Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры пытаньні да трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Ян Максімюк і Сяргей Навумчык.

Максімюк: Нагодай для гэтага пытаньня стала нядаўняя справа Леха Валэнсы. 18 лютага дырэктар польскага Інстытуту нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі заявіў, што сярод дакумэнтаў, знойдзеных у доме былога кіраўніка МУС Польшчы генэрала Чэслава Кішчака, знаходзіцца тэчка з дакумэнтамі, якія тычацца працы сакрэтнага супрацоўніка з псэўданімам «Болек», і абавязаньне аб супрацоўніцтве, падпісанае Лехам Валэнсам. Цяпер гэтыя дакумэнты сталі даступнымі шырокай публіцы ў Польшчы. Што зь іх вынікае?

Калі дакумэнты праўдзівыя, як сьцьвярджаюць дасьледнікі Інстытуту нацыянальнай памяці, дык Валэнса пагадзіўся на тайнае супрацоўніцтва са Службай бясьпекі ў 1970 годзе, неўзабаве пасьля крывавага задушэньня рабочага страйку ў Гданьску. Тады міліцыя расстраляла некалькі дзясяткаў работнікаў. Валэнса, паводле дакумэнтаў, быў тайным агентам 6 гадоў. Напісаў больш за сотню даносаў на сваіх калегаў, работнікаў Гданьскай верфі, і пра тое, што адбывалася ў іх асяродзьдзі. За свае даносы агент «Болек» атрымліваў грошы, што даводзяць подпісы Валэнсы на квітанцыях. Дадам, што графалягічнай экспэртызы не было, але ўсе лічаць, што гэтыя дакумэнты аўтэнтычныя. Супрацоўнічаць са Службай бясьпекі Лех Валэнса перастаў у 1976 годзе.

Ян Максімюк

Ян Максімюк

Ну а што было потым — сьвет збольшага ведае. У 1980 годзе Валэнса стаў лідэрам 10-мільённага прафсаюзнага руху ў Польшчы, «Салідарнасьці», пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў 1981 годзе апынуўся ў турме, атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 1983 годзе, а ў 1989 годзе давёў да палітычнага пералому, ад якога пачаўся развал камуністычнай сыстэмы ў Эўропе. У 1990-1995 гадах быў прэзыдэнтам Польшчы. Тады, сярод іншага, давёў да падпісаньня дамовы зь Ельцыным аб вывадзе савецкіх войскаў з Польшчы.

Пасьля падзеньня камунізму Лех Валэнса абвяргаў абвінавачваньні ў супрацоўніцтве з СБ. Яго галоўным аргумэнтам была адсутнасьць адпаведных дакумэнтаў з архіву СБ. Цяпер ён абвяргае абвінавачаньні праз сацыяльныя сеткі. Але адной вэрсіі абароны ў яго няма. І ягоныя тлумачэньні выглядаюць даволі непераканаўча.

Абаронцы Валэнсы кажуць, што супрацоўніцтва з СБ была толькі эпізодам у жыцьці чалавека, які абваліў камунізм. Пра гэты эпізод можна забыць. Валэнса — несумненны герой і выдатная постаць гісторыі Польшчы. Абаронцы Валэнсы дадаюць, што калі прыняць лёгіку абвінаваўцаў, якія кажуць, што Валэнсам кіравалі спэцслужбы, дык можа аказацца, што гэта спэцслужбы развалілі камунізм. Яўны абсурд.

Крытыкі Валэнсы лічаць, што Валэнса павінен быў прызнацца публічна ў супрацоўніцтве з камуністычнай спэцслужбай. Не прызнаўшыся, Валэнса ўвесь час быў залежны ад камуністаў, якія яго шантажавалі ягонай тэчкай агента. Пад уплывам гэтага шантажу, сьцьвярджаюць крытыкі, Валэнса не правёў люстрацыю, а былыя камуністычныя кіраўнікі атрымалі магчымасьць стаць палітыкамі, бізнэсмэнамі і ўплывовымі людзьмі ўжо ў некамуністычнай краіне.

Люстрацыйны закон быў прыняты ў Польшчы ў 1997 годзе і абноўлены ў 2006 і 2007. Гэта даволі мяккі закон. Паводле яго, усе асобы, якія хочуць займаць дзяржаўныя пасады ў Польшчы, павінны заяўляць пісьмова, ці супрацоўнічалі яны з камуністычнымі спэцслужбамі ў камуністычным пэрыядзе. Прызнаньне ў супрацоўніцтве не пагражае ніякай адказнасьцю. Калі хто не прызнаўся, а люстрацыйны суд выявіў, што ён сапраўды супрацоўнічаў, дык тады на такога чалавека накладаецца забарона займаць дзяржаўныя пасады на працягу 10 гадоў. Усе люстрацыйныя заявы падаюцца да публічнага ведама.

Ці патрэбная люстрацыя ў Беларусі? Калі так, то якая — такая «мяккая», як у Польшчы, ці больш жорсткая?

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Навумчык: Фактычна мы сёньня павінны гаварыць пра падвойную люстрацыю. Адна павінна была быць праведзеная ў 1991-м годзе, пасьля краху камунізму, але ў дэмакратычных сілаў не было моцы яе правесьці. Пад яе падпалі б партыйныя функцыянэры, КГБ, «сексоты». Другая закранала б тых, хто мае дачыненьне да лукашэнкаўскага рэжыму. Калі гаварыць пра камуністычныя часы, то самаму маладому сакратару райкама партыі ў 1991 годзе сёньня ўжо пад 60 гадоў. Я ўжо не кажу пра сакратароў абкамаў ці сакратароў ЦК, якіх фактычна не засталося ўжо. Тыя, хто супрацоўнічае ці кіруе рознымі элемэнтамі гэтага рэжыму — жывыя.

Досьвед усходнеэўрапейскіх краін паказвае, што там, дзе люстрацыя была праведзеная найбольш жорстка, і посьпехі, у тым ліку і ў эканоміцы, значна большыя. Хачу адразу абвергнуць адзін аргумэнт, які вельмі часта праціўнікі люстрацыі выкарыстоўваюць: калі правялі б люстрацыю ў 1991 годзе, хто прыйшоў бы кіраваць абласьцямі, аховай здароўя Віцебска ці нейкай вытворчасьцю ў Магілёве і так далей? Людзі 25-і год, без адукацыі, без вопыту і гэтак далей. Дык вось у Чэхіі пасьля Аксамітнай рэвалюцыі такія людзі, былыя дысыдэнты, без кіраўнічага вопыту, ці адносна маладыя людзі. 25-27-гадовыя, сталі на чале гэтых міністэрстваў на год, на два, правялі патрэбныя рэформы і сышлі, саступіўшы месца спэцыялістам. І дзе цяпер Чэхія, а дзе Беларусь, мы можам паглядзець.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Глод: Гадоў можа дзесяць таму, я быў на нейкім журналісцкім сэмінары ў Польшчы. І прыйшоў да нас тады Юзэф Алексы. Яго тады таксама абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністычнымі спэцслужбамі. А паколькі мы ўсе ў аўдыторыі былі журналістамі, ён згадаў такі выпадак. «Як жа гэта робіцца? Надрукавалі ў газэце вялікі матэрыял, што я агент спецслужбаў, на першай старонцы. А праз дзень далі абвяржэньне, але далі на восьмай старонцы і маленькім-маленькім шрыфтам унізе». Гэта жывы выпадак, які закранае чалавека і паказвае, што гэтая праблема сапраўды вельмі і вельмі сур’ёзная.

Мне падаецца, што калі гаварыць пра магчымую супрацу Леха Валэнсы са спэцслужбамі тагачаснай Польшчы, то найперш трэба браць пад увагу той час. Бо калі разважаць толькі з рэаліяў сёньняшняга дня, калі Польшча стала зусім іншай, дэмакратычнай, дзяржавай, то тады, канечне, застаецца толькі абвінавачваць былога лідэра «Салідарнасьці» і прэзыдэнта краіны.

Асабіста я дапускаю магчымасьць таго, што Валэнса пэўны час супрацоўнічаў са службай бясьпекі тагачаснай Польшчы. Усё магло быць, і магло быць зь любым. Як кажуць, па маладосьці Валэнса мог пагадзіцца на такое. Канечне, гэта нікога не ўпрыгожвае. Але ж ня будзем забывацца пра тое, што зрабіў Валэнса пасьля. Ён жа па сутнасьці абваліў камунізм спачатку ў Польшчы, а пасьля і па ўсёй Усходняй Эўропе. І пра гэта нельга не казаць.

А ўявіце сабе, што заўтра мы даведаемся, што Гарбачоў ў маладосьці супрацоўнічаў з КДБ. Прыкра будзе дазнацца пра гэта. Але ж тое, што ён зрабіў пасьля на пасадзе Генэральнага сакратара ЦК КПСС у мноства разоў важнейшае за тэарэтычна магчымае супрацоўніцтва з КДБ.

Канечне, у ідэале было б, каб Валэнса сам публічна прызнаўся ў супрацоўніцтве з камуністычнай спэцслужбай, калі такое насамрэч было.

А што тычыцца люстрацыі ў Беларусі? Канечне, яна павінна прайсьці. У якой форме? Гэта пытаньне. Паколькі, я перакананы, такое адбудзецца ня хутка, то і спрачацца зараз пра гэта, мабыць, ня самы лепшы ход. Дачакаемся, калі дажывем, і пабачым, як яна будзе насамрэч.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG