Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанарда ды Капрыё ўганараваны першым у кар’еры «Оскарам»


Леанарда Ды Капрыё

Леанарда Ды Капрыё

88-я цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі Амэрыканскай кінаакадэміі «Оскар» праходзіць у Лос-Анджэлесе.

Леанарда Ды Капрыё стаў уладальнікам «Оскара» ў намінацыі «Лепшы актор». Амэрыканская кінаакадэмія ўзнагародзіла яго за фільм «Выжыў». Гэта першы «Оскар» у кар’еры Ды Капрыё. Да гэтага ён пяць разоў быў намінаваны на прэстыжную прэмію, але кожны раз прайграваў.

Прэмію за «Лепшы фільм» атрымала карціна «Ў цэнтры ўвагі» Томаса Макарці. Фільм таксама атрымаў «Оскара» за лепшы арыгінальны сцэнар, паведамляецца ў Твітэры кінапрэміі.

У рэжысэрскай намінацыі «Оскара» атрымаў Алехандра Гансалес Іньярыту за фільм «Выжыў». У мінулым годзе Гансалес таксама атрымаў узнагароду за фільм «Бэрдмэн».

Лепшай актрысай сябры Акадэміі прызналі Бры Ларсан, якая згуляла ў стужцы «Пакой». Марк Райлэнс атрымаў статуэтку ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога пляну» за працу ў стужцы «Шпіёнскі мост». Алісія Вікандэр названая лепшай акторкай другога пляну за ролю ў фільме «Дзяўчына з Даніі».

Дакумэнтальная стужка Яўгена Афінееўскага «Зіма ў агні. Украінская барацьба за свабоду» аб падзеях Рэвалюцыі годнасьці не атрымала ўзнагароды ад Амэрыканскай кінаакадэміі. Лепшым поўнамэтражным дакумэнтальным фільмам у аднайменнай катэгорыі стаў брытанскі фільм «Эмі» Азіфа Кападзія пра жыцьцё і сьмерць спявачкі Эмі Уайнхаўс.

88-я цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі Амэрыканскай кінаакадэміі «Оскар» прайшла ў тэатры «Долбі» ў Лос-Анджэлесе.

XS
SM
MD
LG