Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі Гайд-Парк: мітынгі на Кастрычніцкай і на плошчы Незалежнасьці


Пратэст прадпрымальнікаў 28 лютага.

Пратэст прадпрымальнікаў 28 лютага.

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Пра што сьведчыць нядзельны мітынг на Кастрычніцкай плошчы і на плошчы Незалежнасьці?

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: У нядзелю ў Менску прайшлі мітынг і шэсьце прадпрымальнікаў і грамадзкіх актывістаў. Дзьве мінулыя акцыі ладзіліся ў панядзелак, 15-га і 22-га, гэтым разам арганізатары склікалі людзей ў выходны, спадзеючыся, што мітынг будзе больш шматлюдным. Разьлік спраўдзіўся часткова — удзельнікаў, паводле некаторых ацэнак, было больш, чым у мінулы панядзелак, але менш, чым 15 лютага.

Падчас учорашняй акцыі, у адрозьненьні ад папярэдняй, улады не спрабавалі нават мякка супрацьдзейнічаць маніфэстантам — не было ані сьнегаўборачных машынаў, ані камунальнікаў — «аранжавых чалавечкаў». Не было супрацьдзеяньня і тады, калі на заклік Аляксандра Макаева ўдзельнікі акцыі зладзілі шэсьце на плошчу Незалежнасьці. Можна прыгадаць, што ў найноўшай гісторыі маніфэстантаў пускалі на плошчу Незалежнасьці лічаныя разы. Апошні раз гэта было 19 сьнежня 2010 году — мы памятаем, чым гэта скончылася. Зараз скончылася інакш: людзі прыйшлі, памітынгавалі і разышліся без рэпрэсій.

Гледзячы па ўсім, лічба ў некалькі сотняў чалавек — удзельнікаў гэтых акцыяў — дастаткова стабільная. Тое, што да шараговых удзельнікаў акцыяў не ўжываюцца рэпрэсіі, правядзеньне акцыі ў выходны дзень, не павялічылі кардынальным чынам колькасьць удзельнікаў.

Так выглядае, што кардынальна зьмяніць сытуацыю можа толькі нейкі новы фактар. Магчыма, ім стане зьмена пазыцыі самага ўплывовага лідэра прадпрымальніцкага руху, старшыні арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі. Зусім нядаўна Шумчанка выганяў з форуму прадпрымальнікаў палітыкаў — Статкевіча, Караткевіч, абрываў Макаева. 15 лютага «Пэрспэктыва» адмовілася ад правядзеньня мітынгу дзеля перамоваў з урадоўцамі. Аднак на мінулым тыдні Шумчанка канстатаваў правал перамоваў і падаў заяўку на правядзеньне мітынгу прадпрымальнікаў разам з Міколам Статкевічам.

Як тлумачыў сам Шумчанка, ён устрымліваўся ад радыкальных дзеяньняў, бо хацеў, каб прадпрымальніцкая маса сама ўпэўнілася ў бясплённасьці перамоваў і неабходнасьці публічных пратэстаў. Магчыма, настроі прадпрымальніцкай масы сапраўды зьмяніліся і 14 сакавіка — у дзень, на які прызначана акцыя Шумчанкі-Статкевіча, людзей прыйдзе больш.

Што тычыцца «вэгетарыянскіх» паводзінаў уладаў, то яны, хутчэй за ўсё, тлумачацца перамовамі аб крэдытах, якія ўлады зараз актыўна вядуць з Захадам. Ня тое, каб ўмовай крэдытаваньня была стрыманасьць беларускіх уладаў, але, відаць, афіцыйны Менск лічыць, што лепш у такі момант дубінкай лішні раз не махаць. Тым больш, што росту колькасьці маніфэстантаў ад мітынгу да мітынгу не назіраецца.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Так, колькасьць маніфэстантаў не расьце. Напэўна ўлады лічаць, што яно само рассмокчацца. Прынамсі, патэнцыйныя мінусы ад таго, калі яны б умяшаліся і разагналі гэтую акцыю, нашмат большыя, чым плюсы. Таму яны выбіраюць варыянт стрыманасьці і спакойнага назіраньня за тым, як некалькі соцень чалавек з апазыцыйнымі лёзунгамі ходзяць па Кастрычніцкай плошчы.

Ці можа павялічыцца гэта колькасьць? Лідэр больш актыўнай, радыкальнай часткі прадпрымальнікаў Алег Макаеў прызнаецца, што палітызаванае крыло ІП даволі нешматлікае. Часам палітычная актыўнасьць перашкаджае працы з прадпрымальніцкім асяродзьдзем, выклікае іх незадаволенасьць.

На мітынгах на Кастрычніцкай прадпрымальнікі складаюць хіба толькі палову, астатнія — палітычныя актывісты. Знакаміты актывіст Павал Вінаградаў выказвае зьдзіўленьне, што самі прадпрымальнікі на пратэст не выходзяць, нібыта ім самім гэта ня трэба і ўсё ў парадку.

Па-першае, гэтыя людзі маюць перасьцярогу — яны ня ходзяць на такія акцыі, ня маюць палітычнай загартоўкі. Па-другое, яны былі падрыхтаваныя выйсьці адзін раз, але, безумоўна, ня шмат разоў, яны ня схільныя да мэтанакіраванай, сталай палітычнай дзейнасьці. Тым больш, што ёсьць працэс перамоваў з уладамі, які на дадзены момант яшчэ не завершаны. Але калі ўлады упруцца і прымуць рашэньне, якое не будзе задавальняць прадпрымальнікаў, то людзі, якім нічога не застанецца, як пратэставаць альбо сыходзіць з бізнэсу, сапраўды могуць выйсьці на плошчу.

На сёньня прадпрымальнікі шукаюць найлепшую для сябе форму пратэсту. Ідэю дазволенага мітынгу 14 сакавіка патлумачыў у сваім Фэйсбуку Мікола Статкевіч, адзін зь яго арганізатараў. Ён напісаў, што прадпрымальнікі ня вельмі гатовыя да такога пратэсту, як выхад на несанкцыянаваную акцыю каля прэзыдэнцкай адміністрацыі, але яны хочуць выказаць свой погляд. Таму форма легальнай акцыі будзе тут найбольш прымальнай. І тут два чыньнікі да гэтай даты могуць сысьціся: адмоўны вынік перамоваў з уладамі і вялікая колькасьць прадпрымальнікаў, якія вырашаць, што легальная акцыі для іх лепш, чым несанкцыянаванае хаджэньне па плошчы.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Колькасьць удзельнікаў не расьце і не зьмяншаецца. Яна прыкладна такая ж, якой была падчас чыста апазыцыйных акцый у 2015 годзе, якія ладзіліся на заклік Міколы Статкевіча. То бок гэта нейкая пастаянная велічыня, беларускай пратэстная канстанта.

Быў ня толькі мітынг, але і шэсьце. Арганізатары пратэсту як бы намацваюць мяжу дазволенага. Маўляў, пойдзем далей, зробім яшчэ адзін крок па пашырэньні прасторы свабоды, што нам за гэта будзе? Калі нічога, то пойдзем далей.

Вось аб’яўлены марш пратэсту 14 сакавіка, заяўку на які падалі ў Менгарвыканкам лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка і палітык Мікола Статкевіч. Анатоль Лябедзька абвясьціў, што падае на 14 сакавіка сваю заяўку на марш студэнтаў, пэнсіянэраў і прадпрымальнікаў. Паводле задумы Лябедзькі, удзельнікі абодвух маршаў павінны сабрацца ў адным месцы і пратэставаць сумесна. Цікавы паварот, калі да прадпрымальнікаў далучацца іншыя слаі насельніцтва, незадаволеныя эканамічнай сытуацыяй.

Зразумела, улады нэрвуюцца. Але нейкага дакладнага сцэнару, як рэагаваць, у іх няма, робяцца нейкія спантанныя дзеяньні, кшталту затрыманьня аўтамабіля Лябедзькі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG