Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Міхаілу Гарбачову спаўняецца 85 гадоў. Прапануем урывак з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» пра сустрэчу зь першым і апошнім прэзыдэнтам СССР.

Гарбачоў прыляцеў у Менск 26 лютага 1991 году і вярнуўся ў Маскву праз тры дні, 28-га — акурат да свайго 60-годзьдзя.

Гэты знакавы юбілей Гарбачоў мог адзначаць у апагеі ўсясьветнай папулярнасьці, якой да яго ня меў ніводзін крамлёўскі лідэр. Ініцыятар раззбраеньня, магільшчык «халоднай вайны», разбуральнік іміджу СССР як «імпэрыі зла» і пачынальнік мадэрнізацыі гэтай самай імпэрыі (што задумвалася яна касмэтычнай — Захад не асабліва турбавала). Высокая ацэнка Гарбачова ўсясьветнымі лідэрамі, трыюмфальныя візыты ў эўрапейскія сталіцы, тысячы людзей з партрэтамі і плякатамі, воклічамі «Gorby!», «чалавек году», а затым і «чалавек дзесяцігодзьдзя» паводле вэрсіі часопісу «Time». Нарэшце, за тры месяцы да прыезду ў Менск — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру — «на знак прызнаньня ягонай вядучай ролі ў мірным працэсе, які сёньня характарызуе важны складнік жыцьця міжнароднай супольнасьці».

І — мінімальны рэйтынг у самім СССР, які, напэўна, таксама ня меў ніводзін з генсекаў (магчыма, нават Чарненка, папярэднік Гарбачова).

Імпэрыя імкліва развальвалася, і кансэрватыўнае, антыдэмакратычнае атачэньне Гарбачова патрабавала ад яго ўсё больш жорсткага здушэньня нацыянальных рухаў. Гарбачоў пачынае саступаць. У канцы 1990 году яго пакінулі тыя, з кім ён пачынаў перабудову — Якаўлеў, Шэварднадзэ, Петракоў, Бакацін... 13 студзеня пралілася кроў у Вільні, праз тыдзень — у Рызе. У канцы студзеня міністры абароны і ўнутраных спраў выдалі загад аб патруляваньні вуліц узброенымі вайскоўцамі. 25 студзеня Гарбачоў абвясьціў (пакуль у вузкім коле) пра стварэньне Рады бясьпекі (зь дзевяці вызначаных кандыдатур шасьцёра ў жніўні ўтвораць «ГКЧП»). 19 лютага расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын у прамым эфіры абвінавачвае Гарбачова ў кровапраліцьці, у міжнацыянальных канфліктах і патрабуе ягонай адстаўкі.

Вось у такой сытуацыі Гарбачоў прылятае ў Менск. Прылятае нечакана нават для старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея і ягонага першага намесьніка Станіслава Шушкевіча.

Пра гэты візыт на пачатку сакавіка 1990-га газэта «Витебский курьер » надрукавала мой артыкул, які перадае атмасфэру таго часу. Праўда, некаторыя дэталі сёньняшнім маладым ня надта зразумелыя (напрыклад, чаму аўтар канцэнтруе ўвагу на добрай вопратцы ахоўнікаў Гарбачова; аднак у дні татальнага дэфіцыту, калі па мыла і лямпачкі былі стомэтровыя чэргі, гэта было натуральным).

«Пра тое, што Гарбачоў едзе ў Беларусь, я даведаўся ад маскоўскіх журналістаў у суботу, 23-га. Раніцай у панядзелак зайшоў да С.Шушкевіча, але той ведаў не нашмат болей.

— Званілі знаёмыя з Акадэміі навук — ён як быццам павінен у іх выступаць. А Вы паспрабуйце распытаць Дземянцея — вось хто, хутчэй за ўсё, валодае інфармацыяй...

Заўважу, што да візыту Гарбачова ў нас, членаў Часовай камісіі па ацэнцы дзеяньняў службовых і іншых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, цікавасьць асаблівая: гутарка з чалавекам, які займаў у 1986 годзе найвышэйшую пасаду, магла б высьветліць вельмі і вельмі шмат. Зь ня меншым зацікаўленьнем чакалі прыезду Прэзыдэнта і іншыя дэпутаты: хацелася пачуць зь першых вуснаў больш дакладныя зьвесткі і пра падзел функцыяў паміж цэнтрам і рэспублікамі, і пра падатковую палітыку, і пра тое, хто ўсё ж будзе расплачвацца за тыя шматмільярдныя крэдыты, якія з такой лёгкасьцю бярэ ў заходніх банкіраў Крэмль...»

Камісія, пра якую гаворка, была створаная ў першыя дні дзейнасьці Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня на патрабаваньне дэпутатаў БНФ. Народны Фронт першы пачаў казаць праўду пра Чарнобыль, падтрымліваў навукоўцаў, якія не маглі прабіцца скрозь сьцяну маўчаньня. Для нас было вельмі важна ня толькі выселіць людзей з забруджаных зонаў, спыніць распаўсюд радыеактыўных прадуктаў, але і дазнацца праўду пра тое, хто канкрэтна ў красавіку-траўні 1986-га аддаваў загад схаваць інфармацыю. Мы ў камісіі даволі хутка апыталі былых і дзейных міністраў, кіраўнікоў ведамстваў, навукоўцаў — і зразумелі, што загад ішоў з самага верху, з Крамля. Але — ці ад самога Гарбачова, які для сусьвету быў увасабленьнем «галоснасьці»!?

У жніўні 1990-га на даручэньне камісіі я ўзяўся пісаць ліст Гарбачову. Было зразумела: каб быць прачытаным, тэкст павінен быць кароткім — на дзьве, а лепей — на адну старонку. Зрэшты, па маладосьці я не пазьбегнуў публіцыстычнасьці, ужыўшы фразы зусім ужо інфэрнальнага характару, якія б пасавалі да сцэнару фільмаў жахаў, а не да ліста палітыку — кшталту «высмоктваньня крыві ў немаўлят, што яшчэ не нарадзіліся».

Думаю, Гарбачоў прачытаў толькі тое, што падкрэсьліў у лісьце невядомы мне ягоны рэфэрэнт: «Вярхоўны Савет рэспублікі ўтварыў Часовую камісію па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС... калі і ў які час Вы маглі б прыняць групу народных дэпутатаў БССР — членаў Камісіі, у складзе 3-4 чалавек?»

19 верасьня Гарбачоў падпісаў рэзалюцыю віцэ-прэм’еру СССР Віталю Дагужыеву і старшыні Вярхоўнага Савету БССР Мікалаю Дземянцею: «Прашу выказаць Вашы меркаваньні».

Ня ведаю, якія меркаваньні выказаў Дагужыеў. Да гонару Дземянцея, Мікалай Іванавіч параіў Гарбачову нас прыняць. Але ніякіх сыгналаў з Крамля не было. І вось — Гарбачоў сам прыяжджае ў Менск.

«— Мушу цябе расчараваць: ня будзе ў Міхаіла Сяргеевіча часу, каб Вярхоўны Савет наведаць, — у голасе Мікалая Іванавіча Дземянцея адчувалася засмучэньне. — Праграма і без таго вельмі напружаная...

— Але як жа, — паспрабаваў я запярэчыць, — у міжнароднай практыцы наведаньне кіраўніком дзяржавы парлямэнту лічыцца першапачатковай справай!

Мікалай Іванавіч разьвёў рукамі.

І ўсё ж, параіўшыся раніцай наступнага дня, мы вырашылі дамагацца сустрэчы з Гарбачовым. Адшукалі праграму візыту. Усе гэтыя дні — і пасьля наведаньня атручанай зоны — ён меўся вяртацца ў рэзыдэнцыю „Заслаўе“ ў Менск на вячэру, а затым і адпачынак. Трэба меркаваць, магілёўскія і гомельскія гатэлі высокага госьця не задавальнялі. Затое нас такі расклад задавальняў цалкам: мы згодныя былі ахвяраваць сваім адпачынкам і нават сном дзеля сустрэчы з тым, ад каго ў немалой ступені і цяпер яшчэ залежыць лёс Беларусі. Такі варыянт я і прапанаваў на ранішнім пасяджэньні Вярхоўнага Савету».

Як ні дзіўна, але Вярхоўны Савет маю прапанову запрасіць Гарбачова на сэсію прыняў. І нават былі сабраныя подпісы пад запрашэньнем. Выглядае, што камуністычныя дэпутаты мелі свой інтарэс у сустрэчы з Гарбачовым — яны даўно не любілі яго за распачатыя рэформы і, пэўна, хацелі ўчыніць яму «прачуханку» ад мікрафонаў. Цытую далей публікацыю:

«Старшыня нашай „чарнобыльскай“ камісіі Рыгор Вячэрскі наказаў: ты, маўляў, у нас самы малады і шпаркі, так што кроў з носу — прабіся да Гарбачова і дамоўся пра сустрэчу.

Мы якраз пасьпелі папалуднаваць, калі ў будынак увайшла група моцных франтавата апранутых хлопцаў. Яны спрактыкавана агледзеліся і, разьбіўшыся па два-тры, растварыліся ў калідорах. А пятай гадзіне вечара ўсе хады-выхады Дому ўраду былі заблякаваныя міліцыяй, хадзіць дазвалялася толькі дэпутатам. А пятай з хвілінамі ў залі пасяджэньняў расчыніліся дзьверы цэнтральнага ўваходу, які ўвесь час быў зачынены, пайшоў вялікі скразьняк, і ў дзьвярах зьявіліся спачатку ўсё тыя ж хлопцы ў добрых касьцюмах, а потым — Дземянцей з Гарбачовым.

Выступаў Гарбачоў нядоўга. Заявіўшы, што праграмная прамова прызапашаная для сустрэчы ў Акадэміі навук БССР, ён пакінуў прэзыдыюм і накіраваўся да выхаду, але быў спынены рэплікамі дэпутатаў: „Міхаіл Сяргеевіч, а пытаньні?“ — „Напішыце ў пісьмовай форме. Пасьлязаўтра яшчэ раз прыйду і адкажу“.

Прыгадаўшы старую журналісцкую прымаўку, што ваўка ногі кормяць, мы з рэдактарам „Народнай газеты“ Іосіфам Сярэдзічам выйшлі з залі загадзя — ён пабег да аўтамабіля, а я — да пакоя, у якім звычайна распранаюцца госьці. Разьлік аказаўся дакладным...»

Тут ізноў спыню цытаваньне публікацыі. Стаўшы перад дзьвярыма, я пачаў шукаць Гарбачова — з пакоя чуўся голас Дземянцея, лягічна, што ён быў побач з высокім госьцем. Чалавек, які стаяў да мяне сьпінай і папраўляў шалік, абярнуўся... і аказаўся Гарбачовым. Потым мне патлумачылі, што я рызыкаваў — ахова не павінна была дапусьціць незнаёмага чалавека на такую блізкую адлегласьць і мела поўнае права «дзейнічаць». Але, думаю, уратаваў дэпутацкі значок, дый за апошнія гады ахоўнікі прызвычаіліся да «незаплянаваных» суразмоўцаў свайго «аб’екта».

«Пакуль усе разьбіралі шалікі і паліто, я каротка распавёў Гарбачову пра мэты нашай камісіі. Слухаў ён моўчкі і, як мне падалося, без асаблівай цікавасьці. Але нечакана пагадзіўся: А чаму б і не? Давайце. Я гатовы».

Але тут Дземянцей нагадаў, што сустрэча ў Акадэміі навук вось ужо сорак хвілінаў як мелася пачацца, і ўсе засьпяшаліся на выхад.

На плошчы я зразумеў, што да рэдакцыйнай машыны ўжо не дабегчы. Адразу за ЗіЛамі стаялі чорныя «Волгі» аховы, але, нягледзячы на тое, што сядзелі ў іх па два чалавекі, я атрымліваў ветлівую адмову: «І рады б, ды па інструкцыі забаронена». Выручыў камандуючы акругай (генэрал-палкоўнік Анатоль Кастэнка). Яго я гэтулькі разоў крытыкаваў на сэсіі, што адмова зь ягонага боку азначала б помсту дробную і генэрала зусім ня вартую. Вось так мы зь Сярэдзічам апынуліся ў прэзыдэнцкай «сьвіце».

Картэж рушыў з плошчы з шалёнай хуткасьцю. Было бачна, што рух транспарту па ўсім праспэкце заблякаваны, маршрутныя тралейбусы спыненыя і прыціснутыя да тратуару. Праз пару хвілінаў мы ўжо паднімаліся па лесьвіцы галоўнага корпусу Акадэміі навук. У прыёмнай яе прэзыдэнта (Уладзімера Платонава) выставілі вешалкі, прычым Міхаілу Сяргеевічу прапанавалі «плечыкі». Астатнія павесілі свае паліто па два-тры на адну вешалку.

У канфэрэнц-залі дарагога госьця ўжо зачакаліся. Ня ведаю, паводле якога прынцыпу падбіралі дзеячоў навукі, але з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі я не пабачыў нікога, хто б быў вядомы сваёй незалежнай пазыцыяй. Затое літаратары, уведзеныя на апошнім зьезьдзе КПБ у склад ЦК, прысутнічалі ў поўным складзе.

Павінен сказаць, што рэальнае аблічча Гарбачова не адпавядае таму, якое склала ў нас тэлебачаньне, стварыўшы імідж мужчыны прадстаўнічага і нават грузнага. Ён аказаўся невысокага росту і толькі крыху паўнаватым. У Гарбачове відавочна адчуваліся ўсе ягоныя шэсьцьдзесят гадоў, але пры гэтым ён быў ненатуральна для зімовага часу загарэлым, што ўласьціва жыхарам поўдня«. (У рукапісе артыкулу я параўнаў Гарбачова паводле манеры паводзінаў з папулярным у час майго дзяцінства францускім комікам Люі дэ Фюнэсам, але на старонкі газэты гэтыя радкі не патрапілі).

«З кабінэту прэзыдэнта Акадэміі навук Платонава ўсе пайшлі ў актавую залю. „Усе“ — гэта Гарбачоў, Дземянцей, першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў і другі сакратар Аляксей Камай, першы віцэ-прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч (Кебіч у тыя дні быў у замежжы), мэр Менску Герасіменка, сам Платонаў і яшчэ некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Уся гэтая публіка накіравалася ў прэзыдыюм, дзе, натуральна, месца для мяне не было».

Цяпер думаю: а варта было б сесьці побач зь Міхаілам Сяргеевічам! Ніхто б не сагнаў. А публіка ў залі «запаважала» б БНФ — беларусы шануюць начальства, акадэмікі і «творчая інтэлігенцыя» — не выключэньне).

Але я ня ведаў, што мне выпадзе роля больш прыкметная.

Усе месцы былі занятыя, людзі стаялі нават каля сьценаў, але першы шэраг крэслаў быў пусты (пэўна, «па інструкцыі» пакінулі для аховы). Па цэнтры гэтага першага шэрагу сядзеў толькі намесьнік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў, мой віцебскі зямляк і стары знаёмы.

— Сядай побач! — прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч, і я пагадзіўся. Нашыя крэслы былі насупраць трыбуны, за якія-небудзь тры мэтры.

Хутка генэрал пашкадаваў пра сваю прапанову.

Ужо зь першых хвілінаў сваёй прамовы Гарбачоў пачаў разносіць «дэмакратаў», «нацыяналістаў», якія «тут нам падкідваюць», хочуць «дэстабілізаваць абстаноўку і разваліць Саюз. Не атрымаецца!» Пры гэтым Міхаіл Сяргеевіч наўпрост паказваў на мяне. Вядома ж, ніякай «пэрсаніфікацыі» тут не было, гэта атрымалася абсалютна выпадкова — я сядзеў насупраць, і быў адзіным чалавекам у залі зь бел-чырвона-белым значком (побач з дэпутацкім). Як той казаў, падвярнуўся пад руку.

Тады я ня ведаў, што ідзе прамая тэлевізійная трансьляцыя, і ў момант, калі Гарбачоў прамаўляў свае філіпікі, апэратар некалькі разоў «наяжджаў» камэрай буйным плянам на мой бел-чырвона-белы значок. Трансьляцыя была на ўвесь СССР, і яшчэ доўга радня і проста знаёмыя прыгадвалі мне «прачуханку» ад Гарбачова. А цешча ў Глуску адразу кінулася званіць маёй маці ў Віцебск (хатняга тэлефона ў Менску ў нас яшчэ не было) і пытацца, ці ня могуць мяне арыштаваць.

Вядома, у былыя часы той, на каго абурана паказваў пальцам генсек, выпраўляўся далёка. Звычайна — туды, адкуль не вяртаюцца. Але час быў іншы (у чым у немалой ступені заслуга і самога Гарбачова).

Платонаў побач са мной сядзеў чырвоны. Дземянцей у прэзыдыюме сьмяяўся і падміргваў, Камай весяліўся і нешта шаптаў суседу, паказваючы на мяне пальцам. Самым задаволеным выглядаў Малафееў — ня першы год ЦК КПБ папярэджваў Крэмль пра небясьпеку «дэмакратаў», і вось, нарэшце, голас пачуты.

«Падзякаваўшы М. Гарбачову, я, зьвяртаючыся да залі, сказаў, што пасьля гэтай сустрэчы Міхаіл Сяргеевіч зразумеў, як трэба весьці перабудову, каб яна была на карысьць народу, а не служыла нажывай для розных прайдзісьветаў,» — прыгадваў потым Дземянцей у сваіх мэмуарах.

І яшчэ некалькі абзацаў з публікацыі ў віцебскай газэце.

«Выступ Гарбачова, як потым выявілася, трансьляваўся ў прамым эфіры і быў сапраўды „праграмным“. Падазраю, што гісторыкі будуць спасылацца на яго ўсялякі раз, калі размова зойдзе пра адмову савецкага кіраўніцтва ад радыкальных дэмакратычных рэформаў. Ад сябе дадам, што ў сэнсе геаграфічным Міхаіл Сяргеевіч патрапіў, што называецца, у „дзясятку“: Ні ў Вільні, ні ў Кіеве падобныя прамовы не сустрэлі б такога піетэту...

Пасьля сустрэчы я ізноў падышоў да Гарбачова. „Пачакай, — спыніў ён на паўслове. — Дай нам спачатку разабрацца з канцэпцыяй, высьветліць сытуацыю“. „У Міхаіла Сяргеевіча ў Беларусі — усё па хвілінах, мы вам дапаможам правесьці сустрэчу ў Маскве“, — дадаў Дземянцей. „Так, вядома, — пацьвердзіў Гарбачоў. — Ад сустрэчы з дэпутатамі я не адмаўляюся, можаце перадаць сваім калегам“.

Што я і зрабіў адразу ж. Але дарэмна дэпутаты рыхтавалі свае пытаньні — прэзыдэнт у іх, відавочна, не асабліва меў патрэбу. Зрэшты, як і ў прапановах. І сустракаючыся з гамяльчанамі і магілёўцамі, ён заахвочваў узьвядзеньне пасёлкаў у сумнеўных зонах (замест таго, каб будаваць іх на чыстай Віцебшчыне), лаяў маладых лекараў, якія, забыўшыся на клятву Гіпакрата,

дэзэрціравалі з зоны (хто ведае, ці не зьбяруць цяпер з выпускнікоў брыгаду ў тыя мясьціны, адкуль яшчэ пяць гадоў таму варта было б высяляць людзей)...

28 лютага пяць авіялайнэраў з узьлётнай паласы пад Быхавым узьняліся ў неба. Чатыры зь іх узялі на борт лімузіны, ахоўнікаў, сыстэму сувязі, а адзін — Прэзыдэнта СССР. Альбо, можа быць, генэральнага сакратара?»

Такім чынам, Гарбачоў не прыйшоў яшчэ раз (хоць і абяцаў) да беларускіх дэпутатаў. У канцы 1991 году кожны з дэпутатаў Вярхоўных Саветаў былых саюзных рэспублік атрымае ад Гарбачова ліст зь ягонымі меркаваньнямі наконт новага варыянту «саюзу» — але яны ўжо нікога не зацікавяць.

Увосень 1996-га ў Нью-Ёрку ў мяне зьявілася магчымасьць выказаць Гарбачову думку, што замест таго, каб перадаверыцца пракамуністычнаму кіраўніцтву Беларусі і іншых рэспублік, яму варта было наладзіць наўпроставы кантакт зь лідэрамі народных дэмакратычных рухаў, у Беларусі — з Пазьняком, ва Ўкраіне — з Чарнавілам... Зрэшты, гэта ўжо б мала што зьмяніла ў лёсе імпэрыі — хіба што зрабіла б яе распад больш цывілізаваным. У тыя дні Гарбачоў прэзэнтаваў у ЗША кнігу сваіх мэмуараў, чарга па яе ў кнігарні «Barnes & Noble» на Пятай авэню абгінала квартал.

...Калі ацэньваць палітыка паводле прынцыпу «што ён зрабіў» — дык відавочна, што Гарбачоў, жадаючы таго ці не жадаючы, даў першыя глыткі свабоды, і грамадзтва пачало дыхаць (праўда, усё часьцей не ва ўнісон з генсекам). Калі ж прызнаць, што і невыкарыстаньне магчымасьцяў павінна быць крытэрыем ацэнкі палітыка — дык, бясспрэчна, у 1991 годзе Гарбачоў мог, пры жаданьні, пагадзіцца на прапановы ўжыць усе сілавыя сродкі для ўтрыманьня рэспублік у імпэрыі, і колькасьць ахвяраў была б шматкроць большая, чым на плошчы Цяньаньмэнь альбо ў Югаславіі.

Мог, але не пагадзіўся на гэта.

І за тыя — самыя першыя — глыткі свабоды я падзякаваў Міхаілу Сяргеевічу ў сьнежні 2012-га падчас асабістай сустрэчы ў Маскве.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG