Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікабрытаніі расьце колькасьць прыхільнікаў выхаду з ЭЗ


Ужо 52% брытанцаў выступаюць за выхад сваёй краіны са складу ЭЗ. Гэта на чатыры працэнты больш, чым месяц таму, сьведчаць апытаньні.

За чатыры месяцы да рэфэрэндуму аб далейшым знаходжаньні Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе ў краіне павялічваецца колькасьць людзей, якія выступаюць за адмову ад сяброўства ў ЭЗ. Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня, праведзенага сацыялягічным інстытутам ORB для газэты The Independent.

Згодна з вынікамі апытаньня, апублікаваных у суботу, 27 лютага, за выхад Вялікабрытаніі са складу ЭЗ (так званы Brexit) цяпер выступаюць 52 адсоткі выбаршчыкаў. Гэта на чатыры працэнты больш, чым месяц таму. У неабходнасьці далейшага знаходжаньня краіны ў Эўразьвязе перакананыя 48 % рэспандэнтаў.

Рэфэрэндум у Вялікабрытаніі адбудзецца 23 чэрвеня. Прэм’ер-міністар Дэвід Кэмэран ужо заявіў, што рашэньне, якое ў гэты дзень прымуць брытанцы, будзе канчатковым і паўторныя рэфэрэндумы праводзіцца ня будуць.

Міністры фінансаў вядучых краін сьвету папярэдзілі, што сусьветная эканоміка моцна пацерпіць у выпадку выхаду Брытаніі са складу Эўразьвязу. Міністар фінансаў Брытаніі Джордж Осбарн заявіў, што ў выпадку выхаду з ЭЗ краіну чакаюць сур’ёзныя эканамічныя праблемы.

XS
SM
MD
LG