Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Советская Белоруссия» заклікала судзіць крытыкаў міліцыі: «Шмат хлусаў імгненна сунімуцца»


Прэзыдэнцкая газэта «Советская Белоруссия» сёньня апублікавала артыкул, у якім заяўляе пра неабходнасьць абараніць беларускую міліцыю, якая «апынулася пад ударам».

У артыкуле галоўнага рэдактара часопіса «Спэцназ» Андрэя Дземянцеўскага адзначаецца, што цяпер у Беларусі адбываецца «кімсьці відавочна каардынуемая антыміліцэйская кампанія», падчас якой праваахоўнікаў «незаслужана абліваюць брудам». «Дробныя прамашкі, недапрацоўкі міліцыянтаў разьдзімаюцца да маштабу жудасных злачынстваў, посьпехі, наадварот, быццам, не заўважаюцца», — сьцьвярджаецца ў артыкуле.

«З арганізатарамі і каардынатарамі чорнага піяру усё зразумела: разьдзімаюць скандалы, натхняюць моладзь на правакацыі, выразна прытрымліваючыся пунктаў перакладзеных з ангельскай мэтадычак па распальваньні вогнішчаў так званых „каляровых рэвалюцыяў“. На парадку дня ў лялькаводаў — пытаньне дыскрэдытацыі праваахоўных органаў», — піша Дземянцеўскі.

Па словах аўтара артыкула, міліцыянты вельмі лібэральна ставяцца да крытыкі на свой адрас, хоць гэта і няправільна.

Міліцыі, якая дапамагае нам у цяжкія хвіліны, цяпер неабходная маральная падтрымка.

«Вось маё меркаваньне: трэба ўсё ж быць неяк больш зубастымі. А то канапавае войска хейтэраў зусім знахабіцца. Чаму б міліцыянтам, якіх абылгалі ў сацсетках, не зьвярнуцца ў суд з пазовамі па абароне гонару і годнасьці? Ды і пагрозаў, абразаў асобаў пры выкананьні на розных інтэрнэт-пляцоўках дастаткова. А гэта ўжо крымінальныя артыкулы! Многія хлусы імгненна сунімуцца, адчуўшы пэрспэктыву апынуцца на нарах. Ды і людзям грамадзянскім трэба рашуча і паўсюдна даваць адпор зласьліўцам. Бо міліцыі, якая дапамагае нам у цяжкія хвіліны, цяпер неабходная маральная падтрымка», — падкрэсьліваецца ў артыкуле.

Як вы лічыце, ці будуць беларусаў судзіць за крытыку міліцыі ў інтэрнэце? І ці сапраўды ў Беларусі адбываецца «антыміліцэйская кампанія»? Выказвайцеся ў камэнтарах пад артыкулам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG