Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 1 сакавіка тарыфы на паслугі ЖКГ пералічаць і зьнізяць — да «асобага распараджэньня» Лукашэнкі


Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», што да 1 сакавіка тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі будуць пералічаныя ў бок зьмяншэньня. Пра гэта піша БелТА.

«Створаная спэцыяльная рабочая група па даручэньні кіраўніка дзяржавы пад кіраўніцтвам КДК з удзелам ураду, адміністрацыі прэзыдэнта, якая цяпер разглядае, пералічвае гэтыя тарыфы ў адпаведнасьці з выдаткамі, якія рэальна складваюцца, — сказаў Анфімаў. — Час надзвычай абмежаваны. Я паставіў такую задачу перад спэцыялістамі, што я павінен праз трое сутак пакласьці на стол прэзыдэнту пералічаныя тарыфы, якія, як сказаў кіраўнік дзяржавы, ён зацьвердзіць, і яны застануцца нязьменнымі да яго асаблівага распараджэньня».

У панядзелак, 22 лютага, Аляксандар Лукашэнка выказаў абурэньне сытуацыяй з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі. Падчас прэзыдэнцкай нарады ён даў загад «надзець кайданкі» на вінаватых і публічна пасадзіць «дзясятак-другі чалавек».

Праз два дні было заяўлена, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю распачаў 13 крымінальных спраў у дачыненьні да службовых асобаў прадпрыемстваў ЖКГ. Крымінальныя справы ўзбуджаныя ў кожнай з абласьцей і ў Менску паводле артыкулу «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG