Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатаў палівалі сьлезацечным газам, але яны абралі прэзыдэнта


У залі парлямэнту распылілі сьлезацечны газ
У залі парлямэнту распылілі сьлезацечны газ

Дэпутаты парлямэнту Косава абралі прэзыдэнтам самаабвешчанай рэспублікі 47-гадовага Хашыма Тачы, які займаў пасаду міністра замежных спраў.

Ён набраў неабходную простую большасьць галасоў у трэцім туры галасаваньня.

Апазыцыйныя дэпутаты неаднаразова зрывалі працэс выбараў, распыляючы ў зале пасяджэньняў сьлезацечны газ.

Апошні раз газ распылілі ў мінулую пятніцу. Звыклыя да гэтага дэпутаты спакойна пакінулі залю пасяджэньняў і вярнуліся туды пасьля праветрываньня. Ахова сачыла за парадкам у процівагазах.

Прыхільнікі апазыцыі ад аўторка разьмясьціліся ў цэнтры Прышціны ў намётавым лягеры і праводзяць акцыю пратэсту. Яны патрабуюць адстаўкі ўраду, роспуску парлямэнту і новых выбараў.

Хашым Тачы — былы палявы камандзір, адзін з заснавальнікаў Вызваленчай арміі Косава, якая вяла партызанскую вайну за аддзяленьне краю ад Сэрбіі. Ён займаў пасаду прэм’ер-міністра ў 2007 годзе, калі Косава аб’вясьціла аб незалежнасьці, якую не прызнаюць Расея і Сэрбія, у той час як большасьць заходніх краін пайшлі на прызнаньне.

Камісія парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы назвала Тачы ў 2010 годзе членам міжнароднай злачыннай сеткі, зьвязанай з гандлем чалавечымі органамі і кантрабандай наркотыкаў, нагадвае ВВС. Сам Тачы катэгарычна абвяргаў абвінавачваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG