Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд актору Бародзічу за марыхуану агучаць заўтра


Актор Купалаўскага тэатру Арцём Бародзіч выступіў з апошнім словам у Кастрычніцкім судзе Менску.

Арцём Бародзіч у прыватнасьці зазначыў: «Прашу ўлічыць, што я ёсьць паўнавартаснай ячэйкай грамадзтва і магу прынесьці больш карысьці. Прашу суд даць мне шанец выхаваць маё будучае дзіця. У зьняволеньні я зразумеў, што няма нічога лепшага за сям’ю і працу. Я асэнсаваў сваю вялікую памылку».

Прысуд агучаць заўтра, 2 сакавіка, а 11-ай гадзіне.

Пракурор Аляксандар Талстагузаў у спрэчках заявіў, што віна падсуднага ў распаўсюдзе марыхуаны была даказаная, і запатрабававаў для яго пакараньне ў выглядзе 6 гадоў зьняволеньня без канфіскацыі маёмасьці ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адвакат падсуднага Кацярына Дземідавец просіць апраўдаць Бародзіча. Яна лічыць сабраныя доказы нявартымі ўвагі суду, бо яны былі сабраныя з парушэньнямі, паколькі ператрус у Бародзіча праводзілі без адпаведных паўнамоцтваў.

Адносна абароту наркотыкаў адвакат лічыць віну Бародзіча недаказанай.

Арцёма Бародзіча абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе наркатычных рэчываў. Актор у судзе прызнаў сваю віну толькі часткова: ён прызнаў, што ўжываў наркотыкі, але абаротам і збытам наркотыкаў не займаўся.

Арцёму Бародзічу 34 гады, у Беларускім нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ён працуе з 2009 году. Грае ў спэктаклях «Пінская шляхта», «Паўлінка», «Людзі на балоце» ды іншых. Да пераезду ў Менск зь Віцебску працаваў акторам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

XS
SM
MD
LG