Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 сакавіка: 85 год Гарбачову, джазавая сустрэча вясны, дзень памяці Рыгора Барадуліна


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Падзеі

17-я асамблея дзелавых колаў Беларусі «Выклік крызысу» пройдзе канфэрэнц-залі Нацыянальнай бібліятэкі, пачатак а 12-й гадзіне.

У сталічным клюбе «Графіці» — сустрэча вясны ў стылі джаз. Канцэрт гурту «Apple tea» (Яблычны чай), пер. Калініна, 16, пачатак а 19-й гадзіне.

У Віцебску тэмай чарговых заняткаў курсаў «Мова нанова» будзе Марк Шагал. Госьць Аляксандар Лісаў. Адрас: вул. Леніна, 53, пачатак а 18:30.

У гісторыі

1942 — нацысты расстралялі ў менскім гета больш як 1500 старых, жанчын і дзяцей.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Польшчай.

1994 — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прагаласаваў за прэзыдэнцкую форму кіраваньня краінай. Парлямэнцкая апазыцыя БНФ байкатавала галасаваньне, заявіўшы, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва прывядзе да дыктатуры.

1996 — Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі.

2001 — заснаваны фонд памяці вядомага беларускага гісторыка, пісьменьніка Міколы Ермаловіча.

У памяці

1562 — нарадзіўся беларускі вайскаводзец Крыштаф Мікалай Дарагастайскі.

1608 — памёр Канстанцін Астроскі, выдатны гетман ВКЛ, пераможца расейскай арміі ў бітве пад Воршай 1514 году.

1859 — нарадзіўся Шалом-Алейхем, габрэйскі пісьменьнік.

1879 — нарадзіўся беларускі нэўрапатоляг Міхал Кроль.

1896 — нарадзіўся Станіслаў Глякоўскі, каталіцкі духоўнік, грамадзка-культурны дзяяч, выдавец, публіцыст.

1905 — нарадзіўся беларускі фізык Ільля Некрашэвіч, адзін з заснавальнікаў навуковай тэорыі фізыкі плазмы.

1918 — нарадзіўся Алесь Бачыла, беларускі паэт.

1926 — нарадзіўся Валеры Жыскар Д’Эстэн, прэзыдэнт Францыі.

1939 — памёр Оскар Мілаш, францускі паэт беларускага паходжаньня, дзядзька і настаўнік ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1980 году Чэслава Мілаша.

1931 — нарадзіўся Міхаіл Гарбачоў, генэральны сакратар ЦК КПСС, прэзыдэнт СССР, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

2014 — памёр народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Цытата

Усё жыцьцё чакаць сябе такога,

Якога некалі прыдумаў сам.

Сваю журбу пазычыўшы лясам,

Ня бачыць, як сьпяшаецца дарога.

Усё жыцьцё гукаць сябе былога,

Які аднойчы ўжо адчуў свой страх,

Ды, спанталычыўшыся на вятрах,

Пайшоў туды, дзе грэлася зьнямога.

Усё жыцьцё шукаць сябе самога,

Які згубіўся недзе ў небыцьці.

І ўцяміўшы, чаму маўчыць аблога,

За небакрай,

Як сам туман, ісьці...

Рыгор Барадулін, верш «Усё жыцьцё» са зборніку «Ксты», які быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG