Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русский мир» у Крыме: выкраданьні, арышты, забароны і «мова нянавісьці»


Затрыманьне АМАПаўцамі мужчыны крымскататарскай зьнешнасьці ў Сімфэропалі

Затрыманьне АМАПаўцамі мужчыны крымскататарскай зьнешнасьці ў Сімфэропалі

За два гады расейскай акупацыі ў Крыме склалася маштабная і комплексная сыстэма палітычных перасьледаў, кажуць украінскія праваабаронцы.

Пра асаблівасьці гэтай сыстэмы ў інтэрвію Свабодзе распавяла кіраўніца Крымскай праваабарончай групы Вольга Скрыпнік.

«Калі гаварыць з пункту гледжаньня сыстэмы, якую ўкараніла туды Расейская Фэдэрацыя, то яна ўжо адносна стабільная. Гаворка ідзе пра тое, што за гэтыя два гады склалася выразная, комплексная і маштабная сыстэма палітычных перасьледаў. Па сутнасьці, мы гаворым пра сыстэму парушэньня правоў чалавека ў адносінах да велізарнай катэгорыі людзей. Прычым этнічны кампанэнт тут ня мае значэньня — мае значэньне той ці іншы пункт гледжаньня, які адлюстроўвае нязгоду з афіцыйнай пазыцыяй Крамля ў дачыненьні да Крыму», — кажа Вольга Скрыпнік.

Паказальныя палітычныя працэсы

Адзін з галоўных інструмэнтаў палітычных рэпрэсіяў — крымінальны перасьлед. Тут Вольга Скрыпнік вылучае шэраг найбольш буйных і рэзанансных палітычных спраў: справа Сянцова-Кольчанкі, справа Кастэнкі і справа «26 лютага».

Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка

Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка

«У справе Сянцова-Кольчанкі ўсё мела адназначна палітычную афарбоўку. Нават калі казаць пра тое, што гэтыя людзі зрабілі нейкі падпал дзьвярэй, то гэта нават па заканадаўстве Расеі хуліганства, але ніяк не тэрарызм. Натуральна, усё сьледзтва, падчас якога прымяняліся катаваньні і іншыя формы гвалту, будавалася на тым, каб надаць гэтай справе палітычны кантэкст і прымяніць тэрарыстычныя артыкулы. Як вынік — 20 гадоў для Сянцова, 10 гадоў для Кольчанкі, і па 7 гадоў атрымалі іншыя фігуранты, якія пайшлі на зьдзелку», — распавядае праваабаронца.

Аналягічная палітычная справа — справа Аляксандра Кастэнкі, якога таксама этапавалі з Крыму ў Расейскую Фэдэрацыю.

Аляксандар Кастэнка

Аляксандар Кастэнка

«Калі прачытаць абвінаваўчую прамову пракурора Крыму Натальлі Паклонскай, то нават яна там выразна кажа, што мае на мэце ўсяго толькі палітычны аспэкт. Яна кажа, што справа Кастэнкі — гэта нейкае судзілішча над „фашысцкай ідэалёгіяй“. То бок пракурор кажа пра тое, што мэта суду — ня зьдзейсьніць правасудзьдзе, а пакараць нейкую ідэю. Больш за тое, уся справа Кастэнкі будуецца на так званых пацярпелых на Майдане „беркутаўцах“. Крымскае падразьдзяленьне „Беркута“ практычна ў поўным складзе вярнулася ў Крым, перайшло на бок Расейскай Федэрацыі, а цяпер на іхніх паказаньнях будуюцца справы супраць любых украінскіх актывістаў. Цяпер, напрыклад, у справе Кастэнкі зьявіўся Андрэй Каламіец — гэта жыхар Кіеўскай вобласьці, які быў затрыманы на тэрыторыі Расеі, вывезены ў Крым і цяпер таксама абвінавачваецца ў спробе забойства двух „беркутаўцаў“ на Майдане ў лютым 2014 году. Тут можна казаць пра поўны абсурд з пункту гледжаньня крымінальнага права: выходзіць, Расея прымяняе сваё заканадаўства да грамадзян Украіны і ў дачыненьні да падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Ўкраіны», — падкрэсьлівае праваабаронца.

Нарэшце, яшчэ адзін «палітычны кейс» — гэта справа аб падзеях 26 лютага 2014 году, калі пад крымскім парлямэнтам праходзілі мітынгі прыхільнікаў і праціўнікаў аддзяленьня Крыму. Удзельнікаў мітынгу, якія выступалі супраць аддзяленьня Крыму, расейскія ўлады цяпер вінавацяць у масавых беспарадках. Пад вартай у рамках гэтай справы пяць чалавек.

Расейскі досьвед — на крымскую глебу

Каб зьнішчыць у Крыме любую апазыцыю, расейскія ўлады актыўна выкарыстоўваюць антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства Расеі, уведзенае на паўвостраве пасьля анэксіі, кажа Вольга Скрыпнік:

«Расейскі досьвед за апошнія 10 гадоў паказвае, што, на жаль, далёка не заўсёды гэтыя антытэрарыстычныя, антыэкстрэмісцкія артыкулы выкарыстоўваюцца для барацьбы з тым самым тэрарызмам. Вельмі часта гэта барацьба з рэлігійнымі групамі ці апазыцыйнымі праявамі. Тое ж самае цяпер назіраецца ў Крыме».

Крым. Вобшук у вёсцы Холмаўка

Крым. Вобшук у вёсцы Холмаўка

Асаблівую ўвагу Вольга Скрыпнік зьвяртае на тое, што менавіта ў сувязі з расейска-ўкраінскім канфліктам у Крымінальны кодэкс РФ увялі артыкул 280.1 — публічныя заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. Цяпер гэты артыкул актыўна выкарыстоўваецца для перасьледу незадаволеных у Крыме.

«У Крыме ёсьць ужо некалькі падобных крымінальных спраў — напрыклад, у адносінах да журналістаў, у адносiнах да народнага дэпутата Ўкраіны Рэфата Чубарава. Больш за тое, паводле гэтага артыкула ў самой Расеі перасьледуюць людзей, ня згодных зь дзеяньнямі Расеі ў Крыме. Гэтых людзей таксама перасьледуюць у рамках гэтага крымінальнага артыкула, дзе пакараньне досыць сур’ёзнае — да 5 гадоў пазбаўленьня волі», — адзначае яна.

Зьнішчэньне ўкраінскай царквы і школы

Па словах Вольгі Скрыпнік, пад ударам акупацыйных уладаў апынуліся ўкраінскія культурныя і адукацыйныя ўстановы, а таксама Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату — іх імкнуцца проста зьнішчыць:

Катэдральны сабор у Сімфэропалі

Катэдральны сабор у Сімфэропалі

«Сёньня нам вядома як мінімум пра чатыры храмы, якія былі незаконна адабраныя ва Ўкраінскай царквы. Цяпер назіраецца спроба забраць галоўнае памяшканьне ў Крыме — Катэдральны сабор у Сімфэропалі, за яго цяпер вядзе барацьбу архіяпіскап Клімент. Акрамя таго, супраць Кіеўскага патрыярхату выкарыстоўваюцца розныя эканамічныя мэханізмы ціску: напрыклад, завышэньне арэнднай платы. Раней патрыярхат карыстаўся арэндай бясплатна, а цяпер гэты кошт — каля 90 тысяч рублёў у месяц. Гэта немагчымая сума для царквы, каб аплачваць арэнду сваіх памяшканьняў», — тлумачыць праваабаронца.

Перасьлед зазнае і ўкраінская культура. Шэсьць зь сямі ўкраінскіх школ акупацыйныя ўлады ўжо пазакрывалі. Катэдры ўкраінскай мовы альбо перафарматуюцца, альбо ўключаюцца ў склад іншых катэдраў, а ўстановы ўкраінскай Акадэміі навук перайшлі пад расейскую юрысдыкцыю.

«Любы чалавек які праяўляе свае праўкраінскія сымпатыі, можа стаць ахвярай злачынства»

Адзін з найважнейшых фактараў, якія вызначаюць атмасфэру сёньняшняга Крыму, — гэта надзвычай высокі ўзровень выкарыстаньня «мовы варожасьці», кажа Вольга Скрыпнік:

«Мова варожасьці выкарыстоўваецца ня толькі на побытавым узроўні сярод прыхільнікаў так званага „русского мира“. Мова варожасьці актыўна публічна выкарыстоўваецца прадстаўнікамі ўлады — Аксёнавым, Паклонскай, Канстанцінавым. Практычна ўсе іх публічныя выказваньня ўтрымліваюць рыторыку нянавісьці ў дачыненьні альбо да Ўкраіны як дзяржавы, альбо да кіраўніцтва Ўкраіны, або ў адносінах да саміх украінцаў (хунта, бандэраўцы, фашысты, крывавыя забойцы і г.д.). Гэтая мова варожасьці стварае даволі высокі ўзровень нецярпімасьці да любых праяваў украінскай ідэнтычнасьці. Напрыклад, ёсьць выпадкі агрэсіўных паводзін на вуліцы, толькі пабачыўшы ўкраінскую сымболіку — напрыклад, украінская стужачка, жоўта-блакітны бранзалет на руцэ і г.д. То бок гэта сур’ёзная пагроза нават на побытавым узроўні: любы чалавек, які праяўляе свае праўкраінскія сымпатыі, можа стаць ахвярай злачынства на глебе нянавісьці», — распавядае праваабаронца.

Сімфэропаль. Зьбіты праўкраінскі актывіст Леанід Кузьмін

Сімфэропаль. Зьбіты праўкраінскі актывіст Леанід Кузьмін

Вольга Скрыпнік падкрэсьлівае, што пад пагрозай знаходзяцца ўсе людзі з адкрытай праўкраінскай пазыцыяй — прычым гэта нават не павінна быць палітычная пазыцыя.

«Не заўсёды справа ў тым, што чалавек заклікае да тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і не згаджаецца з акупацыяй Крыму. Гэта могуць быць проста прыхільнікі ўкраінскай культуры. Напрыклад, быў выпадак 9 сакавіка 2015 году — людзі выйшлі да помніка Тарасу Шаўчэнку ў дзень яго нараджэньня, каб ушанаваць памяць паэта. Іх затрымалі, прысудзілі ім спачатку 40 гадзін грамадзкіх прац, а пазьней іх пакараньні былі замененыя на 10 тысяч рублёў штрафу», — кажа яна.

Тэрор: выкраданьні і забойствы

Мабыць, найбольш трагічная старонка рэпрэсіяў у Крыме — сэрыя выкраданьняў украінскіх і крымскататарскіх актывістаў. Некаторых зь іх пазьней знайшлі мёртвымі, хтосьці застаецца зьніклы бязь вестак, камусьці пашчасьціла апынуцца на волі.

Як кажа Вольга Скрыпнік, выкраданьні пачаліся яшчэ ў сакавіку 2014 году падчас ваеннай апэрацыі Расеі па анэксіі Крыму. Паводле зьвестак праваабаронцаў, тады было выкрадзена каля 20 чалавек:

«Частка гэтых людзей на пачатку сакавіка ўтрымліваліся на Чангары (гэта пункт выезду з Крыму), там стаялі былыя супрацоўнікі „Беркута“, а таксама расейскія вайскоўцы. Людзей трымалі ў палоне, катавалі. 20 сакавіка іх абмянялі, адпусьцілі на волю, і больш у Крыме яны не зьяўляліся. Ёсьць некалькі ўкраінскіх актывістаў (Вашчук, Бандарэц, Чарныш), якія таксама зьніклі на пачатку сакавіка, і да гэтага часу іх не знайшлі», — кажа Вольга Скрыпнік.

Новая хваля палітычных выкраданьняў пачалася ўжо пасьля завяршэньня анэксіі — у траўні 2014-га.

На пахаваньні Рышата Аметава

На пахаваньні Рышата Аметава

«Найбольш вядомая і трагічная падзея — гэта выкраданьне 3 траўня Рышата Аметава. Пазьней яго знайшлі мёртвым са сьлядамі жорсткіх катаваньняў. Яго справу прыпынілі па фармальнай прычыне — нібыта немагчыма знайсьці падазраваных асоб. Гэта пры тым, што існуе відэазапіс яго выкраданьня — у машыну яго садзяць прадстаўнікі так званай „крымскай самаабароны“. Асобы гэтыя ўстаноўленыя, аднак у справе яны праходзяць як сьведкі», — распавядае праваабаронца.

Яшчэ двое крымскататарскіх актывістаў, выкрадзеныя ў траўні, і двое ў верасьні — яны застаюцца бязь вестак зьніклымі. Расьсьледаваньні гэтых спраў застаюцца безвыніковымі. Пры гэтым ёсьць зьвесткі, што выкраданьні таксама зьдзяйсьняліся «крымскай самаабаронай».

«У апошнія некалькі месяцаў былі зафіксаваныя выпадкі новых зьнікненьняў крымскіх татараў. Мы ня можа дакладна сьцьвярджаць, што яны прапалі менавіта з палітычных прычын, таму што сваю грамадзкую пазыцыю яны ніяк не праяўлялі. Але нават у выпадках непалітычных зьнікненьняў сьледзтва вядзецца неэфэктыўна, таму што дамінуючая вэрсія сьледзтва — тая, што людзі нібыта добраахвотна сыходзяць у ІДзІЛ. І гэта падстава, каб не праводзіць расьсьледаваньне.

Акрамя таго, нядаўна была вялікая хваля ператрусаў і затрыманьняў у дамах мусульман. І гэта таксама ўзмацняе нецярпімасьць да мусульманаў, стварае ілжывыя падазрэньні, што яны нібыта зьвязаныя з тэрарызмам. Гэта тое, што дазваляе сьледзтву неэфэктыўна праводзіць расьсьледаваньне ў справе зьніклых крымскіх татараў і прадстаўнікоў мусульманскай супольнасьці», — канстатуе Вольга Скрыпнік.

«Пад пагрозай само існаваньне і разьвіцьцё крымскататарскага народу»

Вольга Скрыпнік падкрэсьлівае, што дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, якія неляяльныя Расеі, вельмі ўскладненая. Шмат якія зь іх не праходзяць працэдуру рэгістрацыі паводле расейскага заканадаўства:

Падчас ператрусу на крымскататарскім канале АТР, 26 студзеня 2016 году

Падчас ператрусу на крымскататарскім канале АТР, 26 студзеня 2016 году

«Шмат якія сродкі масавай інфармацыі ў Крыме не маглі прайсьці перарэгістрацыю — напрыклад, крымскататарскі канал АТР, які быў вымушаны выехаць на мацерыковую Ўкраіну. Іншыя арганізацыі выбіраюць ня мець юрыдычнага статусу. Напрыклад, у красавіку 2015 году быў створаны Ўкраінскі культурны цэнтар, актывісты якога ўжо ня раз зазнавалі перасьлед за выкарыстаньне ўкраінскай сымболікі або арганізацыю нейкіх мерапрыемстваў. Большасьць украінскіх культурных мерапрыемстваў забаронена праводзіць у сувязі з так званым надзвычайным становішчам, бо ў Крыме існуюць праблемы з электрычнасьцю. Гэта служыць падставай для забароны мірных сходаў», — кажа яна.

Што тычыцца крымскататарскіх грамадзкіх арганізацыяў, то частка зь іх змаглі зарэгістравацца паводле расейскага заканадаўства — ім даюць працаваць, таму што яны, вымушана ці добраахвотна, праяўляюць ляяльнасьць да Масквы, адзначае Вольга Скрыпнік. Аднак самы галоўны прадстаўнічы орган крымскіх татараў апынуўся пад пагрозай зьнішчэньня.

«Прынцыповае пытаньне — існаваньне Мэджліса крымскататарскага народа. Вось тут цяпер існуе сур’ёзная пагроза, бо 15 лютага Паклонская зьвярнулася ў суд з патрабаваньнем прызнаць Мэджліс крымскататарскага народа экстрэмісцкай арганізацыяй. Калі гэта адбудзецца, то чальцам Мэджліса можа пагражаць крымінальны перасьлед аж да пазбаўленьня волі. І гэта будзе сур’ёзнай рызыкай і наагул пагрозай існаваньню Мэджліса. А Мэджліс — гэта ня проста грамадзкае аб’яднаньне, гэта прадстаўнічы орган малога народа, карэннага народа. Гэта значыць, пад пагрозай само існаваньне і разьвіцьцё крымскататарскага народа», — лічыць праваабаронца.

Журналісты і праваабаронцы — «у падпольлі»

Незалежная прэса ў Крыме фактычна была вымушаная сысьці ў «падпольле».

Затрыманьне крымскага журналіста Заіра Акадырава, 15 студзеня 2016 году

Затрыманьне крымскага журналіста Заіра Акадырава, 15 студзеня 2016 году

«Некаторыя незалежныя СМІ засталіся, але частка журналістаў працуюць непублічна. Праца журналістаў вельмі ўскладнена, бо існуе рэальная пагроза перасьледу ў парадку артыкула 281 Крымінальнага кодэксу РФ (заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці. — РС). Таму яны там прысутнічаюць, але большасьць перайшла, па сутнасьці, на падпольную працу. Адкрытых украінскіх каналаў або спэцкарэспандэнтаў там практычна няма», — кажа Вольга Скрыпнік.

Праваабаронцы таксама вымушаныя дзейнічаць у вельмі цяжкіх умовах.

«Усе арганізацыі, якія былі пры Ўкраіне, выехалі з Крыму і працягваюць сваю дзейнасьць з мацерыковай часткі Ўкраіны. У тым ліку ў нашу групу ўваходзяць такія арганізацыі. Мы працягваем сваю дзейнасьць у Крыме, але частка нашых дзеяньняў застаецца непублічнай», — кажа яна.

Крым пад пагрозай узмацненьня рэпрэсіяў

Вольга Скрыпнік лічыць, што сёньня існуе рэальная пагроза таго, што рэпрэсіі ў Крыме набудуць яшчэ большы размах.

«Цяпер мы бачым канкрэтныя рызыкі. Па-першае, гэта працяг справы Кастэнкі. Усяго па гэтай справе праходзяць 49 нібыта пацярпелых „беркутаўцаў“. Гэта значыць, патэнцыйна абвінавачаных можа быць вельмі шмат.

Па-другое, гэта хваля перасьледаў у дачыненьні да мусульман, якая пайшла 11–12 лютага. Як мінімум чацьвёра мусульман да гэтага часу застаюцца пад арыштам — іх затрымалі ў рамках так званай антытэрарыстычнай апэрацыі. Адназначна, што ў дачыненьні да гэтай катэгорыі грамадзян рэпрэсіі таксама могуць быць узмоцненыя», — кажа яна.

Акрамя таго, Вольга Скрыпнік не выключае павелічэньня маштабаў рэпрэсіяў у сувязі зь міжнароднымі падзеямі — дакладам місіі Рады Эўропы па Крыме, жорсткімі заявамі Эўрапарлямнту і інш.

«Жаданьне Расеі замоўчваць парушэньні правоў чалавека ў сувязі з даволі цяжкім палітычным становішчам можа прывесьці да таго, што да людзей будуць прымяняцца больш жорсткія формы рэпрэсіяў, абы інфармацыя ня трапіла за межы Крыму і Расеі», — лічыць праваабаронца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG