Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Расеі яшчэ на год


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падоўжыў яшчэ на год, да 6 сакавіка 2017 году, дзеяньне шэрагу санкцыяў, якія былі накладзеныя за агрэсію Расеі супраць Украіны.

Як гаворыцца ў яго ўказе, на гэты тэрмін працягваецца дзеяньне некалькіх пакетаў санкцыяў, якія ўводзіліся на працягу 2014 году, пачынаючы з 6 сакавіка 2014 году, у сувязі зь дзеяньнямі і палітыкай уладаў Расеі, уключаючы акупацыю і заявы пра анэксію Крыму і выкарыстаньне сілы у некаторых рэгіёнах Украіны.

Гэтыя дзеяньні Расеі, як вызначыў Абама, падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ва Ўкраіне, пагражаюць міру ў ёй, яе бясьпекі, стабільнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці і прысвойваюць украінскія матэрыяльныя каштоўнасьці.

Акрамя ЗША, падобныя санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асобаў з Расеі і некаторых цэлых сэктараў расейскай эканомікі, супраць шэрагу дзеячаў украінскіх сэпаратыстаў і іх арганізацыяў і супраць некаторых крымскіх кампаніяў, якія захапіла ва ўласнасьць Расея, увялі, пачынаючы зь вясны 2014 году, некалькімі пакетамі і іншыя дзяржавы-чальцы «Групы сямі» і яшчэ шэраг краінаў, а таксама Эўрапейскі зьвяз.

Як заяўлялі ўсе гэтыя краіны, санкцыі, накладзеныя за ўмяшаньне на ўсходзе Ўкраіны, будуць дзейнічаць да поўнага выкананьня Расеяй і сэпаратыстамі, якія яна падтрымлівае, некалькіх пакетаў менскіх дамоўленасьцяў аб урэгуляваньні ў рэгіёне, а санкцыі, зьвязаныя з акупацыяй Крыму, да дэакупацыі паўвострава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG