Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры «нармандзкай чацьвёркі» абмяркуюць «менскі працэс» на Данбасе


Міністры замежных спраў (зьлева направа) Францыі - Ларан Фабіюс, Украіны - Павал Клімкін, Нямеччыны - Франк-Вальтэр Штайнмаер, Расеі - Сяргей Лаўроў падчас адной з папярэдніх сутрэч "нармандзкай чацьвёркі"

Міністры замежных спраў (зьлева направа) Францыі - Ларан Фабіюс, Украіны - Павал Клімкін, Нямеччыны - Франк-Вальтэр Штайнмаер, Расеі - Сяргей Лаўроў падчас адной з папярэдніх сутрэч "нармандзкай чацьвёркі"

Напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў у Парыжы ў Менску падпісалі дзьве дамовы ў галіне бясьпекі на Данбасе.

Сёньня ў Парыжы мае адбыцца сустрэча міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Расея, ФРГ, Францыя) па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

Учора пасьля паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы ў Менску карэспандэнт Свабоды спытаў мадэратара на перамовах ад АБСЭ амбасадара Марціна Сайдзіка, чаго ён чакае ад сустрэчы ў Парыжы. Спадар Сайдзік заявіў:

Марцін Сайдзік

Марцін Сайдзік

«Я спадзяюся, што міністры дадуць нам вельмі зразумелую карціну, як мы ў Менску павінны працягваць перамовы».

Паводле слоў Сайдзіка, міністры «нармандзкай чацьвёркі» сёньня абмяркуюць у тым ліку пытаньні мадальнасьці (умоваў правядзеньня) мясцовых выбараў на Данбасе.

Прадстаўнік АБСЭ таксама выказаў надзею, што гэтыя выбары адбудуцца ўжо ў гэтым годзе.

Пазытыўным фонам да сёньняшніх перамоваў можа паслужыць ўчорашняе падпісаньне двух пагадненьняў у галіне бясьпекі на Данбасе.

Дакумэнты падпісалі афіцыйныя прадстаўнікі Ўкраіны Леанід Кучма, Расеі — Барыс Грызлоў і спэцпрадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік.

Першае пагадненьне прадугледжвае абазначэньне, агароджваньне і складаньне мапаў раёнаў, якія павінны быць разьмінаваныя, у месцах паблізу пунктаў перасячэньня лініі сутыкненьня і ўздоўж дарог, якія вядуць да іх.

Другім рашэньнем забароненыя ад 4 сакавiка вайсковыя вучэньні з ужываньнем баявой зброі ўсіх калібраў паблізу лініі сутыкненьня бакоў на Данбасе.

Патрэба ў такім пагадненьні паўстала з-за таго, што прадстаўнікі баевікоў так званых ДНР і ЛНР у адказ на крытыку АБСЭ з нагоды іх абстрэлаў казалі, што «гэта ў іх вучэньні».

На думку Марціна Сайдзіка, гэта стане крокам да поўнага спыненьня агню і зьніжэньня напружанасьці на лініі сутыкненьня на Данбасе.

XS
SM
MD
LG