Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЦВК не выключаюць, што мысьляць шаблённа. БХК і «Вясна» прапанавалі ім экспэртную дапамогу


Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» накіравалі ў міжведамасную экспэртную групу для вывучэньня заўваг, выказаных экспэртамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, супольныя рэкамэндацыі.

Сярод іх, напрыклад, закласьці ў Выбарчы кодэкс норму, якая б стварала гарантыі прысутнасьці ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партый і забясьпечвала плюралістычны склад камісій. Неабходна забясьпечыць, каб палітычныя партыі, якая прынялі ўдзел у выбарчай кампаніі, у тым ліку прэзыдэнцкай, мелі права дэлегаваць аднаго прадстаўніка ў кожную з тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.

Яшчэ адна навэла — права назіральнікаў прысутнічаць пры праверцы сапраўднасьці подпісаў за вылучэньне кандыдатаў.

Праваабаронцы таксама прапануюць для павелічэньня празрыстасьці стварыць агульнанацыянальны сьпіс выбарцаў.

Усяго такіх рэкамэндацыяў каля двух дзясяткаў.

«Рэалізаваць частку гэтых прапановаў можна толькі праз зьмяненьне выбарчых законаў — гаворыць Свабодзе старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. — Аднак кіраўніцтва ЦВК заяўляе, што да пачатку сёлетняй парлямэнцкай кампаніі канцэптуальныя зьмены ўнесьці будзе немагчыма.

Таму мы літаральна заўтра-пасьлязаўтра прапануем афіцыйным экспэртам другі варыянт нашых зьменаў. Яны пераважна тычацца практыкі правядзеньня выбараў. І гэта якраз тое, што можна зрабіць праз пастановы і іншыя дакумэнты Цэнтарвыбаркаму, ня ўносячы зьмены ў заканадаўства».

Месячны тэрмін, які Аляксандар Лукашэнка даў міжведамаснай экспэртнай групе для вывучэньня заўваг, выказаных экспэртамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, падышоў да свайго экватару. У сярэдзіне сакавіка група павінна перадаць прапановы Лукашэнку.

«Экспэрты працуюць, яны ўжо прыслалі старшыні групы — супрацоўніцы ЦВК Алене Дзьмухайле свае прапановы, — сказаў сёньня Свабодзе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. — Пакуль я не магу абнародаваць іх думкі зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, ёсьць дамова не агучваць сутнасьць магчымых навэлаў. Па-другое, шчыра скажу, ні я, ні Ярмошына іх яшчэ не глядзелі.

У кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі ёсьць свае думкі пра тое, што можна зьмяніць пры правядзеньні сёлетняй парлямэнцкай кампаніі. Мы ня першы год працуем з рознымі прапановамі.

Можа, мы ўжо і мысьлім неяк шаблённа. Таму хочам пабачыць, што думаюць экспэрты, каб была нейкая сьвежая хваля. Ня выключаем, што некаторыя думкі экспэртаў могуць быць больш арыгінальнымі за нашыя».

Для таго, каб прааналізаваць рэкамэндацыі БДІПЧ і вынесьці свой вэрдыкт, што зь іх можна прыняць, а што адкінуць, і створаная міжведамасная экспэртная група. У склад гэтай групы ўвайшло 10 чалавек, яны прадстаўляць выключна дзяржаўныя арганізацыі: Цэнтральную выбарчую камісію, абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Беларусі, Міністэрствы замежных спраў, інфармацыі, юстыцыі. Незалежныя экспэрты ў гэтую групу не ўвайшлі, хоць статут групы дазваляе прыцягваць да яе працы любых экспэртаў.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, найбольш верагодна, адбудуцца 11 верасьня 2016 году. «Ніякіх іншых прапаноў па часе іх правядзеньня няма», — паведамілі Свабодзе ў ЦВК.

XS
SM
MD
LG