Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч падтрымаў Шумчанку ў канфлікце зь Лябедзькам


Мікалай Статкевіч на акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 28 лютага 2016 году ў Менску

Мікалай Статкевіч на акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 28 лютага 2016 году ў Менску

У канфлікце паміж Анатолем Лябедзькам і Анатолем Шумчанкам вакол пратэстнай акцыі, заплянаванай на 14 сакавіка, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч стаў на бок Шумчанкі.

Гэта вынікае з допісу Статкевіча ў Фэйсбуку.

Мікалай Статкевіч узгадвае, што ў 90-х адной з найбольш папулярных прычын адмоваў у дазволах на апазыцыйныя дэманстрацыі ўлады называлі іншае масавае мерапрыемства, якое нібыта павінна адбыцца ў тым жа самым месцы і ў той жа час. Былі нават выпадкі, калі ўлады выкарыстоўвалі няўзгодненасьць паміж дзьвюма дэмакратычнымі арганізацыямі, каб адмовіць у дазволе на акцыі абедзьвюм.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

«Зараз АГП стварыла сытуацыю, калі ўлады могуць выбіраць, якую з акцыяў дазволіць, а якую — не. А могуць нібыта законна забараніць абодва маршы. Мне цяжка зразумець лёгіку кіраўніцтва АГП. Не магу сур’ёзна ўспрыняць іх намер правесьці марш супраць росту цэнаў на паслугі ЖКГ у працоўны для большасьці, акрамя ІП, час. Пытаньні выклікае і заяўлены намер „падстрахаваць“ марш ІП, бо нібыта Анатоль Шумчанка можа пад ціскам адклікаць свой подпіс пад заяўкай на яго. Бо калі кіраўніцтва АГП валодае інфармацыяй пра намер спэцслужбаў арганізаваць такі ціск супраць лідэра ІП, то было б сумленна папярэдзіць яго пра гэтую пагрозу», — падкрэсьлівае палітык.

Статкевіча дзівіць, што «не было нават спробы паразумецца з заяўнікамі маршу ІП».

Лічу, што дзеяньні кіраўніцтва АГП наносяць шкоду барацьбе індывідуальных прадпрымальнікаў за свае правы. Я заклікаю кіраўніцтва АГП перанесьці свой марш на іншы дзень. Тады буду гатовы падтрымаць яго.

«Улічваючы ўсё вышэйзгаданае, я лічу, што дзеяньні кіраўніцтва АГП наносяць шкоду барацьбе індывідуальных прадпрымальнікаў за свае правы. Я заклікаю кіраўніцтва АГП перанесьці свой марш на іншы дзень. Тады буду гатовы падтрымаць яго», — заявіў ён.

З заклікам да Лябедзькі адклікаць сваю заяўку на правядзеньне маршу 14 сакавіка выступіў і лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне маршу «За годнае жыцьцё» ў той жа час і ў тым жа месцы, дзе зьбіраюцца праводзіць Марш прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч.

Лябедзька патлумачыў сваё рашэньне неабходнасьцю пашыраць сацыяльную базу пратэстаў, а таксама імкненьнем «падстрахаваць» Шумчанку на выпадак, калі ён прыме рашэньне адмовіцца ад правядзеньня маршу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG