Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША рыхтуюцца да «супэраўторка»: праймэрыз пройдуць у 11 штатах


Зьлева направа: Марка Рубіё, Бэрні Сандэрс, Дональд Трамп, Гілары Клінтан, Тэд Круз - прэтэндэнты на намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ЗША
Зьлева направа: Марка Рубіё, Бэрні Сандэрс, Дональд Трамп, Гілары Клінтан, Тэд Круз - прэтэндэнты на намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ЗША

Паводле дадзеных новага апытаньня выбаршчыкаў, праведзенага напярэдадні «супэраўторка», сярод рэспубліканцаў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за Белы дом, лідзіруе будаўнічы магнат Дональд Трамп. Сярод дэмакратаў экс-дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан працягвае павялічваць адрыў ад свайго суперніка Бэрні Сандэрса.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Апытаньне, праведзенае тэлеканалам CNN і Цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі (ORC), паказала, што Трампа падтрымліваюць 49 адсоткаў выбаршчыкаў-рэспубліканцаў: ён карыстаецца большай папулярнасьцю, чым астатнія чатыры кандыдаты, разам узятыя. Бліжэйшы супернік Трампа — сэнатар ад штату Флёрыда Марка Рубіё — набраў 16 адсоткаў, сэнатар ад Тэхаса Тэд Круз — 15.

Дасьледаваньне CNN / ORC таксама паказала, што Гілары Клінтан павялічвае свой адрыў ад сэнатара ад штата Вэрмонт Бэрні Сандэрса: Клінтан падтрымліваюць 55 адсоткаў выбаршчыкаў-дэмакратаў, а Сандэрса — 38.

Кандыдаты робяць апошнія агітацыйныя намаганьні перад тым, як у 11 штатах пройдзе галасаваньне, у выніку якога вызначыцца, хто атрымае намінацыі ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. Рэспубліканцы засяродзілі ўвагу на паўднёвых штатах, на якія прыходзіцца дзьве траціны выбарцаў, якія будуць дэлегаваныя ў рамках так званага «супэраўторка» — Дональд Трамп лідзіруе ў 10-ці штатах за выключэньнем Тэхаса, дзе лідзіруе Круз. Штаб Клінтан разьлічвае на перамогу ў большасьці штатаў «супэраўторка».

Многія з буйных партыйных лідэраў-рэспубліканцаў выступілі ў падтрымку Рубіё, адмовіўшыся разглядаць Трампа ў якасьці сур’ёзнага кандыдата, здольнага атрымаць перамогу над Клінтан на лістападаўскіх выбарах. Рэспубліканская партыя занепакоеная пэрспэктывай страты большасьці ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў. «Запомніце: сябры не дазваляюць сябрам галасаваць за махляроў», — заявіў Рубіё на нядаўняй сустрэчы з выбаршчыкамі, перафразуючы папулярны ў ЗША выраз «сябры не дазваляюць сябрам сядаць у нецьвярозым стане за стырно».

Штаб Марка Рубіё не разьлічвае на перамогу ні ў адным з штатаў, якія бяруць удзел у галасаваньні «супэраўторка». Рубіё спадзяецца на іншае — атрымаць перамогу ў барацьбе за галасы дэлегатаў-удзельнікаў канвэнцыі Рэспубліканскай партыі. Канвэнцыя адбудзецца ў ліпені, і яе дэлегаты будуць абраныя на прапарцыйнай аснове ад кожнага штата.

Мэта Рубіё — атрымаць сваю першую поўную перамогу ў барацьбе за намінацыю 15 сакавіка ў сваім родным штаце — Флёрыдзе.

Па словах сэнатара Тэда Круза, «паравоз Трампа» ня ўдасца спыніць, калі будаўнічы магнат атрымае перамогу на галасаваньні, якое адбудзецца ў «супэраўторак». Круз неаднаразова заяўляў, што зьяўляецца адзіным кандыдатам, здольным атрымаць перамогу над Трампам, — яшчэ зь першых кокусаў у Аёве, аднак Трамп перамог на ўсіх трох наступных праймэрыз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG