Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ плянуе вылучыць больш за 50 кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Кандыдатаў вылучаць ва ўсіх абласьцях Беларусі і ў Менску. Але на дэпутацкія мандаты ў партыі не разьлічваюць.

Падчас сустрэчы ў мінулыя выходныя будучыя кандыдаты ад БНФ абмеркавалі тактыку партыі на выбарах, праект партыйнай перадвыбарчай плятформы, юрыдычныя і тэхнічныя аспэкты выбараў, а таксама азнаёміліся з пазытыўным досьведам правядзеньня пасьпяховых фронтаўскіх кампаніяў у часе мінулых выбараў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што нягледзячы на наладжваньне стасункаў Лукашэнкі з Захадам, умовы правядзеньня выбарчай кампаніі застануцца нязьменнымі. Выніковы склад парлямэнту будзе сфармаваны адміністратыўным чынам, незалежна ад вынікаў галасаваньня. Ён назваў спэкуляцыямі спадзевы асобных палітыкаў на тое, што «кагосьці з апазыцыі ў палатку прапусьцяць, каб спадабацца Захаду»:

«Улады ні ў якім разе не дапусьцяць у парлямэнт палітычную апазыцыю, якая будзе альтэрнатывай сёньняшняму аўтарытарнаму рэжыму. Можна чакаць, што ў Палаце прадстаўнікоў з ласкі ўладаў можа апынуцца хтосьці з адэкватных эканамістаў са здаровымі думкамі наконт рэфармаваньня народнай гаспадаркі, але туды ўлады дакладна не прапусьцяць тых, хто будзе казаць пра палітыку. Мы, Партыя БНФ, менавіта пра палітыку на гэтых выбарах і будзем казаць, мы будзем прэзэнтаваць сабе як палітычную альтэрнатыву гэтаму рэжыму», — заявіў Аляксей Янукевіч.

Асноўнымі пасыламі Партыі БНФ у агітацыйнай кампаніі будуць лёзунгі пра нацыянальнае адраджэньне, абарону незалежнасьці ў эканамічным, палітычным, вайсковым, гуманітарным вымярэньні, супрацьдзеяньне эўразійскай інтэграцыі і садзейнічаньне эканамічным рэформам.

Як адзначыў прадстаўнік выбарчага штабу Партыі БНФ Юры Чавусаў, будучыя выбары будуць першымі выбарамі парлямэнту, якія пройдуць па абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэксу. У 2013 годзе ў яго ўнесьлі значныя зьмены: агітацыйная кампанія будзе адбывацца зусім безь дзяржаўнага фінансаваньня, толькі за кошт сабраных кандыдатамі выбарчых фондаў, у кандыдатаў ад партыі зьявіцца магчымасьць мець сваіх прадстаўнікоў у акруговых выбарчых камісіях з правам дарадчага голасу (але ў ЦВК свайго прадстаўніка партыя накіраваць больш ня мае права), уводзіцца ўзровень абласных камісіяў.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня павінны адбыцца не пазьней за верасень 2016 году, найбольш верагоднай датай правядзеньня выбараў зьяўляецца 11 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG