Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве апазыцыя выйшла на Марш памяці Барыса Нямцова. ВІДЭА


У Маскве прайшоў Марш памяці аднаго зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыса Нямцова, забітага год таму. Акцыя была санкцыянаваная гарадзкімі ўладамі.

Напярэдадні прыхільнікі Барыса Нямцова заклікалі усіх неабыякавых людзей выйсьці на акцыю яго памяці. Дэманстрантам дазволена несьці сьцягі, транспаранты, лёзунгі, а таксама весьці агітацыю.

Асобная калёна для ўдзелу ў Маршы памяці арганізаваная ў падтрымку ўкраінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, суд над якой цяпер завяршаецца ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці. У акцыі, як чакаецца, прыме ўдзел і сястра Надзеі Вера Саўчанка.

Падчас Маршу памяці пройдзе збор подпісаў пад патрабаваньнем устаноўкі памятнага знака на месцы забойства Нямцова. Улады Масквы, нягледзячы на шматлікія звароты, катэгарычна адмаўляюцца ўвекавечваць памяць палітыка.

Прамая трансьляцыя з Маршу памяці Барыса Нямцова ў Маскве:

Акцыі ў памяць пра Барыса Нямцова праходзяць у больш чым 50 расейскіх гарадах і за мяжой. У Менску старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў у 15:30 прынесьці да расейскай амбасады зьнічы і кветкі.

Былы віцэ-прэм’ер, адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў быў забіты на Вялікім Маскварэцкім мосьце ля Крамля амаль год таму — 27 лютага 2015 году. Заказчыкаў злачынства не знайшлі. На думку паплечнікаў палітыка, сьледзтва мэтанакіравана адводзіць ад удару сапраўдных заказчыкаў забойства, якія ўваходзяць у блізкае кола кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG