Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША рассакрэцілі дакумэнты Аль-Каіды, у тым ліку «тастамэнт» бін Ладэна


Антыамэрыканская дэманстрацыя ў Пакістане ў 2012 годзе з партрэтамі Усамы бін Ладэна.
Антыамэрыканская дэманстрацыя ў Пакістане ў 2012 годзе з партрэтамі Усамы бін Ладэна.

Амэрыканская выведка рассакрэціла 113 дакумэнтаў, захопленых падчас апэрацыі па забойстве заснавальніка «Аль-Каіды» Усамы бін Ладэна ў 2011 годзе.

Паводле агенцтва Reuters, дакумэнты ў асноўным датуюцца пэрыядам з 2009 па 2011 год і паказваюць, што лідэры Аль-Каіды былі моцна занепакоеныя магчымай прысутнасьцю шпіёнаў у іх асяродзьдзі, а таксама сачэньнем з боку ЗША з дапамогай бесьпілётных лятальных апаратаў у паветры і сакрэтных прыладаў.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заяўляў, што ўдары бесьпілётнікаў і іншыя апэрацыі па барацьбе з тэрарызмам зьнясілелі першапачатковае кіраўніцтва Аль-Каіды, кульмінацыяй чаго стала забойства бін Ладэна ў Пакістане амэрыканскім спэцназам 2 траўня 2011 году. Аднак ў наступныя гады Аль-Каіда захавала ўстойлівасьць на тэрыторыі ад Аўганістану да Паўночнай Афрыкі, а яе ідэалягічны канкурэнт «Ісламская дзяржава», вырасла і пашыраецца.

У адным дакумэнце бін Ладэн дае загад чальцам Аль-Каіды, якія трымаюць закладніка, што да выкупу можа быць прымацаваная прылада сачэньня.

Важна пазбавіцца ад валізкі, у якой даставяць сродкі.

«Важна пазбавіцца ад валізкі, у якой даставяць сродкі, у сувязі з магчымасьцю, што ў ёй можа быць чып сачэньня,» напісаў бін Ладэн у лісьце да памочніка, да якога зьвяртаецца як да «шэйха Махмуда».

Хоць дакумэнт не датаваны, закладнік, аўганскі дыплямат Абдул Халік Фарах, быў у палоне зь верасьня 2008 году да канца 2010 году.

Відавочна маючы на ўвазе бесьпілётныя лятальныя апараты ЗША, якія патрулююць неба, бін Ладэн таксама піша, што ўдзельнікі перамоваў не павінны пакідаць свой дом, арандаваны ў пакістанскім горадзе Пешавар «акрамя як у вельмі хмарны дзень».

У іншым, фрагмэнтарным дакумэнце прызнаецца, што Аль-Каіда забіла чатырох патэнцыйных ўдзельнікаў па падазрэньні ў шпіянажы, хоць потым высьветлілася, што яны, верагодна, былі не вінаватыя.

Мы ўдзельнічаем у выведнай бітве, а людзі ёсьць людзі, і ўсе не без памылак.

«Я не кажу пра гэта, каб апраўдаць тое, што здарылася», піша неўстаноўлены аўтар недатаванага ліста, дадаўшы, «мы ўдзельнічаем у выведнай бітве, а людзі ёсьць людзі, і ўсе не без памылак».

Сярод дакумэнтаў быў знойдзены і ліст, які можна расцаніць як тастамэнт Бін Ладэна.

У лісьце тэрарыст ацэньваў сваю ўласнасьць на $29 мільёнаў. Па адным адсотку ад гэтай сумы ён завяшчаў двум сваім набліжаным асобам — баявіку «Аль-Каіды» Мафузу аль-Валіду і бізнэсоўцу Абу Ібрагіму Сааду, а астатняе — сваім сваякам.

«Я спадзяюся, што мае браты і сёстры выканаюць маю волю і выдаткуюць ўсе грошы на джыхад, у славу Алаха», — напісаў тэрарыст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG