Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турызм на акупаванай тэрыторыі. Ці баяцца беларусы адпачываць у Крыме?


Крым, пляж Ялты

Крым, пляж Ялты

Менск — Гомель — Бранск — Арол — Варонеж — Растоў — Краснадар — порт Каўказ (Керчанская пераправа) — Керч — такі маршрут беларускага турыста ў акупаваны Расеяй Крым.

Попыт на адпачынак у Крыме сярод беларусаў за апошнія два гады значна зьнізіўся, але цалкам ня зьнік. Прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу кажуць, што падзеньне попыту зьвязанае не зь нежаданьнем беларусаў ехаць на акупаваныя Расеяй тэрыторыі і занепакоенасьцю наконт уласнай бясьпекі, а са складанасьцю маршруту і зьніжэньнем даходаў беларусаў.

Адпачынак у Крыме: ад 3 да 100 мільёнаў

Статус Крыму як акупаванай Расеяй тэрыторыі не прымусіў беларускія турыстычныя фірмы адмовіцца ад працы з крымскім напрамкам. Туры ў Крым прадаюць шматлікія беларускія турыстычныя кампаніі — у тым ліку і дзяржаўныя. Прадстаўнікі турагенцтваў сьцьвярджаюць, што прапанова ёсьць, таму што існуе попыт.

Беларускі дзяржаўны турыстычны апэратар «Цэнтар-курорт», напрыклад, гатовы прапанаваць беларусам велізарную колькасьць варыянтаў адпачынку ў Крыме.

Крым, Ялта

Крым, Ялта

Пры гэтым кошт 10-дзённага адпачынку ў Крыме для дваіх у чэрвені пачынаецца ад 3 млн беларускіх рублёў — тут гаворка ідзе, зразумела, пра самыя бюджэтныя варыянты. Напрыклад, гэтулькі давядзецца аддаць за пражываньне ў пансіянаце ў Судаку, без харчаваньня. Звычайны двухмесцавы нумар у Алушце на 10 дзён стане прыкладна ў 3,6 млн рублёў. А вось двухмесцавы нумар у гатэлі ў Ялце за 100 мэтраў ад мора, з уключаным трохразовым харчаваньнем, за 10 дзён абыдзецца беларусам ужо ў 38 млн рублёў.

У цэлым кошты ў Крыме могуць дасягаць і 100 млн. беларускіх рублёў — як распавялі карэспандэнту Свабоды ў «Цэнтар-курорце», тут гаворка ідзе пра пражываньне ў буцік-гатэлях.

«Турысты сумавалі, калі на працягу нейкага часу мы не прадавалі пуцёўкі ў Крым»

Крым, пляж Еўпаторыі

Крым, пляж Еўпаторыі

Мэнэджэр турфірмы «Труксан» Алена распавяла Свабодзе, што беларусы, нягледзячы ні на якія палітычныя падзеі, усё роўна цікавяцца адпачынкам у Крыме.

«Паколькі крымскі напрамак ня надта дарагі, то ён заўсёды карыстаецца попытам. Шматлікія турысты смуткавалі і хваляваліся, калі на працягу нейкага часу мы не прадавалі пуцёўкі ў Крым у сувязі зь вядомымі падзеямі, калі там фактычна ішлі ваенныя дзеяньні. А зь мінулага году продаж пуцёвак аднавіўся», — кажа яна.

Аднак у фірме «Труксан» прызнаюць, што зьніжэньне попыту на адпачынак у Крыме ўсё-ткі назіраецца. Перш за ўсё з прычыны цяжкасьцяў маршруту: каб трапіць у Крым, беларускім турыстам трэба ехаць праз Расею ў абыход Украіны.

Крым, Судак

Крым, Судак

Напрыклад, турфірма «Труксан» прапаноўвае кліентам толькі аўтобусныя туры ў Крым. А гэта вельмі доўгі шлях: Гомель — Бранск — Арол — Варонеж — Растоў — Краснадар — порт Каўказ (гэта Керчанская пераправа) — Крым.

«Гэта паўтара сутак у дарозе. Вядома, частку турыстаў мы губляем, таму што ня ўсе, у сілу фізычных абставінаў ці таму, што зь дзецьмі едуць, могуць ехаць на аўтобусе — гэта проста досыць складана фізычна. А чыгуначны ці авіяцыйны тур магчымыя толькі праз Маскву: гэта значыць, спачатку даехаць да Масквы, а потым ужо ехаць на поўдзень. Таму попыт, вядома, упаў», — тлумачыць мэнэджэр турфірмы.

Дырэктар турагенцтва: для беларускіх турыстаў у Крыме зьмянілася толькі шыльда

Дырэктар турагенцтва «Вяршыня» Сяргей Загадзкі прызнае, што крымскі напрамак цяпер запатрабаваны ў меншай ступені, чым да анэксіі Крыму Расеяй. Аднак продаж тураў у Крым на працягу гэтых двух гадоў агенцтва не спыняла нават часова.

Крым, пляж Алушты

Крым, пляж Алушты

Па словах Загадзкага, зьніжэньне попыту на турпуцёўкі ў Крым зьвязанае з двума фактарамі: ускладненьнем маршруту і падзеньнем даходаў беларусаў.

«Ёсьць два фактары падзеньня попыту. Па-першае, гэта ў цэлым зьніжэньне даходаў насельніцтва, ну і плюс складанасьці зь пераездам. Дарога ў Крым трохі больш складаная аказалася — зь перасадкай у Маскве, напрыклад. Кагосьці гэтыя клопаты зь перасадкамі не задавальняюць. Акрамя таго, Крым заўсёды ўспрымаўся беларусамі як варыянт бюджэтнага адпачынку. Цяпер у сілу таго, што авіяпраезд туды падаражэў, а прыбыткі беларусаў зьнізіліся, адпаведна і попыт упаў», — кажа ён.

Пры гэтым інфармацыйны фон, які існуе вакол Крыму, не паўплываў на выбар беларусаў. Па словах Загадзкага, кліенты ягонай фірмы не выказваюць асьцярог у зьвязку з тым, што адпраўляюцца на акупаваныя тэрыторыі.

Крым, Ялта

Крым, Ялта

«Трэба разумець, што многія беларусы за сваё жыцьцё езьдзілі ў Крым па 10–20 разоў. Таму яны ўсьведамляюць, што істотна нічога там не зьмянілася. Зьмянілася толькі шыльда. Як на крамах або рэстаранах, бывае, мяняюць шыльду — быў адзін гаспадар, стаў іншы. Мабыць, такое ж стаўленьне да сытуацыі і ў людзей. Бо для чаго езьдзілі і езьдзяць у Крым? Па пэўны клімат і прыроду, па здароўе, па гісторыю і культуру», — тлумачыць дырэктар агенцтва.

Паездка ў Крым анкету не сапсуе, але крымінальнай адказнасьцю пагражае

З пункту гледжаньня ўкраінскіх законаў Крым — «часова акупаваная тэрыторыя». Згодна з пастановай Кабінэту міністраў Украіны, уезд на тэрыторыю паўвострава магчымы толькі праз кантрольныя пункты аўтамабільных і чыгуначных зносін. Авіязносіны паміж мацерыковай Украінай і Крымам на дадзены момант не падтрымліваюцца.

Замежнікам для паездкі ў Крым трэба афармляць спэцыяльны часовы дазвол у міграцыйнай службе Ўкраіны. Падставай для атрыманьня дазволу можа быць пражываньне сваякоў у Крыме, разьмяшчэньне пахаваньняў блізкіх, а таксама наяўнасьць на паўвостраве ўласнай нерухомасьці. Выдача дазволу на паездку ў Крым дзеля турыстычных мэтаў не прадугледжана.

Крым, Кактэбель

Крым, Кактэбель

Уезд на тэрыторыю Крыму з боку Расеі дэ-юрэ будзе лічыцца незаконным перасячэньнем дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, за што прадугледжана крымінальная адказнасьць.

Між тым Сяргей Загадзкі кажа, што дэ-факта беларускім турыстам, якія едуць у Крым, не пагражае ні крымінальная адказнасьць, ні забарона на ўезд ва Ўкраіну.

«Такога ня можа быць у прынцыпе. А ведаеце чаму? Таму што ніякіх адзнак у пашпарце ці кампутарнай базе, якія б сьведчылі пра тое, што чалавек заяжджае ў Крым, проста не існуе. Чалавек заяжджае на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, зь якой у Беларусі дамова аб Саюзнай дзяржаве, зь якой няма памежнага і мытнага кантролю. І далей чалавек вольны перамяшчацца па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі як заўгодна, уяжджаць у любыя рэгіёны — у тым ліку і ў Крым.

А вось украінскія ўлады сапраўды ўвялі забарону на ўезд у Крым з боку Ўкраіны для ўсіх грамадзян, за выключэньнем украінскіх. Гэтая норма дзейнічае — то бок беларусы (як і расейцы) ня могуць трапіць туды без адмысловых дазволаў з украінскага боку», — тлумачыць ён.

Крым, Ялта

Крым, Ялта

Дарэчы, гэтым адрозьніваецца сытуацыя з Крымам і Ўкраінай ад сытуацыі з Абхазіяй і Грузіяй. Сэпаратысцкія ўлады Абхазіі з 1 красавіка ўводзяць візавы рэжым для ўсіх краін, якія не прызналі незалежнасьць гэтай тэрыторыі. У тым ліку — і для Беларусі.

«Калі беларус паедзе ў Абхазію з боку Расейскай Фэдэрацыі, а потым захоча паехаць у Грузію, вось тут у яго будуць праблемы. Абхазію грузінскія ўлады лічаць сваёй уласнай тэрыторыяй, часова акупаванай Расейскай Фэдэрацыяй. Таму ўезд на гэтую тэрыторыю з боку Расеі не прызнаецца грузінскімі ўладамі. Калі ў хуткім часе беларус атрымае абхазскую візу, заедзе на тэрыторыю Абхазіі, а потым вырашыць паехаць у Грузію, то ён можа трапіць пад адміністрацыйную, а магчыма, і крымінальную адказнасьць у Грузіі», — кажа Загадзкі.

Эканамічнае супрацоўніцтва: не існуе ці невядома?

Крым, Керч, узьбярэжжа

Крым, Керч, узьбярэжжа

Трэба дадаць, што пра эканамічныя зносіны паміж Беларусьсю і анэксаваным Крымам дакладна нічога не вядома.

У сакавіку 2015 году сайт гарадзкіх уладаў Севастопаля паведаміў, што 26 сакавіка дэлегацыя Рэспублікі Беларусь сустрэлася з прадстаўнікамі ўраду Севастопаля. На сустрэчы ішла гаворка пра прапановы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Севастопаля зборачнай вытворчасьці беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасьці, ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня» і холдынгу «Гомсельмаш».

Тады гэтая інфармацыя выклікала пэўны рэзананс. Украінскія экспэрты адзначалі, што стварэньне вытворчасьці беларускіх прадпрыемстваў у Крыме будзе парушэньнем украінскіх законаў і дэ-факта прызнаньнем Беларусьсю анэксіі Крыму Расеяй. Чым скончыліся тыя перамовы, дакладна не вядома — ні з боку расейскіх уладаў, ні з боку беларускіх ніякіх камэнтароў на гэты конт не прагучала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG