Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы транш ад Расеі — сёлета чакаецца 1,1 млрд. даляраў, у наступным годзе яшчэ 1 млрд. Праграма МВФ па Беларусі можа ўключаць 3 мільярды даляраў, але яна ня ўхваленая.

Расейская кампанія «ВТБ Капітал» апублікавала ў эканамічнай справаздачы зьвесткі пра расейскі крэдыт для Беларусі. Інфармацыя неафіцыйная, крыніцы інфармацыі не называюцца.

«Мы разумеем, што праграма Беларусі з МВФ будзе ўключаць тры роўных траншы па 1 млрд. даляраў кожны, у той час як праграма з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця складаецца з першага траншу ў памеры 1,1 млрд. даляраў ў 2016 годзе і трох траншаў у 2017-м — на 500 млн., 300 млн. і 200 млн. даляраў», — гаворыцца ў справаздачы.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў пацьвердзіў 27 лютага, што рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця прынятае «канчаткова і беспаваротна». Раней міністар фінансаў Уладзімер Амарын казаў, што крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця памерам у 2 млрд. патрэбны, каб «рэзэрвы ва ўмовах пагашэньня зьнешняга і ўнутранага валютнага доўгу захоўваліся хаця б на цяперашнім узроўні».

Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў у канцы мінулага году паведаміў, што Беларусь просіць у МВФ крэдыт у памеры 3 мільярды даляраў тэрмінам на 10 год. Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч пазьней заявіў, што крэдыт у МВФ патрэбны, «каб папоўніць ЗВР, а таксама на рэалізацыю добрых праектаў», дадаўшы, што гэтыя грошы патрэбныя «не на праяданьне, не на спажываньне». Лёс крэдыту МВФ пакуль невядомы — Беларусь, як заяўляў Амарын, разьлічвае зьнізіць стаўку па крэдыце з 2,28% да 2,1%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG