Броўкі распачнецца цыкль лекцыяў выкладчыка, літаратара, перакладчыка Андрэя Хадановіча. Паэт шчыра прызнаўся, што ў яго складанае стаўленьне да Броўкі, але вельмі пазытыўнае — да маладых супрацоўніц музэя, якія заахвочваюць літаратараў і робяць усё, каб у музэі адбываліся падзеі. І за апошні год музэй Петруся Броўкі ператварыўся ў вельмі запатрабаваную літаратурную і культурную пляцоўку.

«Мне здаецца, Усясьветны дзень пісьменьніка — вельмі ўдалая нагода, каб распачаць цыкль публічных лекцыяў пра літаратуру, пра паэтаў і паэзію. Назва, так бы мовіць, цытатная, дзякуючы знакамітаму фільму Dead Poets Society: «„Таварыства мёртвых паэтаў“. 5 вечароў з Андрэем Хадановічам», — тлумачыць аўтар публічных лекцыяў.

Выбар герояў лекцыяў, што будуць адбывацца кожны чацьвер у Музэі Петруся Броўкі, вельмі суб’ектыўны. Гэта, бясспрэчна, выбітныя, вялікія паэты, менавіта тыя, якія цікавяць Андрэя Хадановіча і як выкладчыка літаратуры, і як дасьледчыка, і, перш за ўсё, як перакладчыка.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Першая лекцыя будзе называцца «Францускія дэкадэнты: нараджэньне паэзіі з духу Эдгара По».

«Пачну я 3 сакавіка з фэномэна францускіх дэкадэнтаў, з паэтаў канца ХІХ стагодзьдзя, і нават з аднаго замежнага для французаў, імпартнага паэта. Гэта амэрыканец Эдгар По, аўтар знакамітага „Крумкача“, і тыя ўплывы, якія ён прынёс у Парыж у францускі дэкаданс канца ХІХ стагодзьдзя. Будзе Жэрар дэ Нэрваль, будзе Шарль Бадлер, будзе перакладаны беларусамі Поль Вэрлен, будуць амаль неперакладаныя Арцюр Рэмбо і Стэфан Малармэ. Будуць мае рэфлексіі, спробы роздумаў пра гэтых паэтаў, пра паэтыку, пра іх ролю. Ну і, што грэху таіць, будзе вялікі элемэнт паэтычных чытаньняў: самыя смачныя, самыя ўлюбёныя фрагмэнты з амэрыканскай і францускай паэзіі я буду па-беларуску чытаць. І нават пускаць ангельскія і францускія арыгіналы, дзякуючы інтэрнэту і мультымэдыям.

А далей — рух бліжэй да нашага часу. У наступны чацьвер, 10 сакавіка, я буду параўноўваць культавага францускага паэта Гіёма Апалінэра зь ня менш культавым палякам Канстантам Ільдэфонсам Галчыньскім. А яшчэ праз тыдзень дойдзем да нобэлеўскіх ляўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай. Напярэдадні 25 сакавіка зьбіраюся распавесьці пра сваіх улюбёных беларускіх паэтаў, пра іх значнасьць — як аб’ектыўную, так і суб’ектыўную для мяне як для чытача.

А напрыканцы сакавіка падрыхтую лекцыю пра маіх любімых паэтаў — шансанье, бардаў і рок-зорак, пра паэтаў з электрагітарай і клявішамі раяля — з элемэнтамі сьпеваў усяго гэтага ў беларускіх перакладах», — распавёў Андрэй Хадановіч.

Лекцыі адбудуцца 3, 10, 17, 24 і 31 сакавіка ў Літаратурным музэі Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30 кв. 4). Пачатак у 19:00.

XS
SM
MD
LG