Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму апазыцыянэры ідуць на выбары, хоць адначасова заяўляюць, што правілы гульні не будуць зьмененыя?

Тры пытаньні да трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Глод: Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што яго партыя плянуе вылучыць больш за 50 кандыдатаў на сёлетніх выбарах у палату прадстаўнікоў. Адначасова на сустрэчы з патэнцыйнымі кандыдатамі партыйны лідэр сказаў, што на дэпутацкія мандаты ў БНФ не разьлічваюць.

У прыватнасьці, Аляксей Янукевіч заявіў, што нягледзячы на наладжваньне стасункаў Лукашэнкі з Захадам, умовы правядзеньня выбарчай кампаніі застануцца нязьменнымі. Выніковы склад парлямэнту будзе сфармаваны адміністратыўным чынам, незалежна ад вынікаў галасаваньня. Ён назваў спэкуляцыямі спадзяваньні асобных палітыкаў на тое, што «кагосьці з апазыцыі ў „палатку“ прапусьцяць, каб спадабацца Захаду»:

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

«Улады ні ў якім разе не дапусьцяць у парлямэнт палітычную апазыцыю, якая будзе альтэрнатывай сёньняшняму аўтарытарнаму рэжыму. Можна чакаць, што ў палаце прадстаўнікоў з ласкі ўладаў можа апынуцца хтосьці з адэкватных эканамістаў са здаровымі думкамі наконт рэфармаваньня народнай гаспадаркі, але туды ўлады дакладна не прапусьцяць тых, хто будзе казаць пра палітыку».

Пазыцыя Янукевіча не выключэньне. Я ведаю, напрыклад, што правацэнтрысцкая кааліцыя (гэта — Аб’яднаная грамадзянская партыя, незарэгістраваная партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду») ужо складае адзіны сьпіс сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах. Пра свой удзел у выбарах таксама заявілі партыя «Справядлівы сьвет» і сацыял-дэмакраты Ірыны Вештард, грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Як мне падаецца, байкатаваць сёлетнюю выбарчую кампанію, мабыць, будуць толькі КХП БНФ Зянона Пазьняка і сацыял-дэмакраты з БСДП «Грамада» Станіслава Шушкевіча.

Дык вось амаль усе патэнцыйныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі зь лягеру апазыцыі кажуць, што мы падчас гэтай выбарчай кампаніі (я тут хачу зьвярнуць увагу на тое, што яны прынцыпова не ўжываюць слова «выбары», а выключна карыстаюцца словамі «выбарчая кампанія») ня будзем гуляць па правілах Ярмошынай, а будзем весьці сваю ўласную гульню. Але ці магчыма гэта, калі ўлады бескантрольна праводзяць падлік галасоў і могуць аб’явіць любы, які ім захочацца, вынік так званых выбараў?

20 гадоў апазыцыя кажа пра тое, што трэба зьмяніць правілы гульні. І за гэты час нічога не зьмянілася. І, я думаю, што і сёлета заканадаўства прынцыпова ня зьменіцца, хоць і ўпершыню пры Цэнтарвыбаркаме створаная экспэртная камісія, якая аналізуе заўвагі і прапановы БДІПЧ АБСЭ.

Таму, адзінае, як мне падаецца, чым можна апраўдаць удзел у выбарчай кампаніі апазыцыі, гэта сёлетняя сытуацыя ў краіне, эканамічны і фінансавы крызыс. У такіх умовах грамадзтва шукае альтэрнатыву. І апазыцыя можа паспрабаваць прэзэнтаваць сябе людзям, як рэальная альтэрнатыва гэтаму рэжыму.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Галоўная прычына — адсутнасьць уцямнай альтэрнатывы ўдзелу ў выбарах. Досьвед байкоту ў Беларусі паказаў, што ён не працуе. Нават калі ў 2012 годзе апазыцыі здавалася, што байкот спрацаваў — і які вынік палітычны быў байкоту, нават калі ён спраўдзіўся? Ды ніякі. Усё расьсеялася як дым.

Партыя, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, зыходзяць з некалькіх момантаў. Сцэнар байкоту быў у значнай ступені разлічаны на Захад — маўляў, мы пакажам, што выбары нелегітымныя, і Захад штосьці зробіць, новыя санкцыі ўвядзе ці нешта іншае. Мы бачым, што Захад робіць. Прэзыдэнцкія выбары 2015 году Захад прызнаў недэмакратычнымі. Пасьля гэтага спачатку прыпыніў, а потым і наагул скасаваў санкцыі.
І нават выбары ў кастрычніку 2016 году Захад таксама прызнае недэмакратычнымі, санкцыі ён ізноў не ўвядзе. Такім чынам зьнешні адрасат зараз зьнікае. З іншага боку, ва ўсім сьвеце — у Гане, ў Беларусі, ў Нікарагуа, паўсюль, дзе галасы лічаць і дзе ня лічаць, выбары — гэта сродак палітычнай барацьбы. Нават калі яны не выбары, нават калі перамагчы на іх нельга. Гэта спосаб камунікацыі з народам, і ў нашых умовах амаль што адзіны.

Вось год таму хто ведаў Тацьцяну Караткевіч? Цяпер яны вядомая многім, паводле незалежных апытаньняў за яе прагаласавала 20% выбаршчыкаў. Удзел у выбарах — гэта спосаб «нарасьціць цягліцы», стаць вядомым і папулярным. На шкале палітыкаў існуюць і іншыя месцы, акрамя «ніхто» і «прэзыдэнт».

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Выглядае так, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў большасьць палітычных партый пачалі распрацоўваць сваю стратэгію на далейшую дзейнасьць, якая прадугледжвае ўдзел у парлямэнцкай кампаніі. Але палітыкі называюць гэта не выбарамі, а кампаніяй, то бок ніякіх ілюзій у большасьці з іх няма. Але калі зьвярнуцца да базавых паняцьцяў, выбары — галоўная форма ўдзелу ў палітыцы. Апазыцыйныя палітыкі праводзяць розьніцу паміж прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарамі. Так, у прэзыдэнцкіх некаторыя сілы не ўдзельнічалі, у частцы з іх адбыўся раскол, а ў парлямэнцкай кампаніі, на думку некаторых апазыцыйных палітыкаў, стаўкі не такія высокія, таму гэта тая кампанія, у якой можна праверыць дзеяздольнасьць сваіх палітычных сілаў і проста патрэніравацца.

Як кажуць некаторыя, калі мы будзем увесь час ігнараваць выбары, то потым наступяць сапраўдныя, на якіх будуць лічыць галасы, і акажацца, што мы нічога не ўмеем. Некаторыя заяўляюць пра свой асаблівы фармат удзелу. Напрыклад, АГП магчыма на нейкім этапе парлямэнцкай кампаніі здыме кандыдатаў — калі яны зарэгіструюцца і выкажуць усё, што хацелі. Гэта датычыцца тэзы «не гуляць па правілах улады». Ці будуць зьмены ў выбарчым заканадаўстве? Магчыма, і будуць. Зразумела, ніхто не спадзяецца, што сапраўды будуць лічыць галасы.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG