Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскім рынку нерухомасьці абвал: цана «хрушчовак» упала да 850 даляраў за мэтар


Беларускі рынак нерухомасьці практычна не падае прыкметаў жыцьця. Як канстатуюць адмыслоўцы, цэны на кватэры ў Менску адкаціліся на ўзровень 10-гадовай даўнасьці — за квадратны мэтар у навабудзе прадаўцы просяць ня больш за 1000 даляраў. Такім чынам, малагабарытную кватэру цалкам рэальна набыць за 30–35 тысяч даляраў.

Цэны вярнуліся ў 2006 год

Паводле зьвестак рыэлтарскіх агенцтваў, яшчэ пры канцы мінулага году сярэдні кошт квадратнага мэтра жыльля на другасным рынку ў Менску перавышаў 1200 даляраў, а ў навабудах набліжаўся да 1350 даляраў. Пры гэтым была істотная градацыя, залежна ад агульнай плошчы: аднапакаёвыя ішлі даражэй (ад 1300 даляраў), трохпакаёвыя і большыя — таньней (ад 1150).

Аднак за два месяцы 2016-га цэны на кватэры эканом- і стандарт-клясу ў навабудах і жылым фондзе ня толькі зраўняліся, але практычна сталі адпаведныя такому ж пэрыяду 2006 году — тады квадратны мэтар у сярэднім ацэньваўся ў 1000 даляраў. Неўзабаве тады адбыўся рэзкі скачок, і за год-два цэньнік вырас удвая — за 2000 даляраў за мэтар умудраліся збываць нават малапэрспэктыўныя «хрушчоўкі».

Ці можа паўтарыцца тая сытуацыя цяпер? Экспэрты лічаць, што пакуль падставаў для такога разьвіцьця сцэнару няма. І нагадваюць: пры канцы нулявых эканоміка Беларусі імкліва напампоўвалася непадмацаванымі грашыма, а банкаўская сыстэма забясьпечвала крэдытамі амаль усіх ахвотных. У выніку попыт на жыльлё (у тым ліку «ў запас») перавышаў прапанову.

Аднак цяпер карціна прынцыпова іншая. Заробкі скурчыліся да пражытковага мінімуму, ільготнае крэдытаваньне згарнулася, а колькасьць навабудаў зь непрададзенымі кватэрамі пабіла ўсе рэкорды.

Беспрасьвет на рынку

Супрацоўніца адной зь менскіх фірмаў у сфэры гандлю нерухомасьці, рыэлтар Ганна Конышава ацэньвае сёньняшні стан рынку як «беспрасьветны»:

«Магу пацьвердзіць, што актыўнасьць упала да такой ступені, што практычна нічога не купляецца. Аб’екты ёсьць, аб’екты стаяць, бальшыня гаспадароў гатовыя істотна таргавацца, але няма нават званкоў, няма ахвотных хоць бы разгледзець варыянты. Таму магчыма, што гэта яшчэ ня „дно“, бо адназначна людзі вычэкваюць: адны — каб даражэй прадаць, іншыя — каб таньней купіць. А можа, ужо і „дно“ — прынамсі, нам хацелася б спадзявацца на гэта...»

Адмыслоўцы кажуць, што сёлета ў студзені пераходаў права ўласнасьці зарэгістравана на 40% менш, чым на пачатку мінулага году. Пры тым, што колькасьць кватэраў, выстаўленых на продаж, вырасла на 15%. Экспэрт рынку Ганна Конышава зазначае, што ўладальнікі гатовыя прадаваць на ўмовах, якія яшчэ нядаўна палічылі б для сябе «прыніжальнымі»:

«Сярэдняя цана ад пачатку году ўстойліва зафіксавалася на адзнацы 1000 даляраў, але ўсё часьцей апускаецца нават ніжэй. Скажам, некаторыя двух- ці трохпакаёвыя кватэры ў Менску выстаўляюцца па 980, нават 950 даляраў за квадрат. „Хрушчоўкі“ ў пяціпавярховіках увогуле абваліліся да 850–890. Таму пакуль што тэндэнцыя на падзеньне».

Суразмоўніца не адважваецца прагназаваць, як моцна гатовы прасесьці рынак. Тым ня меней у шэрагу краінаў за аснову цэнавага вылічэньня квадратнага мэтра жылой нерухомасьці бярэцца сярэднямесячны заробак. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Менску сярэдні прыбытак нават ва ўмовах крызісу складае 600 даляраў, а гэта значыць, патэнцыйна «пікіраваньне» можа працягвацца:

«Глядзіце: яшчэ ў канцы мінулага году цэньнік упарта трымаўся на мінімальным узроўні 1200–1300 даляраў за мэтар. Не кажу, што па такіх коштах нешта актыўна прадавалі, але трымалі. Прынамсі, гаспадары спадзяваліся, што сытуацыя паступова злагодзіцца. Але не, пакуль усё наадварот. Як вынік — практычна нічога не набываецца, актыўнасьць блізкая да нуля, званкоў па аб’ектах амаль няма».

Пакупнікі на вагу золата

Пакупнікі цяпер на вагу золата. Мянчук Віталь Саламацін апошнія некалькі гадоў мэтанакіравана зьбіраў грошы на кватэру, але бясплённа — ніяк не ўдавалася ўгнацца за цэнамі. Урэшце паўза пайшла на карысьць: замест мрояў хоць бы пра адзін пакойчык на ўскраіне ўрэшце ўдалося разжыцца двухпакаёўкай па лініі мэтро:

«Пакуль маніторыў другасны рынак, мне з рыэлтарскай канторы разоў дзесяць ператэлефаноўвалі, прапаноўвалі ўсё лепшыя і лепшыя варыянты. У выніку з раёну Каменнай горкі, дзе адпачатку пачаліся пошукі, я паступова перакрочыў у адну з „высотак“ на Кальварыйскай. І калі пазалетась блакітнай марай была хоць якая аднапакаёўка, то цяпер практычна за тыя ж грошы ў мяне ня самая вялікая, але ўсё ж кватэра з двума пакоямі. Таму ў гэтым сэнсе, канечне, пашанцавала».

Рыэлтар Ганна Конышава ўдакладняе, што фактычна выраўналіся цэны на нерухомасьць у навабудах і дамах старой пабудовы. Гэта пры тым, што новыя кватэры заўсёды мелі прыярытэт:

«Па навабудах сытуацыю ведаю як факт, але, зноў жа, цяпер у агенцтве няма ніводнага кліента, якому б мы падбіралі такі варыянт. І калі да Новага году цэны на новае жыльлё яшчэ крыху трымаліся, то сёньня забудоўшчыкі даюць такія зьніжкі, што толькі прыходзьце, будзем абмяркоўваць. У навабудах цяпер проста неверагодная колькасьць безгаспадарных кватэраў».

Шанец для іншагародніх

Паводле прадстаўнікоў рынку нерухомасьці, такім станам рэчаў усё часьцей намагаюцца скарыстацца іншагароднія жыхары Беларусі. Калі яшчэ нядаўна паміж цэньнікамі на жыльлё ў сталіцы і ў рэгіёнах была прорва, то цяпер розьніца памалу зьнікае. Прыкладам, у абласных гарадах кватэры ў цэнтральных раёнах прадаюцца ў разьбежцы 700–1000 даляраў за квадратны мэтар — то бок абвал усё ж не такі радыкальны, як у Менску. А гэта значыць, практычна за тыя ж грошы рэальна прыдбаць кут у сталіцы.

Пра гэта сьведчыць і статыстыка: за першы месяц 2016 году доля зьдзелак на рынку нерухомасьці з удзелам жыхароў іншых рэгіёнаў склала 20%. Гэта крыху карэктуе ўяўленьне, што жыльлё ў Менску скупляюць расейцы — у агульнай колькасьці гэты паказьнік складае 2%.

XS
SM
MD
LG