Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Старога Ольсы» купілі песьню за 1000 даляраў


Гурт зьбірае грошы на запіс альбома сучасных рок-гітоў на сярэднявечны манер. Зь неабходных сямі тысяч даляраў дзьве ўжо ёсьць.

Беларускі гурт «Стары Ольса», які ўжо сямнаццаты год грае беларускую і заходнюю сярэднявечную музыку, зьбірае на Kickstarter грошы на альбом рок-гітоў сучаснасьці ў беларускай сярэднявечнай апрацоўцы. Трэба 7 тысяч даляраў. На момант публікацыі, за 27 дзён да завяршэньня збору, сабрана больш як дзьве тысячы.

Музыка гурту Марыя Шарый лічыць, што рок-музыку ў іхным выкананьні ўспрынялі б у сярэднявеччы натуральнай:

«Незвычайнымі былі б толькі некаторыя словы, а-ля „Californication“, ёсьць шмат сучасных словаў, якія тады не гучалі. А мэлёдыі, я думаю, упісаліся б цалкам натуральна, бо сярэднявечная і сучасная рок-музыка маюць шмат агульнага, вельмі добра спалучаюцца».

Праект альбома рок-гітоў паўстаў пасьля ўдзелу гурту ў шоў «Легенды live» тэлеканалу АНТ. У шоў беларускія музыкі выконвалі «нечаканыя» кавэры. «Стары Ольса» на шоў засьпяваў One гурту Metallica, запіс атрымаў паўтара мільёна праглядаў і розгалас у пэўных колах на Захадзе. Пазьней гурт «дадаў» у сваю рок-калекцыю Child In Time, Californication і Another Brick in the Wall.

«Проста з усяго сьвету сталі людзі пісаць, што гэта цудоўна, гэта сьвежа, гэта неверагодна, я хачу купіць альбом, дзе б яго спампаваць. Калі стала досыць шмат такіх запытаў, дзе набыць альбом, мы вырашылі, што павінны гэта зрабіць, — згадвае Шарый. — Мы ня першыя і не ўнікальныя, але я думаю, што людзям спадабалася менавіта наша аранжыроўка, збалянсаванае гучаньне, і менавіта на нашых інструмэнтах».

Трэк-ліст магчымага альбома такі: One гурту Metallica, Another Brick in the Wall, part II гурту Pink Floyd, Californication гурту Red Hot Chili Peppers, Ob-la-di, Ob-la-da і A Hard Day’s Night гурту Beatles, Child in Time гурту Deep Purple і Smells Like Teen Spirit гурту Nirvana.

На ўласна запіс альбома ў Менску патрэбныя 2000 даляраў, яшчэ пад тысячу — на ганарары за песьні, больш за тысячу — на выраб дыскаў і 1600 даляраў на дастаўку, 8% ад сабранай сумы бярэ сэрвіс Kickstarter — агулам выходзіць 6490 даляраў плюс 510 даляраў на непрадбачаныя выдаткі.

Сабраўшы грошы на альбом, гурт будзе абавязаны запісаць прынамсі яшчэ адну песьню: за 1000 даляраў можна замовіць запіс дадатковай песьні эксклюзіўна для сябе. Адзін трэк выкупілі, яшчэ два можна набыць у бліжэйшыя 27 дзён.

«Ёсьць адна такая стаўка ў тысячу даляраў. Ня ведаю, хто гэта, адзін чалавек з Каліфорніі, якому спадабалася ідэя, — кажа Шарый. — Чалавек можа выбраць любую песьню, якую захоча, і мы яе мэдыевалізуем, асераднявечым, зробім яму варыянт і запішам у студыі, гэта будзе адна-адзіная копія ва ўсім сьвеце. Калі праект скончыцца пасьпяхова, мы зьвяжамся з чалавекам, і ён абярэ песьню, якую мы зможам выканаць на нашых інструмэнтах».

Дарэчы, мінімальная стаўка — 5 даляраў, а максымальная — нават ня тысяча, а 1500 даляраў. За паўтары тысячы гурт абяцае зладзіць вандроўку па Беларусі з пражываньнем і «добрай кампаніяй».

Калі збор грошай пройдзе пасьпяхова і гурт атрымае прызнаньне з альбомам рок-песень, ці ня стане «Стары Ольса» кавэр-бэндам? Шарый адказвае адназначна:

«Не. Не, дакладна не! Гэта быў чысты экспэрымэнт. У нас назапашана шмат новага матэрыялу, да цяперашняга праекту было ня так шмат часу, каб разьбіраць, але ў нас ужо чатыры новыя песьні, гатовыя да працы зь імі аранжыроўкі. Але, на жаль, пакуль мы мала часу праводзім у студыі. Таксама плянуем у красавіку прэзэнтацыю нашага лайв-альбома. Таму сваю творчасьць мы ніколі ня кінем».

XS
SM
MD
LG