Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эдгара По ёсьць апавяданьне – «Нізьвяржэньне ў Мальстром». Там вядзецца пра тое, як шхуну аднаго нарвэскага рыбака ўраган зацягнуў у гіганцкі вір. Гледзячы ў чорную бездань, дзе ўсё імкліва зьнікала, ён увадначасьсе пасівеў...

Апошнім часам у інтэрнэце, у ваеннай альбо каляваеннай хроніцы усё болей зьяўляецца фота й відэа, што тычацца Беларусі й беларусаў. То пазуюць з кулямётнымі стужкамі землякі, што ваююць за сэпаратыстаў, то руйнуе офіс банку зямляк баец АТО. Унутры краіны завяліся, як вошы, розныя «казачыя спасы» зь відавочнай прапагандай вайны. Я гляджу на гэта і лаўлю сябе на думцы, што беларускае «толькі б не было вайны» робіцца для мяне больш зразумелым і актуальным. Над гэтым выслоўем ужо ня хочацца кпіць...

Узімку 1997-га на запрашэньне Канстытуцыйнага Суду Ічкерыі і з ініцыятывы «Нашай Нівы», мы ехалі ў Чачню на маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Ехалі ў ролі назіральнікаў. У расейска-чачэнскай вайне было падпісанае замірэньне, чачэнцы адстаялі незалежнасьць і нельга было не падпасьці пад агульную атмасфэру тае перамогі.

Інтэрв'ю з Басаевым, паездка да Масхадава, сустрэчы з Яндарбіевым, Гелаевым, Закаевым і іншымі асобамі, што тады былі жывымі героямі, а сёньня частка чачэнскага эпасу, толькі мацавалі гэтую эўфарыю.

Для чачэнцаў гэта была справядлівая вайна, і гэта не магло не накладаць адбітак на мае ўражаньні, я безумоўна сымпатызаваў чачэнцам у іх барацьбе за волю, але...

На шляху ў горнае, засыпанае сьнегам Ведзяно, родавае сяло Шаміля Басаева, на адным з прыпынкаў сярэдняга веку чачэнец-праваднік раптам прамовіў фразу, якая здалася мне абсалютна недарэчнай у вуснах пераможцы: «Гэтая вайна не пакіне нас, мы зазірнулі ў бездань…»

Я глянуў на яго, ня ведаючы, што адказаць і сьцепануў плячыма. Мы дакурылі й рушылі далей. Але фраза ягоная засела ў маёй галаве, бо надта скрушна была прамоўленая і абсалютна не адпавядала моманту.

Я прыгадаў гэтую фразу пазьней, калі глядзеў на 15-20 гадовых хлопцаў з АК-47 у рукох, якія лічыліся нашымі ахоўнікамі ў доме, дзе мы жылі. Яны ваявалі па тры-чатыры гады і адзін з іх, Ваха-кулямётчык заўзята распавядаў мне пра першы бой, пра іхніх загіблых і імі забітых, і я раптам усьвядоміў, што першае забойства ўвайшло ў іхнае жыцьцё раней, чым першае каханьне.

Вайна крэсьліць свае схемы ў чалавечай матрыцы.

Яшчэ раз я згадаў словы правадніка, калі адказны за наш прыём і праводзіны, чыноўнік па імені Зэлімхан, прывёзшы ў аэрапорт і наўпрост гледзячы ў вочы, заявіў нашай групе назіральнікаў, што на вяртаньне дадому па ўмовах запрашэньня (г.з. за кошт чачэнскай адміністрацыі) можа разьлічваць толькі палова запрошаных, астатнім за вяртаньне трэба заплаціць яму далярамі.

Грошай у нас не было і мы мусілі выбраць, хто застанецца.

Цывільныя, чалавечыя прынцыпы разьбіваюцца й гінуць у новапаўсталай рэальнасьці.

Дом урадоўца па імені Баўдзі, дзе я меў спыніцца на час выбараў, пасьля выпадку ў аэрапорце нечакана зьмяніў для мяне свой статус. Той самы Ваха-кулямётчык, што шчыра распавядаў пра сваё жыцьцё і віншаваў мяне некалькі дзён таму з маім Днём нараджэньня, што прыпаў акурат на дні выбараў, пры маёй спробе выйсьці са двара да калегі, перакінуўшы затвор свайго АК, з усьмешкай сказаў: «Баўдзі не дазволіў цябе выпускаць».

І наўрад ці гэта быў жарт.

Урэшце мне пашанцавала. Са спазьненьнем на тры дні, я адчыніў дзьверы ў рэдакцыю НН, а не ў падвал у горным ауле. Ічкерыі пашанцавала меней, вайна зьнішчае чалавечыя прынцыпы.

Абраны прэзыдэнтам Аслан Масхадаў, ня гледзячы на тагачасную эўфарыю, быў вырачаны. Як была вырачаная на выгнаньне, прыдушэньне, здраду ці сьмерць тая частка грамадзтва, што гэтыя прынцыпы вызнавала.

Часам я думаю, дзе зараз той Ваха-кулямётчык. Загінуў у часе новай расейскай агрэсіі, ваюе ў складзе кадыраўцаў ва Ўкраіне ці далучыўся да аддзелаў Ісламскае Дзяржавы. А можа яму пашанцавала, як таму нарвэскаму рыбаку, што ўсё ж здолеў выбрацца з шалёнага бяздоннага віру. Прынамсі, я б хацеў спадзявацца на гэта.

P.S. Паводле тае паездкі на старонках «першай беларускай газэты з рысункамі» выйшаў рэпартаж пад назвай «Суб'ект Фэдэрацыі». Была ідэя выдаць гэты рэпартаж кніжкай і мне парадзілі зьвярнуцца па дапамогу да прадпрымальнікаў – «афганцаў». Іхны дырэктар, зь відавочнай формай кантузіі, вэтэран Афганскай вайны, паглядзеўшы тэкст, абяцаў падумаць і раптам зазначыў, што варта было б пачакаць з выданьнем гадоў дзесяць. Я зразумеў яго амаль праз дваццаць гадоў, таму і дапісваю той рэпартаж сёньня, у 2016 годзе, у рамках блога на Радыё Свабода.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG