Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 лютага: Гадавіна забойства Барыса Нямцова


Каля расейскай амбасады ў Менску год таму, пасьля забойства Барыса Нямцова.

Каля расейскай амбасады ў Менску год таму, пасьля забойства Барыса Нямцова.

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Менску каля амбасады Расеі беларускія актывісты хочуць правесьці акцыю памяці забітага расейскага палітыка Барыса Нямцова. Як паведаміў у фэйсбуку старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, у 15:30 да расейскай амбасады плянуецца прынесьці зьнічы і кветкі. У Маскве і іншых расейскіх гарадах пройдуць акцыі памяці Барыса Нямцова.

Менск. Сустрэча з Ганнай Калтуновіч, каардынатаркай сацыяльных акцый польскай «Газэты Выборчай» на тэму, як СМІ могуць паўплываць ня толькі на меркаваньне грамадзтва, але і на правядзеньне сацыяльных рэформаў шляхам стварэньня маштабных сацыяльных кампаній. Прэс-клюб (Менск, ул. В. Харужэй, 3, офіс 601). Пачатак у 10.00.

Літаратурна-музычная вандроўка з нагоды 100-годдзя зь дня вянчаньня беларускага паэта Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны Станкевіч. Вядоўца экскурсіі, гісторык і экскурсавод, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы, стваральнік экскурсійнага праекту «Менскае кола», Павел Каралёў. Падчас экскурсіі адбудзецца музычны выступ барда Алеся Камоцкага, які прасьпявае свае песьні на вершы клясыка і прэзэнтуе нядаўна выдадзеную кнігу-дыск рамантычнай лірыкі «Каб аднойчы» на словы Рыгора Барадуліна. Маршрут: Менск — Cёмкава — Вязынка (музэй) — Радашкавічы — Краснае — Яхімоўшчына (музэй) — Вішнева — Менск.

У 20:20 у тэлеэфір выйдзе Зона Свабоды — штотыднёвая аналітычная перадача на тэлеканале Белсат. Сёньня ў праграме: Камунальныя плацяжы як тэрмомэтар сацыяльнай тэмпэратуры. Палітычны спэктакль расправы над нядбайнымі чыноўнікамі: відовішчы замест хлеба. Ці загарыцца полымя зь іскры прадпрымальніцкіх мітынгаў? Гэтыя тэмы — ў перадачы, якую вядзе Ганна Соўсь. У перадачы ўдзельнічаюць Сяргей Навумчык, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Гэты дзень у гісторыі:

1612 — пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам, гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы.

1919 — утвораная Літоўска-Беларуская ССР.

1933 — пажар Райхстагу ў Бэрліне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1734 — Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1888 — Яўхім Бялевіч, дзяяч нацыянальнага руху, міністар юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР.

1902 — Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі.

1903 — Міхась Явар, беларускі паэт.

1906 — Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

У гэты дзень памерлі:

1936 — Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг.

1939 — Надзея Крупская, савецкая партыйная і грамадзкая дзяячка.

1939 — Васіль Шчарбакоў, беларускі гісторык.

2015 — быў забіты расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў

Цытата:

Кожны павінен сам для сябе вырашыць, гатовы ён да рызыкаў ці не. Магу сказаць толькі пра сябе. Я шчасьлівы, што магу казаць праўду, быць самім сабой і не поўзаць перад жаласнымі, схільнымі да крадзяжу ўладамі. Свабода каштуе дорага.

Барыс Нямцоў

XS
SM
MD
LG