Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія год-два рэфрэн прамоваў беларускага прэзыдэнта выглядаў даволі дзіўна: ледзь ня ў кожнай сваёй прамове кіраўнік дзяржавы гнеўна адхіляў пэрспэктыву эканамічных рэформаў, якія яму «падкідваюць». Але менавіта гэтым у апошні час, мяркуючы па словах прэзыдэнта, грашыць зусім не апазыцыя, а яго ўласны ўрад і дарадцы.

Адны людзі лічаць, што ў Беларусі пануе жорсткая дыктатура, іншыя мяркуюць, што нашаму ўсходнеславянскаму мэнталітэту менавіта ўлада правадыра і адпавядае, а ўсялякія дэмакратычныя штучкі для нас — ад злога. Аднак бягучая сытуацыя па сутнасьці ставіць у тупік прыхільнікаў і адных, і іншых поглядаў. Прычым людзей, якія падзяляюць меркаваньне лідэра рускіх кадэтаў пачатку ХХ стагодзьдзя Паўла Мілюкова аб «адвечна збаўчай на Русі ідэі самадзяржаўя», ледзь ня ў першую чаргу.

Ну, мае прэзыдэнт нейкія ўяўленьні аб тым, якой павінна быць айчынная эканоміка. Дык у чым праблема? Выгнаць чыноўнікаў, якія вызнаюць гайдараўскаю эканамічную «ерась», прызначыць людзей, якія ў поўнай меры падзяляюць эканамічныя перакананьні кіраўніка дзяржавы. Парлямэнт не зацьвердзіць, народ паўстане? Жарт. Ня гэта перашкода. А што?

Зьвяртаючыся да гістарычных прыкладаў, варта прыгадаць, што адрачэньне апошняга расейскага імпэратара Мікалая ІІ было абумоўлена зусім не забурэньнямі ў Піцеры, а тым, што большасьць камандуючых франтамі паслалі яму тэлеграмы падобнага зьместу — Ваша вялікасьць, адрачыцеся дзеля Расеі. Ужо якую карысьць потым атрымала Расея ад гэтага адрачэньня — гэта асобнае пытаньне, але справа менавіта ў грамадзкай атмасфэры, у якой генэралы, надзея і апора трону, паслалі манарху такія тэлеграмы.

Аддаляючыся глыбей у гісторыю, можна прыгадаць, як увесь Парыж, у тым ліку і каралеўскі двор, «ножкі трону», так бы мовіць, вар’яцелі ад Вальтэра і Русо. Вось гэта і было пралёгам канца манархіі, а не лякальныя бунты. Бунты спраўна душыліся, парыскую моду было немагчыма цалкам задушыць. Тысячагадовую манархію завалілі ня санкюлоты і ня якабінскі клюб, якія зьявіліся значна пазьней, а сталічныя салёны, якія пераканалі ўвесь Парыж у тым, што каралеўская ўлада — гэта старамодны «ацтой».

Як пісаў Оскар Уайльд, лепшы спосаб пераадолець спакусу — гэта паддацца ёй. Але Беларусь з 1994 году пайшла іншым шляхам. А пакаленьні-та зьмяняюцца. Таму і прыхільнікаў думкі, што рынак усё расставіць па сваіх месцах, што рэформы вырашаць усе праблемы, робіцца ўсё больш і ў калідорах улады.

Нават папярэднік цяперашняга прэм’ера, Міхаіл Мясьніковіч, плоць ад плоці яшчэ ранейшай савецкай сыстэмы, атрымліваў у свой час папрокі ад кіраўніка дзяржавы за рынкавую «ерась». Замянілі Мясьніковіча на Андрэя Кабякова і што ён «падкідае» кіраўніку дзяржавы? Ды тое ж самае — рэформы, «буржуазнае грамадзтва». Ды што ж гэта робіцца?

У Расеі імя Ягора Гайдара — ледзь не сынонім імені д’ябла. Хоць тое, што эканоміка Расеі пакуль выстаяла перад выклікам драматычнага падзеньня коштаў на нафту і санкцыяў — заслуга ў тым ліку і Гайдара. Будзь расейская эканоміка такой, як беларуская, танныя нафта і санкцыі ўжо зламалі б ёй хрыбет. Праўда, дзякуй за яе жывучасьць нябожчыку Гайдару ніхто не сказаў.

Ва Украіне постмайданны ўрад спраўна выконваў усе рэкамэндацыі МВФ, цяпер 70% украінцаў не давяраюць ураду і кабінэт Арсенія Яцанюка балянсуе на грані адстаўкі. У Малдове рэфарматар, экс-прэм’ер Улад Філат наогул трапіў на нары.

Але ў беларускіх урадавых рэфарматараў няма такога сумнага вопыту. Таму і вера ў дабратворныя і збаўчыя рэформы ў беларускім істэблішменце мацней і чысьцей, чым у краінах, дзе гэтай «спакусе» паддаліся, і вынік аказаўся ня вельмі ўражлівым.

Прыгадваю свой журналісцкі досьвед: 1998 год, расейскі дэфолт, які абрынуў і эканоміку Беларусі. Прэсавая канфэрэнцыя тагачаснага прэм’ера Сяргея Лінга. Ён распавядае, што кошты падняліся ня так і моцна, хіба што на скумбрыю безгаловую. Я па прыколе спытаў, а колькі грошай надрукавалі, гэта ж, здаецца, уплывае на інфляцыю і на курс рубля. «Дык гэта да Нацбанку пытаньне, мы, урад, тут пры чым?» — адказваў добры спадар Лінг.

Эх, людзі былі. Цьвікі б рабіць з гэтых людзей. Няма таго, што раньш было. Зараз прэзыдэнт кажа, што прычына айчынных эканамічных праблемаў — сусьветны крызіс, а яго памочнік Кірыл Руды паведамляе шаноўнай публіцы, што сусьветнага крызісу няма, што жыць трэба па сродках, і што краіне патрэбная «фінансавая дыета». І пры гэтым спасылаецца на добра вядомы яму кітайскі досьвед, які ў айчынным афіцыйным дыскурсе трактуецца як захаваньне «заваёў Кастрычніка» і які насамрэч такім зусім не зьяўляецца.

Пара соцень маніфэстантаў, якім далі магчымасьць памітынгаваць на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і нават прайсьці на плошчу Незалежнасьці — на самай справе ніякая не праблема. Не, добра, што костак не ламалі, што нікога не пасадзілі. Але палітычна гэта не праблема, па меншай меры пакуль.

Праблема — палітычна абсалютна ляяльная, але даволі ўпартая эканамічная фронда «ножак трону». Яны ж не за Майдан, хутчэй наадварот — за тое, каб яго прадухіліць, каб зрабіць эканоміку краіны больш устойлівай, каб ня трэба было выпрошваць грошы ў расейцаў і Захаду. Выпрошваць атрымліваецца, вось насуперак меркаваньню многіх лібэральных аналітыкаў, Расея такі дае Беларусі чарговы крэдыт. Можа і МВФ дасьць. А потым?

Гераіня «Ўнесеных ветрам» Скарлет О’Хара мудра фармулявала — пра заўтра мы падумаем заўтра. 20 гадоў так жыць атрымлівалася. Але ж ня факт, што будзе атрымлівацца заўсёды. І наяўнасьць эканамічнай фронды на ўрадавым узроўні — паказчык таго, што мяняюцца ўяўленьні людзей улады, што яны, а ня «кучка экстрэмістаў», умацоўваюцца ў меркаваньні, што «так жыць нельга».

Ці на самой справе нельга — гэта не акадэмічнае пытаньне. Клясык эканамічнай навукі Джон Кейнс у свой час пісаў: «Ідэі эканамістаў і палітычных мысьляроў — і калі яны маюць рацыю, і калі памыляюцца, — маюць значна большае значэньне, чым прынята думаць. У рэчаіснасьці толькі яны і кіруюць сьветам. Людзі-практыкі, якія лічаць сябе незалежнымі ад інтэлектуальных уплываў, звычайна зьяўляюцца рабамі якога-небудзь эканаміста мінулага. Людзі ва ўладзе, якія чуюць голас з неба, насамрэч жывяцца дзівацкімі ідэямі нейкага акадэмічнага пісакі, які тварыў некалькі гадоў таму».

У гэтым сэнсе прэзыдэнт, які, паводле яго слоў, «ідзе ад жыцьця», ад «гушчы і тоўшчы» народнай, і на самой справе натхняецца творамі правінцыйных савецкіх палітэканомаў, якія вучылі яго ў яго юнацтве. Зрэшты, як і яго апазыцыйныя і ўрадавыя апанэнты таксама чэрпаюць свае ідэі з тэкстаў эканамічных «пісак».

Дарэчы, адзін мой калега некалькі гадоў таму падчас стажыроўкі ў Стэнфардзкім унівэрсытэце гутарыў з Мілтанам Фрыдманам, нобэлеўскім ляўрэатам па эканоміцы, клясыкам эканамічнага лібэралізму і манэтарнай тэорыі, словам, адным з тых «акадэмічных пісак», якія задаюць сусьветную моду.

Мой калега спытаў, як доўга можа існаваць эканамічная сыстэма, падобная да цяперашняй беларускай. Вечна — адказаў Фрыдман.

Не буду спрачацца з клясыкам, тэарэтычна, можа, і праўда — вечна. У рэшце рэшт людзі могуць шмат цярпець, можна не карміць, можна пры неабходнасьці страляць, можна палохаць і сапраўды амбівалентным вопытам суседзяў. Але што рабіць са зьменай пакаленьняў, з модай, якая пракралася ўжо і ў сьвятая сьвятых — у сэрца ўлады?

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG