Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі на гарадзенскіх рынках: «Некаторыя гуляюць у «расейскую рулетку...»


 На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

Ад 1 сакавіка на гарадзенскіх рынках паболела прадпрымальнікаў, якія пачалі працаваць і спынілі страйк за адмену ўказу № 222. Аднак большасьць гандлёвых шэрагаў усё ж пустуе.

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны» гандляры пачалі займаць працоўныя месцы, хаця пустых па-ранейшаму застаецца болей. Цікаўлюся: як працуецца, ці здолелі зрабіць усе неабходныя паперы? Але настрою ў гандляроў няма. Жанчына, якая гандлюе выключна беларускім таварам, кажа, што хоць гандляроў і дадалося, але пакупнікоў ад гэтага болей ня стала.

— У выходныя было трошкі болей прадпрымальнікаў. Але і так заўважна, што пачалі падцягвацца. Бо за арэнду месца і падаткі заплацілі наперад, цяпер трэба неяк адрабляць. Але як адрабляць, калі пакупнікоў зусім няма на рынку.

Пра тое, як удалося зрабіць усе неабходныя паперы на гандаль, ніхто казаць асабліва ня хоча. Жанчына, якая гандлюе дзіцячым абуткам, кажа, што тавар завезьлі з расейскай фірмы і там атрымалі сэртыфікат.

— Але зноў жа маем праблемы ў тым, што бедны асартымэнт, бо бяром тавар толькі на адной фабрыцы з-за сэртыфікатаў. Пакупнікі незадаволеныя. Я вось выйшла ў суботу, папрацавала два дні і ніводнай пары яшчэ не прадала — няма пакупнікоў. У людзей няма грошай — вось самая вялікая праблема.

Яе суседка, якая гандлюе парфумай, дадае:

— Вось нядаўна мінула 23 лютага, то амаль ніхто нічога не купіў на прэзэнты. Раней на сьвята дык не маглі тут праціснуцца людзі. Баюся, што і на 8 сакавіка тое самае будзе.

Спадар, які гандлюе джынсамі, далучаецца да нашае размовы і кажа, што большасьць тых, хто выйшаў цяпер на рынак, ня маюць неабходных дакумэнтаў. Яны працуюць на свой страх і рызыку, спадзеючыся, што пакуль ня будзе праверак.

— Ведаю, што неабходныя сэртыфікаты ёсьць толькі ў адзінак, а астатнія спадзяюцца з гэтымі ліпавымі паперкамі стаяць. Карацей многія вырашылі пагуляць у «расейскую рулетку», бо і так грошай няма, і калі прыйдуць — усё адбяруць, то іх і ня будзе.

На рынку «Паўднёвы» таксама пераважна толькі самі гандляры. Іх гэтымі днямі трохі паболела, вось толькі не стае пакупнікоў. Адна спадарыня паказвае свой тавар, кажа, што набыта ўсё ў беларускіх вытворцаў.

На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»

На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»

— Толькі вось праблема ня толькі ў тым, што няма пакупнікоў, а падатковая калі прыходзіць з праверкай і хоць якую дробную памылачку знойдзе ў дакумэнтах, то выпісвае штраф. Вось паглядзіце — бірка на швэдры — тут розныя запісы, а кантралёрка можа сказаць, што нечага не хапае, і тавар адразу канфіскоўваюць. Так было з нашай суседкай — яна цяпер не працуе. Мы вось гэтага вельмі баімся і ня ведаем, што ўжо рабіць.

Спадар гандлюе абуткам і кажа, што нават няма пра што казаць, паколькі бізнэс закрываецца.

— Я са сьнежня прадаў толькі 8 параў абутку і тое адразу гуртам. І на гэтым — усё. Бізнэс зачыняецца, няма пакупнікоў, і ніякія сэртыфікаты не ўратуюць... І на мітынгі ніхто не выходзіць, нікому гэта не патрэбна. Ну а калі нікому не патрэбна, то і нічога ня будзе.

На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»

На гарадзенскім рынку «Паўднёвы»

А вось яшчэ адна спадарыня, якая гандлюе жаночым адзеньнем, перакананая, што іх бізнэс папросту нехта адабраў.

— Нам цяпер спрабуюць прадаваць той самы тавар, які мы вазілі з Масквы, нейкія пасярэдніцкія фірмы, і там ужо ёсьць сэртыфікаты. Праўда, кошт тавару, як найменей узрастае ў два разы, і яго ніхто цяпер у нас купіць ня можа. А адкуль гэтыя пасярэдніцкія фірмы і навошта яны патрэбныя? Мы самі маглі зьезьдзіць у Маскву, усё што трэба закупіць, і гэта абыходзілася таньней: было добра і нам, і пакупнікам... Яе суседка па гандлёвым месцы дадае:

— Я працую на рынку 20 гадоў, але такога яшчэ ня памятаю, каб так рынкі пуставалі. Ужо сакавік месяц і самы гандаль павінен пачынацца, а тут нікога няма... Мне здаецца, што сканчаецца наша праца, а куды ісьці да пэнсіі працаваць — невядома. Я 20 год плаціла падаткі, а цяпер папросту нікому не патрэбная...

XS
SM
MD
LG