Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаць зноў кіраўнікамі — незаконна


Міхал Пастухоў
Міхал Пастухоў

«Рыцар году» Міхаіл Пастухоў пра ўказы Лукашэнкі аб памілаваньні карупцыянэраў.

Былога судзьдзю Канстытуцыйнага суду Беларусі, вядомага праваабаронцу Міхаіла Пастухова грамадзкае аб’яднаньне імя Юрыя Захаранкі прызнала «Рыцарам году» за праваабарончую дзейнасьць у 2015 годзе. Для Свабоды «Рыцар году» Міхаіл Пастухоў пракамэнтаваў сьвежую практыку прызначэньня былых карупцыянэраў кіраўнікамі гаспадарак і заводаў, а таксама іншыя «гарачыя тэмы» беларускага правасудзьдзя. Сярод іх — барацьба за добрыя паказчыкі, змаганьне з падлеткавай наркаманіяй, дачыненьні судоў з выканаўчай уладай.

Трэба больш судзьдзяў, а не міліцыянтаў

— Вярхоўны суд Беларусі абнародаваў цікавую лічбу: летась штатная нагрузка на судзьдзю склала 68 спраў. Пра што вам кажа гэтая лічба?

Мяркую, варта падумаць пра тое, каб павялічыць колькасьць судзьдзяў, а не міліцыянтаў, па якіх мы ўжо абагналі ўсе краіны Эўропы ў 2–3 разы, у тым ліку і Расею.

— Складана ацэньваць, ці гэта зашмат, бо некаторыя справы можна вырашыць за паўгадзіны, як развод, а некаторыя цягнуцца некалькі тыдняў. Тут жа агульны паказчык, як сярэдняя тэмпэратура па шпіталі, дзе нехта ўжо і памёр.

Паводле маіх зьвестак, 10–15 гадоў таму нагрузка была 30–40 розных спраў на судзьдзю, то бок цяпер нагрузка значна павялічылася. Магчыма, гэта зьвязана і з тым, што цягам гэтых гадоў колькасьць судзьдзяў у Беларусі застаецца тая самая — іх прыкладна 1200 чалавек, уключна з эканамічнымі судамі, а колькасьць спраў павялічылася.

Мяркую, варта падумаць пра тое, каб павялічыць колькасьць судзьдзяў, а не міліцыянтаў, па якіх мы ўжо абагналі ўсе краіны Эўропы ў 2–3 разы, у тым ліку і Расею. Нам не хапае судзьдзяў, якія б маглі разглядаць скаргі грамадзянаў на чыноўнікаў, разглядаць справы з удзелам непаўналетніх, дэталёва разьбірацца ў адміністрацыйных справах. У нас жа за год прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці больш за 300 тысяч чалавек, Але дзеля гэтага нам патрэбны іншы прынцып набору судзьдзяў. Цяпер іх толькі прызначаюць, я ж прапаноўваю, каб судзьдзяў на розных узроўнях абіралі і яны былі б наўпрост падпарадкаваныя выбарцам, а ня органам улады, як цяпер.

— Летась за крымінальныя злачынствы было асуджана больш за 43 тысячы чалавек і 80 апраўданыя. Такая малая лічба апраўданых вам падаецца нармальнай ці сьведчыць пра нейкую праблему зь беларускім правасудзьдзем?

Судзьдзі працягваюць арыентавацца не на закон, а на начальства.

— Канечне, гэта паказчык таго, што ў нас застаўся савецкі падыход да працы судоў. Яго вялікасьць паказчык працягвае дзейнічаць. Што значыць «апраўдалі абвінавачанага» ці «адмянілі прысуд»? Значыць, трэба знайсьці вінаватага: ці дрэнна сьледчы спрацаваў, ці дрэнна спрацаваў пракурор альбо судзьдзя. Трэба зноў праводзіць сьледзтва ці зноў праводзіць судовы працэс, несьці страты зь бюджэту. За гэта абавязкова спытаюць, і таму судзьдзі працягваюць арыентавацца не на закон, а на начальства. Ня думаю, што ад гэтак званага тэлефоннага права ва ўсіх судах адмовіліся, інакш бы паказчыкі апраўданых абвінавачаных і адмененых прысудаў былі б значна большыя. Да таго ж працягвае існаваць карпаратыўная сувязь, падтрымка паміж сьледчымі, пракурорамі і судзьдзямі, асабліва ў малых і сярэдніх гарадах гэта добра бачна. У такім «трохкутніку» няма месца толькі абвінавачанаму, яго інтарэсы ня ўлічваюць. Што вырашыць гэтая «тройка» — гэткім і будзе лёс чалавека, якога прыцягнулі да суду. Роля адваката як абаронцы ў Беларусі зьніжаная да самай простай: сабраць станоўчую характарыстыку і пакласьці яе перад судом у надзеі, што той крыху зьнізіць тэрмін. Яшчэ наведаць арыштаванага ў сьледчым ізалятары, спытацца пра ягонае здароўе. Я ж кажу — гнілая савецкая сыстэма, усім вядомая.

Змаганьне з карупцыяй як дыскрэдытацыя закону

— У 2015 годзе, паводле зьвестак Вярхоўнага суду, 485 асобаў асуджана за карупцыйныя злачынствы. На пачатку 2016 году аднаго за адным былых карупцыянэраў пачалі вызваляць, ды яшчэ і прызначаць кіраўнікамі адстаючых гаспадарак і заводаў, нібыта каб тыя ратаваць. Як, на вашу думку, гэтыя захады адаб’юцца на барацьбе з карупцыяй і наколькі яны законныя?

Урок даецца такі: красьці можна, хабар браць можна, у тым ліку зьліткамі золата, але, па-першае, трэба красьці шмат, па-другое, трэба быць набліжаным і карысным.

— Па-першае зьвярну ўвагу на штогадовы рост карупцыйных злачынстваў. Летась іх было на 63% больш, чым у 2014 годзе. На маю думку, гэта таксама даніна барацьбе за выкананьне прызначаных паказчыкаў: з кожным годам вінаватых у карупцыі трэба выяўляць усё больш. Але, паводле маіх зьвестак, непасрэдна хабарнікаў з гэтых 485 карупцыянэраў не бальшыня. Большасьць пакараныя за злоўжываньні службовым становішчам у карысьлівых мэтах. У тым ліку ёсьць пакараныя за зусім нязначныя хабары ў некалькі дзясяткаў даляраў, як часта здараецца з тымі ж лекарамі. Але гэтыя людзі будуць сядзець па некалькі гадоў, а вось начальнікі, якія набудавалі сабе катэджаў, выйдуць на волю ды яшчэ і атрымаюць кіроўныя пасады — вось тут вялікая небясьпека для ўсяго грамадзтва, для маральных нормаў, паводле якіх мы жывем. Урок даецца такі: красьці можна, хабар браць можна, у тым ліку зьліткамі золата, але, па-першае, трэба красьці шмат, па-другое, трэба быць набліжаным і карысным. Вось як у выпадку з былым намесьнікам генпракурора Архіпавым, які і адкрыў для грамадзкасьці сьпіс гэтых памілаваных карупцыянэраў. За месяц асабіста я ўжо зьбіўся зь ліку, хто яшчэ выйшаў на волю і атрымаў пасаду. Дакладна ўжо чалавек 10, і мы яшчэ даведаемся новыя прозьвішчы. Падсумоўваючы, скажу, што гэта проста форма дыскрэдытацыі закону і такой важнай ідэі, як барацьба з карупцыяй.

Цяпер пра саму працэдуру вызваленьня ад адказнасьці. Прызнана, што былых карупцыянэраў памілаваў сваім указам Аляксандар Лукашэнка. Праўда, той жа першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч кажа, што ня бачыў сьпісу памілаваных. Паводле Калінковіча, Аляксандар Лукашэнка мог сваім указам вызваліць іх як ад асноўнага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі, гэтак і ад дадатковага пакараньня ў выглядзе забароны на пэўны час займаць кіраўнічыя пасады. Але гэта няпраўда. Кажу адказна, як юрыст, які адмыслова вывучаў гэтае пытаньне, што адмяняць дадатковае пакараньне Лукашэнка ня меў права, дый з асноўным ня ўсё зроблена бездакорна.

Лукашэнка мае права некага памілаваць, але ён ня мае права дазваляць ім займаць кіраўнічыя пасады цягам тэрміну, які вызначыў суд. На гэта ў яго няма паўнамоцтваў.

Вось цытую «Палажэньне аб парадку ажыцьцяўленьня памілаваньня грамадзянаў, якіх асудзілі суды Рэспублікі Беларусь». Зацьверджана Палажэньне ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 3 сьнежня 1994 году № 250. У 13 пункце гэтага палажэньня сказана, што памілаваньне можа быць ужытае «за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы толькі пры наяўнасьці выключных абставінаў». Усе карупцыйныя злачынствы — гэта якраз цяжкія і асабліва цяжкія, але нам пра выключныя абставіны, якія дазволілі памілаваньне, нічога не паведамляецца. Гэта пра асноўнае пакараньне. Што да дадатковага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады, дык паводле артыкула 191 Крымінальна-выканаўчага Кодэксу яно заканчваецца ў апошні дзень тэрміну. У Палажэньні, якое я згадваў, наконт гэтага ёсьць удакладненьне: «З улікам тых зьменаў, якія могуць быць унесеныя ў тэрмін пакараньня ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь». Але сказаць, што ўказ аб памілаваньні ёсьць закон, нельга. Гэта акт выкарыстаньня права ў адносінах да пэўнай асобы. Такім чынам, указам прэзыдэнта нельга адмяніць дадатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня права займаць кіраўнічыя пасады. Гэта вынікае зь пералічаных мной крыніцаў. То бок: Лукашэнка мае права некага памілаваць, але ён ня мае права дазваляць ім займаць кіраўнічыя пасады цягам тэрміну, які вызначыў суд. На гэта ў яго няма паўнамоцтваў. Гэта мой пункт гледжаньня, а спадар Калінковіч зь Вярхоўнага суду можа прытрымлівацца іншага.

Зьяўленьне «руху 328» — паказчык «перагібаў» ці прынцыповых памылак?

— За злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, летась было асуджана амаль 4 тысячы чалавек, зь іх 3882 паводле 328 артыкула — незаконны абарот наркатычных сродкаў. У гэты ж год гучна заявіла пра сябе і грамадзкая ініцыятыва «Матчын рух 328» — бацькі пачалі змагацца за сваіх дзяцей, асуджаных паводле гэтага артыкула, як яны лічаць, з парушэньнем закону. Вы на чыім баку ў гэтым канфлікце?

Паколькі гэтая тэма стаіць на адмысловым кантролі кіраўніка дзяржавы і на ёй можна зарабіць узнагароды і падвышэньне па службе, дык пачынаецца гонка за тым, каб раскрываць злачынствы як заўгодна.

— Адназначна на баку закону і ладу жыцьця без наркотыкаў. Але варта казаць і пра тое, што зноў назіраецца кампанія змаганьня з чарговым злом, ад якой церпяць і невінаватыя. Як барацьба з карупцыяй пачалася з пагоні за паказчыкамі, гэтак цяпер па-кампанейску змагаюцца з наркотыкамі, асабліва з псыхатропамі. Праблема ў тым, што на гэтай барацьбе адпаведныя органы дасягаюць любых паказчыкаў. Знайшоў дылера — і цягам месяца можна браць па кругу тых, хто ўжывае гэтыя спайсы, ды рабіць зь іх распаўсюднікаў, бо з кімсьці падзяліўся, кагосьці пачаставаў — гэта ж моладзь, усё адбываецца ў кампаніі, у тусоўцы. У выніку замест таго, каб праводзіць прафіляктычную працу, лячыць іх, тлумачыць — ім жа некаторым усяго па 14–15 гадоў — хапаюць, напаўняюць калёніі, спэцынтэрнаты, робяць зь іх сапраўдных злачынцаў. Мая пазыцыя такая: ня толькі рэпрэсіўныя меры патрэбныя да распаўсюднікаў наркотыкаў, але таксама лячэбныя і прафіляктычныя для тых, хто іх, на жаль, ужывае.

Яшчэ адзін аспэкт: паколькі гэтая тэма стаіць на адмысловым кантролі кіраўніка дзяржавы і на ёй можна зарабіць узнагароды і падвышэньне па службе, дык пачынаецца гонка за тым, каб раскрываць злачынствы як заўгодна. Кагосьці прымушаюць даць на сябе паказаньні, кагосьці да агавору іншых. Ёсьць зьдзекі, катаваньні, нездарма ж хлопец з Салігорску ў турме пасьля суду палез у пятлю! Таму я, безумоўна, падтрымліваю бацькоў з «Руху 328», якія змагаюцца за справядлівасьць у судах адносна сваіх дзяцей, і выступаю за тое, каб усе такія справы былі ўважліва вывучаныя і, дзе ёсьць падставы, перагледжаныя.

— Тут мы вяртаемся да пачатку размовы — ці хочуць гэтага ў беларускіх судах? Пераглядаць — гэта значыць прызнаваць памылкі. Як вы мяркуеце, ці ў слушным кірунку разьвіваецца судовая сыстэма краіны?

— На маю думку, наша правасудзьдзе ўсё далей і далей адыходзіць ад Канстытуцыі, якая дэкляравала асноўныя правы грамадзянаў, ад законаў і справядлівасьці, а ўсё больш арыентуецца на загады ўладаў. Сказаў бы, што незалежнага суду ў нас няма, суды служаць не закону, а ўладзе. Рэформу судовай сыстэмы, якая насьпела, я б пачынаў менавіта з аднаўленьня сыстэмы, якая забясьпечыць незалежнасьць суду.

Даведка Свабоды.

Міхаіл Пастухоў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Бранскай вобласьці Расеі. Скончыў юрфак БДУ, доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Беларусі. Працаваў выкладчыкам вышэйшых курсаў КДБ СССР у Менску, адзін з аўтараў тэксту закону аб Канстытуцыйным судзе Беларусі, быў абраны сябрам гэтага суду. Цяпер выкладае ў прыватных ВНУ, займаецца праваабарончай дзейнасьцю. Грамадзка-палітычную прыналежнасьць вызначыў гэтак — «Сябра Таварыства беларускай мовы».

Прысуджэньне ганаровага званьня «Рыцар году: З адкрытым забралам» за 2015 год пракамэнтаваў гэтак: «Ганаруся, што аказаўся ў кампаніі такіх выбітных асобаў, як Гары Паганяйла, Аляксандар Казулін, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч ды іншыя. Гонар і тое, што гэтак маю працу ацаніў Грамадзкі рух імя Юрыя Захаранкі. Працягваю змагацца, каб праўда пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі ды іншых змагароў за дэмакратыю ў Беларусі стала ўсім вядомая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG