Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каля паловы прадпрымальнікаў аднавілі працу на гомельскіх рынках, іншыя абнадзейваюцца Расеяй


З пачаткам сакавіка каля паловы прадпрымальнікаў Гомеля пасьля двухмесячнага перапынку аднавілі працу. Хтосьці займеў-такі сэртыфікаты якасьці разам з таварамі ў Расеі, хтосьці набыў беларускі тавар з адпаведнымі дакумэнтамі. Іншыя выйшлі на працу на свой страх і рызыку. Нягледзячы на пратэсты, праблемы прадпрымальнікаў улады ня вырашылі.

У чаканьні ніткі Арыядны

У першы дзень сакавіка на Прудкоўскім рынку, адным з найбуйнейшых у Гомелі, ралеты адчынілі найперш тыя прадпрымальнікі, хто «разбавіў» свой гандаль таварамі беларускай лёгкай прамысловасьці. Аднак радасьці ад гэтага не дадалося.

Апавядае спадарыня Ніна, прадпрымальніца з салідным стажам:

«Езьдзіла ў Горадню, прывезла беларускія сукенкі, тунікі, маю на іх дакумэнты, як таго патрабуе ўказ № 222. Але ж наўрад ці я ўсё гэта прадам так, каб ня быць у накладзе, бо тыя ж сукенкі трэба прадаваць ужо за 850 тысяч. Раней падобны тавар з Расеі прадавала за 400–450 тысяч. Стаю вось і сумнеў бярэ: хто гэта купіць, калі ў людзей гаманцы пустыя? Дый выбару на аптовых базах асаблівага няма — жанчыны ж ня будуць хадзіць усе ў аднолькавым. Я наагул дзіўлюся на нашы ўлады: ва ўсіх цывілізаваных краінах малому й сярэдняму бізнэсу даюць разьвівацца, а ў нас — заціскаюць. Як можа ў такім разе краіна разьвівацца?»

Суразмоўніца наважана «пастаяць» на рынку сакавік, каб пабачыць, у які бок павернецца сытуацыя: адклікнуцца ўлады на пратэсты прадпрымальнікаў, аслабяць лейцы, кінуць ім Арыядніну нітку — ці канчаткова завядуць усё ў тупік? Ехаць 14 сакавіка ў Менск на плошчу спадарыня Ніна не зьбіраецца.

«Няхай едуць туды маладзейшыя», — лічыць жанчына.

Таньней адзецца ва Ўкраіне і Расеі

Пасьля двухмесячнага перапынку выйшла працаваць на сваё звыклае месца й маладзейшая прадпрымальніца Натальля, якая гандлюе і мужчынскім, і жаночым адзеньнем:

«Набыла некаторыя тавары з дакумэнтамі ў Расеі — кошт закупу адразу аказаўся вышэйшы на 40 адсоткаў. І мне ж трэба хоць крышачку зарабіць. Называеш людзям новы кошт, дык яны адкрыта кажуць: „Таньней ва Ўкраіну ці ў Расею зьезьдзіць і там адзецца“.

Закупляць беларускія тавары лёгкай прамысловасьці я наагул ня бачу сэнсу: ну хто, скажыце, пойдзе іх набываць на рынак, калі яны ёсьць у крамах? Гэта ж абсурд! Калі б аптавікі адпускалі нам тавары ў адпаведнасьці зь беларускімі заробкамі, можна было б яшчэ нешта рэалізоўваць. А калі няма асаблівага выбару і завоблачныя кошты, то няма чаго шчокі надзімаць: купляйце беларускае, купляйце беларускае! Пакупнікоў з такімі заробкамі надзвычай мала — людзі зьбяднелі».

Натальля шкадуе, што не згарнула з мужам свой дробны бізнэс адразу пасьля Новага году, а заплаціла за два месяцы і арэнду, і ўнёсак у фонд сацыяльнай абароны — агулам каля 17 мільёнаў. Цяпер хоча адквітаць хоць частку выдаткаў:

«Я ўжо працавала б дзе-небудзь у Расеі — у Клінцах ці Навазыбкаве. Бо ў нас тут няма пэрспэктывы — ужо многія закрыліся. А хто ўзяў беларускі тавар, той ужо ня раз пашкадаваў».

Адны гандлююць, іншыя — зачыненыя

Адны гандлююць, іншыя — зачыненыя

Прадпрымальнікі здушылі трактарную вытворчасьць

Жанчына не пагаджаецца са сьцьвярджэньнямі чыноўнікаў, што з-за прадпрымальнікаў беларуская лёгкая прамысловасьць прыйшла ў заняпад:

«Ага, мы й трактарную, і камбайнавую вытворчасьць агаломшылі. І „малочку“ Расея пастаянна бракуе з-за нас. Усюды прадпрымальнікі вінаватыя. Я б з прыемнасьцю паехала 14 сакавіка ў Менск на Плошчу, каб сказаць, хто вінаваты, але, шчыра кажу, у мяне не атрымаецца. Месяц ці два папрацую — і буду вырашаць, згортваць свой бізнэс ці не».

Падобны настрой у бальшыні прадпрымальнікаў, з кім давялося гутарыць на Прудкоўскім рынку.

«Тут многія працуюць да першай сур’ёзнай праверкі. Стаяць „на авось“, бо ня ведаюць, куды падзець усё свае тавары», — тлумачыць сытуацыю прадпрымальніца Тацяна.

«Працоўныя групы» — магільшчыкі прапановаў

І Тацяна, і яе суседка Людміла ўжо вызначыліся: «14 сакавіка едзем у Менск на мітынг. У мінулую нядзелю там было мала прадпрымальнікаў, таму ўлады й не рэагуюць. Усё пакуль патанае ў стварэньні „працоўных групаў“. Трэба зьбірацца і ў Гомелі, і ў Менску, пакуль улады нас не пачуюць. Але ж кожнага разу ў сталіцу не наезьдзісься, бо толькі дарога дзьвесьце тысяч каштуе».

У прадпрымальніц ужо гатовы альгарытм дзеяньняў. Калі станоўчых зрухаў у дачыненьні да прадпрымальнікаў улады ня зробяць, ня будзе зьменаў ці дадаткаў да ўказу № 222, яны закрыюць свой бізнэс на Прудкоўскім рынку і зьедуць працаваць у Расею:

«Навошта нам гэты 20-працэнтны падатак на ўвезены тавар, гэтыя ўсе накруткі на рэчы з дакумэнтамі? Мы ў Маскве купім і ў Расеі прададзім. Вы паглядзіце, колькі гамельчукоў ужо езьдзяць на закупы ў суседнюю Бранскую вобласьць. І ва Ўкраіну ж езьдзіць не перасталі».

Цэнтральны рынак

Цэнтральны рынак

Сьвет клінам — у Клінцах

На Цэнтральным рынку ў рэчавай яго частцы першага сакавіка таксама дадалося прадпрымальнікаў, але няшмат. Гандлёвыя рады ўсё яшчэ пустуюць. Тры прадпрымальніцы, што схаваліся пад дах ад дажджу, кураць і палка абмяркоўваюць сваё цяперашняе становішча. Злуюцца, бо навыказваліся за два месяцы беспрацоўя столькі, што хопіць на кашалі з лапцямі. І толькі адна зь іх, якая назвалася Марыяй, весялейшая:

«Я ўжо на выходныя ежджу гандляваць у Клінцы. Плачу там у месяц за арэнду шапіка паўтары тысячы расейскіх рублёў, ды яшчэ за тры месяцы — пяцьдзясят даляраў падатку. А ў нас, каб працаваць, трэба заплаціць у эквіваленце за арэнду й падаткі каля пяцісот даляраў. Як кажуць, пабач адрозьненьне».

Прывакзальны «пятачок»

Прывакзальны «пятачок»

Адзяваць жанчын ці разьдзяваць

Нягледзячы на дрэннае надвор’е, ажыўленым выглядаў першага сакавіка й Прывакзальны рынак, празваны ў народзе «пятачком». Пакупнікоў тут было няшмат, можа нават меней, чым адчыненых ралетаў.

Прадпрымальнік Сяргей гэтак тлумачыць свой выхад зь нявесткай на працу:

«Ня вытрымалі ўжо. Прыкупілі трохі беларускага і маскоўскага тавару з дакумэнтамі. Цэны на абутак давялося падняць прыкладна на дзьвесьце тысяч. Самыя простыя кеды, прывезеныя з Расеі, мы прадавалі раней за тыя ж дзьвесьце тысяч. Паехалі ўчора мае дзяўчаты на аптовую базу на вуліцу Шылава — ну, і што думаеце? Там нам прапанавалі кеды за трыста тысяч. Дык які кошт мне паставіць? Трыста сорак? Ці яшчэ вышэй? Хто ж іх у мяне купіць? Зноў жа, куплялі сёе-тое з жаночага адзеньня на фабрыцы „8 сакавіка“. Выбару добрага там няма, а просьценькую кофтачку прапануюць за 270 тысяч. Мы ж так не адзяваць будзем жанчын, а разьдзяваць. Фінансава!»

«Адзін у Менск не паеду»

Сяргей кажа, што адзін ён гнаць мікрааўтобус у Менск на мітынг ня будзе. Ахвочых ехаць туды 22 лютага не знайшлося. Наўрад ці знойдуцца яны й 14 сакавіка, бо, на думку суразмоўцы, у асяродзьдзі прадпрымальнікаў няма асаблівай згуртаванасьці. На Прывакзальным рынку наагул гандлюе шмат пэнсіянэраў, у якіх хата заўсёды з краю. Да таго ж многія жывуць у паняверцы, ды яшчэ й рэпрэсіяў пабойваюцца:

«Выходзілі мы двойчы да аблвыканкаму. А што зьмянілася? У Менску на плошчу выходзілі. Штосьці там нібыта зьбіраюцца зьмяніць ва ўказе 222, каб даць палёгку. Два месяцы мінула, а мы тут пакуль станоўчых зьменаў не адчуваем».

Яшчэ адзін буйны рынак — Давыдаўскі — першага сакавіка быў наагул зачынены. Адміністрацыя абвясьціла тут санітарны дзень замест 8 сакавіка, пазначыўшы ў абвестцы, што зроблена гэта на просьбу прадпрымальнікаў.

Давыдаўскі рынак

Давыдаўскі рынак

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG