Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскрытая схема міжнароднай кантрабанды садавіны ў Расею. Сярод удзельнікаў — беларускія дзяржаўныя кампаніі


За сьнежань 2015-га — студзень 2016-га беларускія фірмы набылі 20 тысяч тон польскіх яблыкаў пад выглядам малдаўскіх. У Малдове ўпэўненыя, што іх рээкспартуюць у Расею. За карупцыйную схему ўжо арыштаваны былы кіраўнік фітасанітарнай службы Малдовы, праходзіць дасудовае расьсьледаваньне ў Літве — краіне-пасярэдніку. Ці адгукнецца яблычны бізнэс беларускім фірмам, адна зь якіх належыць Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, пакуль невядома.

У Літве польскія яблыкі станавіліся малдаўскімі

У 2014 годзе Расея ўвяла «харчовыя санкцыі» й забараніла імпарт прадукцыі з большасьці краінаў Захаду. Каб ня страціць буйнога спажыўца, шмат якія краіны сталі ўвозіць у Расею прадукцыю пад выглядам іншых краінаў, на якія не распаўсюджваліся санкцыі.

Аднак з прычыны масавага рээкспарту харчовай прадукцыі праз Малдову Расея ў тым жа 2014 годзе заблякавала імпарт з гэтай краіны, адной з найбяднейшых у Эўропе. Але ў 2015 годзе імпарт зноў дазволілі. У асноўным дазвол атрымалі кампаніі, зарэгістраваныя ў Прыднястроўі.

Карыстаючыся тым, што малдаўская прадукцыя, вырашчаная ў прыднястроўскім рэгіёне, пад расейскія «харчовыя» санкцыі не падпадае, бізнэсоўцы з усёй Эўропы на працягу некалькіх месяцаў купляюць для сваёй садавіны малдаўскія фітасанітарныя сэртыфікаты і пад выглядам малдаўскай прадукцыі ўвозяць яе ў Беларусь.

Карыстаючыся такім дазволам, група малдаўскіх бізнэсмэнаў у канцы 2015 году зарэгістравала ў Прыднястроўі фірмы і ад іх імя пачала выпісваць сэртыфікаты на яблыкі. Праўда, не на ўласныя, а на польскія.

Схема атрымалася наступная. Польскія яблыкі прывозілі ў свабодную эканамічную зону ў Літве. Потым літоўскі пасярэднік зьвязваўся з малдаўскай псэўдакампаніяй, якая дасылала сэртыфікаты ў Вільню. У Літве польскія яблыкі ператвараліся ў малдаўскія, і такім чынам іх завозілі ў Беларусь.

Адзіны бар’ер у Беларусі — Галоўная дзяржаўная інспэкцыя па насеньняводзтве, карантыне й ахове расьлінаў. Каб спраўдзіць, ці насамрэч гэта малдаўская прадукцыя, беларускія фітасанітары зьвязваліся з малдаўскімі праз электронную пошту.

У Малдове ж сядзелі падкупленыя фітасанітары, якія пацьвярджалі запыты беларускіх калегаў наконт паходжаньня прадукцыі. Хоць у абсалютнай большасьці выпадкаў машыны зь яблыкамі, якія прыходзілі ў Беларусь, нават не былі ў Малдове. Гэта высьветлілі журналісты расьсьледавальнай кампаніі RISE паводле нумарных знакаў, якіх малдаўскія памежнікі не адзначалі.

Што такая схема сапраўды існавала, малдаўскім журналістам пацьвердзіў літоўскі пасярэднік Мадэст. Пад выглядам бізнэсмэнаў журналісты RISE зьвязаліся з Мадэстам і прапанавалі яму набыць у іх сэртыфікаты. Маўляў, зь фітасанітарамі ўсё ўжо дамоўлена, і за 800 эўра яны могуць даслаць яму сэртыфікат.

Падстаўныя фірмы нагандлявалі сэртыфікатамі на 1 мільён эўра

Па словах Міхая Негрэску, выканаўцы абавязкаў кіраўніка фітасанітарнай службы Малдовы, схема вывазу прадукцыі па малдаўскіх сэртыфікатах пачала дзейнічаць яшчэ ў лістападзе 2015 году. Але выявілі яе на пачатку 2016 году.

Афіцыйны адказ з Малдовы: сьпіс кампаній, якія выдавалі сэртыфікаты на прадукцыю для экспарту ў Беларусь, але машыны з іхняй прадукцыяй з краіны не выяжджалі

Афіцыйны адказ з Малдовы: сьпіс кампаній, якія выдавалі сэртыфікаты на прадукцыю для экспарту ў Беларусь, але машыны з іхняй прадукцыяй з краіны не выяжджалі

«Ад беларускіх мытнікаў паступіла інфармацыя, дзякуючы якой мы выявілі, што паводле малдаўскіх сэртыфікатаў прадукцыя з Малдовы не вывозілася, — сказаў Негрэску ў інтэрвію RISE. — Гэтая схема, у якую ўцягнутая група малдаўскіх фітасанітараў».

Паводле інфармацыі фітасанітарнай службы Малдовы, за два месяцы малдаўскія фірмы выдалі каля 1000 сэртыфікатаў на прадукцыю, якая не вывозілася з краіны. Гэта значыць, пад выглядам малдаўскай прадукцыі зь іншых краін маглі вывезьці каля 20 тысяч тон садавіны й гародніны. Калі за кожны сэртыфікат малдаўскія кіраўнікі схемы атрымлівалі па 800–1000 эўра, як пра гэта расказаў Мадэст, дык толькі ў Малдову наяўнымі магло прыйсьці каля 1 мільёна эўра.

«Цяпер складана вызначыць дакладную лічбу выдадзеных сэртыфікатаў, паводле якіх прадукцыя з Малдовы не вывозілася, паколькі за сьнежань яны былі перададзеныя з архіву агенцтва начальніку ўпраўленьня па абароне здароўя расьлін Аляксандру Чабану і па яго ж вусным загадзе зьніклі», — патлумачыў выканаўца абавязкаў кіраўніка фітасанітарыі Малдовы.

Журналісты RISE атрымалі копіі 200 сэртыфікатаў, якія дасылаліся ў Літву. Зь іх вынікае, што большасьць кампаніяў, якія выдавалі сэртыфікаты, былі зарэгістраваныя ў Прыднястроўі. З аднаго боку, міжнародная супольнасьць лічыць Прыднястроўе часткай Малдовы, і ўсю прадукцыю на экспарт прыднястроўскія кампаніі вымушаны падпісваць як малдаўскую. Зь іншага боку, ні малдаўскія ўлады, ні праваахоўныя органы ня маюць доступу да Прыднястроўя. А таму псэўдапастаўшчыкам яблыкаў найбольш выгадна было дзейнічаць ад імя прыднястроўскіх кампаніяў.

Мы прапаноўвалі дапамогу беларускім калегам, але яны адмовіліся

Якасьць увезенай у Беларусь прадукцыі правяраюць у Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне й ахове расьлін Беларусі. Але, як распавёў Свабодзе Лявон Пляшко, дырэктар інспэкцыі, яго ўстанова адказвае толькі за стан грузу, але не за паходжаньне.

Сэртыфікаты на малдоўскую прадукцыю ад падстаўных кампаній, дзе пакупніком значыцца беларуская фірма «Транспэтролблалтык»

Сэртыфікаты на малдоўскую прадукцыю ад падстаўных кампаній, дзе пакупніком значыцца беларуская фірма «Транспэтролблалтык»

«Хворыя ці ня хворыя, карантынашкодныя ці не карантынашкодныя — больш ні за што наш сэртыфікат не адказвае, — кажа Пляшко. — Усё астатняе, што вас цікавіць, даведвайцеся ў кагосьці іншага».

Як выявілася, спраўджваць паходжаньне, а ня толькі фітасанітарны стан, беларускай інспэкцыі прапаноўвалі расейскія калегі. Але беларускі бок дагэтуль ігнаруе такую прапанову.

«Калі гэта (гародніна. — РС) паступае на мяжу Расеі, тут адразу ж уключаецца сыстэма праверкі сапраўднасьці сэртыфікатаў, — сказаў у інтэрвію Свабодзе Аляксей Аляксеенка, памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду. — Нашы беларускія калегі гэтага ня робяць. Мы прапаноўвалі сваю дапамогу, каб на зьнешняй мяжы Эўразійскай эканамічнай супольнасьці былі ня толькі беларускія фітасанітары, але й нашы. Але пакуль мы згоды не атрымалі».

Аляксеенка таксама нагадаў, што найбольшая колькасьць рээкспартных прадуктаў паступае ў Расею менавіта зь Беларусі. А таму на фэдэральных трасах і на прасёлачных дарогах, што ідуць празь мяжу, праводзяцца выбарачныя праверкі грузаў.

Падрабляюць нават беларускія дакумэнты

Уся псэўдамалдаўская прадукцыя накіроўвалася ў дзьве кампаніі: «Белмытсэрвіс» і таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Транспэтролбалтык».

Сэртыфікаты на малдоўскую прадукцыю ад падстаўных кампаній, дзе пакупніком значыцца дзяржаўная кампанія «Белмытсэрвіс»

Сэртыфікаты на малдоўскую прадукцыю ад падстаўных кампаній, дзе пакупніком значыцца дзяржаўная кампанія «Белмытсэрвіс»

«Белмытсэрвіс» належыць Дзяржаўнаму мытнаму камітэту. Свабода даслала запыты, але пакуль не атрымала камэнтароў ні ад кампаніі, ні ад камітэту. Невядома, ці ведалі ў «Белмытсэрвісе» пра паходжаньне яблыкаў, але факт, што яны набывалі замежную прадукцыю з падробленымі малдаўскімі сэртыфікатамі, відавочны.

У размове з малдаўскімі журналістамі літовец Мадэст сказаў, што працуе выключна зь «Белмытсэрвісам». У радку «атрымальнік» ён сам упісвае беларускую дзяржаўную кампанію.

— У мяне толькі зь «Белмытсэрвісам». Я зь іншымі не працую, таму што зь іншымі працаваць — я праблем нажыву, — сказаў Мадэст праз тэлефон журналісту RISE, які прадставіўся прадаўцом сэртыфікату.

— «Транспэтролбалтык» быццам бы таксама надзейны?

— Расейцы на іх цяпер палююць.

— Ну, гэта прыватная кантора, у адрозьненьне ад «Белмытсэрвіса»?

— Так. У Расеі праблемы ў «Транспэтролбалтыка», «Трыаніна». Карацей, там такая песьня нядобрая, што мама не гаруй.

— Па факце вы іх везяце да расейцаў.

— Так. Зь «Белмытсэрвісам» у Расеі праблем няма.

Пра кампанію «Транспэтролбалтык», на якую «расейцы палююць», нічога не вядома. Па запытах у інтэрнэце выходзяць навіны пра затрыманьне ў Расеі прадукцыі гэтай кампаніі. Напрыклад, 29 сьнежня 2015 году пад Смаленскам зьнішчылі 74 тоны гародніны й садавіны, якія прыбылі зь Беларусі ў суправаджэньні падробленых сэртыфікатаў Македоніі й Турэччыны. Экспартэрам ва ўсіх выпадках было ТАА «Транспэтролбалтык».

У кампаніі няма свайго сайту, а па знойдзеных тэлефонах ніхто не адказвае. Таксама не было адказу й на запыт па электроннай пошце «Транспэтролбалтык».

У сваю чаргу, Аляксей Аляксеенка пацьвердзіў, што сярод беларускіх фірмаў, якія рээкспартуюць прадукцыю паводле падробленых сэртыфікатаў, фігуруюць і «Белмытсэрвіс», і «Транспэтролбалтык».

«У нас сьвяцілася вельмі шмат кампаніяў, — кажа Аляксеенка. — Ня толькі кампаніяў-аднадзёнак, але й буйных кампаніяў. Але тут сытуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што падрабляюць нават беларускія дакумэнты».

Яблычны бум у Беларусі

З усёй гэтай схемы вынікае, што больш за астатніх на расейскім эмбарга зараблялі літоўскія пасярэднікі й малдаўскія фітасанітары. Мадэст распавёў, што пад малдаўскімі налепкамі ў Беларусь ішла прадукцыя Польшчы, Грэцыі, Гішпаніі й Нідэрляндаў. І калі групоўку малдаўскіх фітасанітараў выкрылі, у літоўцаў назьбіралася садавіны на 150–200 фур, якія чакалі экспарту ў Беларусь.

А эканоміка Малдовы, наадварот, ад нелегальных схем цярпіць страты. Па-першае, у краіне сёньня застаецца 40 тысяч тон яблыкаў, якія цяжка вывозіць з краіны, бо пад выглядам малдаўскіх працягваецца экспарт польскіх яблыкаў. Па-другое, кошты закупу на малдаўскія яблыкі зьнізіліся на 30–40%.

«Страты ад схемы падробкі сэртыфікатаў вялікія, — кажа вытворца й экспартэр Алена Мандатый. — Я спадзяюся, усе вінаватыя будуць пакараныя».

Беларусь ужо ня першы раз абвінавачваюць у рээкспарце. Напрыклад, у 2011–2013 гадах доля Польшчы ў імпарце яблыкаў у Беларусь складала каля 90%. У 2014 годзе доля Польшчы панізілася да 70%, а ў 2015 — да 30%. Гэта пры тым, што толькі афіцыйна ў 2015 годзе польскія фэрмэры на 98% павялічылі экспарт у Беларусь.

У той жа час у разы вырас імпарт яблыкаў у Беларусь з Малдовы, ПАР, Македоніі, Бразыліі й Марока. Усё гэта — згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Чым абумоўлены такі яблычны бум? Па словах Аляксея Аляксеенкі, часьцей за ўсё рээкспартная прадукцыя з падробленымі дакумэнтамі трапляе ў Расею менавіта зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG