Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэксты Brutto прайшлі ідэалягічную праверку ў Беларусі


Сяргей Міхалок у відэазвароце прасіў чыноўнікаў “паставіць свае пячаткі”, бо гурт “прайшоў праверку тэкстаў і ідэалёгіі”.

Лідэр гурту Brutto Сяргей Міхалок выступіў зь відэазваротам на Youtube, каб распавесьці пра “фантастычныя” вынікі свайго “экспэрымэнту” са спробай правесьці канцэрт у Беларусі.

“Кіраўніцтва Менгарвыканкаму запрасіла і радушна прыняла нашага прадусара Антона [Азізбэкяна], яму паціснулі руку і сказалі, што даўно чакаюць гурт Brutto з канцэртамі ў горадзе-героі Менску, — заяўляе Міхалок. — Мяне, Зелю і Макара [жонку Сьвятлану Зелянкоўскую і сына Макара] запрасілі вярнуцца на радзіму і разам будаваць новую, дэмакратычную, эўрапейскую Беларусь.

Мы прайшлі праверку ва ўсіх сілавых структураў і ведамстваў, мы прайшлі праверку тэкстаў і ідэалёгіі. І о цуд, да Brutto няма прэтэнзіяў! Brutto гэта чысты дыямэнт! Але яшчэ засталіся маленькія людзі ў акулярах, якія не разумеюць усю важнасьць таго, што адбываецца, якія не разумеюць, наколькі важна цяпер, у сучаснай Беларусі правесьці канцэрты Brutto. Яны дагэтуль чакаюць указ зьверху, чакаюць нейкага тэлефанаваньня”.

Міхалок заклікаў “падпісаць дакумэнты” і “паставіць свае пячаткі”, бо канцэрты “ўжо не спыніць”, і пажадаў сустрэцца з гледачамі звароту на канцэртах Brutto.

Гурт Brutto падаваў у канцы студзеня заяўку на канцэрт у “Менск-Арэне”. Brutto ад самага заснаваньня не выступалі ў Беларусі. Апошні раз лідэр гурту, яшчэ ў складзе “Ляпіса Трубяцкога” выступаў на радзіме летам 2010 года. Потым Міхалок рэзка выказаўся супраць Лукашэнкі, канцэрты гурту «Ляпіс Трубяцкі» ў Беларусі пачалі зрываць, а самому Міхалку пагражаць крымінальнай справай. У выніку ён з гуртам перабраўся ў Расею, затым ва Ўкраіну.

У найбліжэйшы час паслухаць Brutto можна будзе недалёка ад беларускай мяжы — 12 сакавіка ў Беластоку (Польшча) гурт Сяргея Міхалка выступіць разам з гуртом Dzieciuki.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG