Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрацыя «жыць у кайф» сутыкнулася з «палітыкай»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Максу Каржу адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Інфармацыю перадрукавалі беларускія СМІ. Старэйшыя людзі пытаюцца: «хто гэта такі?». А мільёны юных фанатаў перажываюць.

Старэйшым тлумачу: Макс Корж малады поп-выканаўца з Лунінца, які «зрабіў сябе сам» у сучаснай Беларусі і стаў імгненна папулярным сярод тых, каму сёньня ад 11 да 25 гадоў. Яго песьня «Жить в кайф» – гімн цэлай генэрацыі ў постсавецкіх краінах.

Макс Корж – першы беларускі артыст, якога не пусьцілі ва Ўкраіну. У ролі поп-зоркі ён ніколі не выказваўся «на палітычныя тэмы». Тым больш не падтрымліваў «Крымнаш» і «Наваросію». Як і не выступаў за Ўкраіну.

Афіцыйнага тлумачэньня з украінскага боку пакуль няма, але большасьць камэнтатараў сыходзяцца на тым, што забарона зьвязаная зь леташнім выступам Макса Каржа ў Крыме – на міжнародна прызнанай акупаванай тэрыторыі.

Паводле ўкраінскага закону, адмова ва ўезьдзе – самы лагодны варыянт. Артыста маглі і аштрафаваць, і нават арыштаваць за адмінстрацыйнае правапарушэньне: незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы.

Пасьля наведаньня Крыму Макс Корж ужо выступаў ва Ўкраіне. Чаму не дазволілі ўезд цяпер? Магчыма, прычынай стаўся гармідар у памежнай службе, і цяпер нейкі службовец выправіў памылку.

«Вельмі шкада, што Макс і каманда сталіся закладнікамі палітыкі», – піша раўналетак Каржа Eugene Karpov.

Гэта тыповы камэнтар на розных рэсурсах. Як і тыповы аргумэнт тых, хто апаніруе: «Закон ёсьць закон».

Nicolai Khalezin: «Калі дасягаеш такога ўзроўню папулярнасьці, абавязаны мець палітычную візію. У цывілізаваных краінах наймаюць палітычных кансультантаў, якія адсочваюць сытуацыю, каб артыст не напароў зь месцам выбару выступу, сказанага ў інтэрвію, выбары партнэраў».

Мне здаецца, што «палітычная візія» – гэта акурат тое, што супярэчыць філязофіі «жыць у кайф». Гэта такі падыход, які дазваляе акупацыю і вайну назваць нэўтральным словам «палітыка».

Адмыслова цытую безь перакладу камэнт, якія мне падаецца квінтэсэнцыяй тых, што я ўбачыў з боку юных фанатаў новай беларускай поп-зоркі, тут з цытатамі зь песень.

gusarona_julia:

– Как-то смешалось всё... Политика, “хохлы”, оккупация, Крым, Россия, “москали” ... Посыпались оскорбления... Ребята!!!! Мы же все с Вами хотим “жить в кайф” и “взять один билет” и у каждого из нас “в истерике кружилась мама Валя” и “в радиусе метра воцарился жесточайший хаос, когда всем понятно стало”, что Макс пока не приедет... Не нужно мешать все в кучу, ведь мы все на одной волне! И у каждого сердце замирает и ёкает при ... “Ну, что ты братишка притих?….”

Другі год ідзе вайна, а тут «неяк зьмяшалася ўсё». Самае важнае – гэта падабенства з стаўленьнем многіх бацькоў гэтых самых «каржанятаў», як клічуць сябе фанаты. Многія старэйшыя ва ўпор ня хочуць бачыць, што адбыліся і разьвіваюцца сур'ёзныя геапалітычныя зьмены.

Я разумею людзей, якія хочуць жыць «без палітыкі». І старых, і маладых – гэта напружна. Толькі і далёкая, і блізкая гісторыя ведае столькі прыкладаў «я палітыкай не цікаўлюся», калі людзей забіралі за краты, дэпартавалі і забівалі. Цікавіліся яны, ці не цікавіліся. Бо палітыка – гэта ўдзел у грамадзкім жыцьці, ва ўласным лёсе разам зь лёсам іншых. І калі ня ўдзельнічаеш, рашэньне робіцца за цябе.

Макс Корж асабіста ў мяне выклікае сымпатыю. Ён сапраўды зрабіў сябе сам, ён адчуў настроі і праблемы сваіх аднагодкаў, ён падарыў ім радасьць. Я ведаю, што насамрэч Макс Корж палітыкай цікавіцца. Ён пачынаў чытаць рэп у лунінецкім гурце – беларускай мовай і на вострыя палітычныя і сацыяльныя тэмы.

Цяпер ён маўчыць. Відаць, узгадняе пазыцыі з прадусарамі, з партнэрамі па канцэртнай дзейнасьці ва Ўкраіне. Ня ведаю, чаму яго занесла нелегальна ў Крым, бо ёсьць і афіцыйная працэдура перасячэньня лініі разьмежаваньня, хоць і марудная. Можа, даверыўся каму, недазразумеў штосьці ці проста расслабіўся. У кожным выпадку, «палітыка» яго дагнала. Бо інакш не бывае. І трэба прамаўляць сваё слова на тэму «палітыкі». Як і кожнаму з часам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG