Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейн лічыць, што ў Сырыі і Ўкраіне Пуцін выкарыстоўвае падобную тактыку


Пуцінская Расея ўяўляе сабой «доўгатэрміновую пагрозу існаваньню ЗША», яна імкнецца да аднаўленьня кантролю над суседнімі краінамі і мэтанакіравана выкарыстоўвае міграцыю ў Сырыі як зброю для падрыву дзейнасьці інстытутаў краін Эўропы.

Такога меркаваньня прытрымліваецца камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе Філіп Брыдлаў, даклад якога абмеркаваў Камітэт Сэнату ЗША па справах узброеных сіл, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Расея спрабуе падпарадкаваць суседнія дзяржавы і навязаць ім сваю волю, імкнецца аднавіць сваю лідзіруючую ролю ў сьвеце і перапісаць правілы паводзін у адпаведнасьці са сваімі памкненьнямі — так ахарактарызаваў Брыдлаў сёньняшнюю палітыку Крамля.

Ён адзначыў, што, падобна таму, як Савецкі саюз дамінаваў над краінамі Варшаўскай дамовы, «Расея прымушае, маніпулюе і дэманструе агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да сваіх бліжэйшых суседзяў, парушаючы сувэрэнітэт і папярэднія пагадненьня, заключаныя Расеяй, і міжнародныя нормы». Нягледзячы на больш чым два дзесяцігодьдзі працы па развіцьці супрацоўніцтва з Расеяй, стала відавочна, што Расея не падзяляе з Захадам разуменне бясьпекі, заявіў Брыдлаў. Больш за тое, Крэмль разглядае ЗША і НАТО як пагрозы ўласнай бясьпекі.

Выкарыстоўваючы дыпляматычныя, эканамічныя, інфармацыйныя і ваенныя мэтады, Расея імкнецца раскалоць адзінства краін Эўропы. Удзельнікі слуханьняў канстатавалі нарастаньне збройнага супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны ў апошнія тыдні.

Паводле дадзеных, агучаных Брыдлавым, за апошнія 24 гадзіны на ўсходзе Ўкраіны зафіксавана 71 ўзброены напад расейскіх сіл; за мінулы тыдзень — 450 нападаў. Са спасылкай на амбасадара ЗША ва Ўкраіне Брыдлаў паведаміў, што некаторыя напады адбываюцца ў месцах, дзе раней не вяліся ваенныя дзеяньні. Стыль нападаў паказвае, што Расея выкарыстоўвае раней забароненыя віды і калібр ўзбраеньняў.

Адначасова, адзначыў Брыдлаў, у Сырыі Расея разам з рэжымам Асада ператварыла міграцыю ў зброю, якая выкарыстоўваецца для падрыву эўрапейскіх інстытутаў.

Камэнтуючы парушэньне Расеяй перамір’я ў Сырыі, старшыня Камітэту па справах узброеных сіл сэнатар Джон Маккейн зьвярнуў увагу на падабенства ў развіцьці падзей на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі:

«Расея вайсковым чынам умацоўвае сваю перавагу, стварае „новыя факты“ на месцах, выкарыстоўвае блякаваньне і дастаўку гуманітарнай дапамогі ў якасьці козыра, дамагаецца пагадненьня, каб зафіксаваць здабытак, а затым выбірае, калі і дзе аднавіць баявыя дзеяньні. Гэта — дыпляматыя на службе ваеннай агрэсіі. І гэта працуе, таму што мы гэта дапускаем».

«Прымаемыя ЗША і НАТО дзеяньні ў дачыненьні да агрэсіўнай Расеі неадэкватныя» той пагрозе, якую Расея ўяўляе для міжнароднага міру і бясьпекі, — падкрэсьліў Маккейн, зьвярнуўшы ўвагу на тое, што праз два гады пасля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны і анэксіі Крыма, ЗША не падалі Кіеву лятальнай ваеннай дапамогі для самаабароны, нягледзячы на тое, што Кангрэс на гэта пагадзіўся.

Па словах Маккейна, Пуцін разглядае ядзерную зброю як неад’емную частку стратэгіі па аднаўленьню расейскага дамінаваньня ў краінах былога Савецкага саюза.

«ЗША і НАТО павінны быць гатовыя стрымліваць і, у выпадку неабходнасьці, нанесьці паразу расейскай агрэсіі, будзь яна ў ядзернай, звычайнай або гібрыднай вобласьці», — заявіў Маккейн. Пры гэтым ён адзначыў, што ў сфэры інфармацыйных апэрацый і кібэрвайны ЗША адстаюць ад Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG