Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Пратэст прадпрымальнікаў затухае, многія заўтра выходзяць на працу


Страйк прадпрымальнікаў на плошчы Леніна ў Горадні
Страйк прадпрымальнікаў на плошчы Леніна ў Горадні

У Горадні на плошчу Леніна выйшлі толькі каля 30 індывідуальных прадпрымальнікаў, каб патрабаваць адмены ўказу № 222. Пастаялі, пагаварылі і праз гадзіну разышліся.

Гэтым разам прадпрымальнікі нават ня выйшлі ў цэнтар плошчы, як мінулыя два панядзелкі, а стаялі невялікай купкай на ўскрайку. Да іх далучыліся некалькі журналістаў і міліцыянтаў у цывільным.

Журналісты цікавяцца — чаму так мала людзей прыйшло на плошчу? Высьвятляецца, што большасьць з тых, хто раней прыходзіў сюды патрабаваць адмены ўказу № 222, вырашылі працаваць з заўтрашняга дня. Кажа жанчына перадпэнсійнага веку, якая адпрацавала на рынку амаль 20 гадоў:

— Многія сядзяць сёньня ў падатковай, аплочваюць на наступны месяц падаткі, і заўтра рыхтуюцца выходзіць на працу.

Дадае іншая жанчына:

Многія думаюць, што так гэта праскочаць. Але гэтага ня будзе. Штрафы такія, што давядзецца потым за іх кватэры закладваць.

— Мы самі зьдзіўляемся, як большасьць зьбіраецца ісьці гандляваць, ня маючы пры гэтым усіх дакумэнтаў. На што яны спадзяюцца? На тое, што ўлада іх пашкадуе і ня будзе рабіць праверак? Многія думаюць, што так гэта праскочаць. Але гэтага ня будзе. Штрафы такія, што давядзецца потым за іх кватэры закладваць.

Да размовы далучаецца мужчына сярэдняга веку. Ён кажа, што вельмі ўражаны, як людзі, якіх ён ведае не адзін год, так проста ідуць гандляваць, разумеючы, што будуць парушаць заканадаўства.

— На жаль, нашы людзі ня хочуць сябе адчуваць свабоднымі людзьмі, а хочуць парушаць закон і не адказваць за гэта. Што ж, хай паспрабуюць. Зрэшты, раб ня хоча свабоды, а хоча мець гаспадара. Але гэта ў мэнталітэце большасьці з нас...

Многія думаюць, што вось сусед не працуе, то я болей зараблю. Але нічога і яны не заробяць, бо няма пакупнікоў. А на беларускім тавары тым больш не заробяць, бо ён дарагі і нікому не патрэбны.

— Многія думаюць, што вось сусед не працуе, то я болей зараблю. Але нічога і яны не заробяць, бо няма пакупнікоў. А на беларускім тавары тым больш не заробяць, бо ён дарагі і нікому не патрэбны. Вось і ўвесь наш мэнталітэт. Памятаеце, як кажуць пра Майсея, што вадзіў па пустыні 40 год людзей, пакуль апошні раб ня вымер... А калі з нас гэты раб выйдзе?..

Яшчэ адна жанчына, якая працуе на рынку разам з мужам, кажа, што мае дакумэнты, каб працаваць, але нават пры жаданьні яны ня могуць прыступіць да працы — і на тое шмат прычын.

— У нас цяпер нават нестае грошай, каб закупіць новы тавар, бо абаротных сродкаў няма. Мы з мужам стаім на рынку 14 гадоў, маем вышэйшую адукацыю, працавалі раней у школе настаўнікамі. У перабудову вымушаныя былі пайсьці гандляваць на рынак, бо жылі ў кватэры тры сям’і, грошай неставала ні на што. Але тады хоць быў выбар. Цяпер выбару няма, толькі дацягнуць неяк да пэнсіі. Але і гэта ня выйсьце, паколькі будучыні ня бачым для дзяцей, а таму, хутчэй за ўсё, давядзецца проста пакідаць гэтую краіну. Толькі дзеля будучыні дзяцей...

Мужчына пэнсійнага веку падводзіць рысу пад нашай размовай:

Многія папросту ляжаць у хаце і думаюць, што ўсё будзе вырашацца бязь іх. Але гэтага ня будзе, няхай нават ня мараць.

— Ды многія папросту ляжаць у хаце і думаюць, што ўсё будзе вырашацца бязь іх. Але гэтага ня будзе, няхай нават ня мараць. Нават у Менску і то людзей мала было ў нядзелю: ніхто нічога ня думае. У нас пакуль канчаткова не прыцісьне, то ніхто і не зашавеліцца. Хоць ужо і добра прыціснула, але чым менш шавелісься, тым менш есьці хочацца...

Прастаяўшы гадзіну на плошчы, прадпрымальнікі моўчкі разышліся. Гэтым разам нават ніхто не выкрыкваў ніякіх пратэстных лёзунгаў.

Дробным гандлярам ад 1 студзеня гэтага году забаронена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці без сэртыфікатаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі заяўляюць, што патрабаваньні ўказу выканаць немагчыма, і гэта прывяло да спыненьня большасьці рынкаў краіны. Бяз працы і сродкаў да існаваньня засталіся тысячы людзей і іх сем’і.

На мітынгу ў цэнтры Горадні 15 лютага прадпрымальнікі прынялі рашэньне зьбірацца кожны панядзелак да тае пары, пакуль іх патрабаваньні ня будуць выкананыя. Але пратэст хутка пачаў затухаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG