Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук — што з прачытанага ўразіла на гэтым тыдні.

Я думаў — Гётэ. Найвялікшы немец — аўтар Фаўста, Вэртэра, дзясяткаў навуковых тамоў, міністар, філёзаф, вынаходнік — гігант Яган Вольфганг. Але вось у часопісе The New Yorker прачытаў іншае імя: Матыяс Бухінгер, чалавек, які, паводле часопіса, «ніколі ня зьведаў раскошы пералому кісьці ці лыткі». Бедны Гётэ, падумаў я — і памыліўся.

У Ню-Ёрку ў музэі Мэтраполітэн адкрылася выстава малюнкаў Бухінгера (1674-1739). Але ці мала адкрываецца выставаў, нават мастакоў 17-га стагодзьдзя. Але...

Матыяс Бухінгер

Матыяс Бухінгер

Матыяс ня ламаў рук і ног, бо ад нараджэньня іх ня меў. Яго рост не дасягнуў і 75 сантымэтраў.

Ён быў вядомы ва ўсёй Эўропе як мастак, фокусьнік (карты, шарыкі пад кубкамі), граў на некалькіх інструмэнтах (цымбалы, труба, флейта), віртуозна страляў з пісталета, кідаў нажы і любіў будаваць караблі ў бутэльках.

Але ў музэі ў Ню-Ёрку выстаўленыя яго малюнкі. Там можна пабачыць і аўтапартрэт Бухінгера памерам 20 на 30 см, а ў завітках парыка прачытаць — калі маеце дасканалы зрок ці лінзу — поўныя тэксты сямі псальмаў і Ойчанаш.

Але гэта ня ўсё. Бухінгер, які пражыў 65 гадоў, быў чатыры разы жанаты і, паводле гісторыкаў, меў ня менш за 14 дзяцей (дасьледнікі ўдакладняюць — ад 8 жанчын, і спрачаюцца, што дзяцей насамрэч было 20, а колькасьць каханак ацэньваецца як 70).

Дарэчы, мікракаліграфія на аўтапартрэце — люстраная, так пісаў Леанарда. Праўда, нават да Вінчы не рабіў гэта стоячы на галаве.

Чамусьці гэты лёс неяк увязваецца ў мяне з часам цяперашняга крызісу ў Беларусі, для многіх — часам пэсымізму і нават адчаю. А хто гэта скача празь цемру адзін, як пытаўся вялікі Гётэ ў змрочным вершы «Лясны гаспадар».

Бухінгер — як напамінак пра іншыя велічыні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG