Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі адзначылі Дзень савецкай акупацыі


Грузінская ганаровая варта на цырымоніі, прысьвечанай гадавіне акупацыі Грузіі Савецкай Арміяй. 25 лютага 2016 году

Грузінская ганаровая варта на цырымоніі, прысьвечанай гадавіне акупацыі Грузіі Савецкай Арміяй. 25 лютага 2016 году

95 гадоў таму спыніла існаваньне Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка.

25 лютага ў Грузіі адзначылі 95 гадоў з Дня савецкай акупацыі — на будынку парлямэнту і іншых дзяржаўных установаў і ведамстваў па ўсёй тэрыторыі краіны прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі. Прэзыдэнт, прэм’ер, сябры Кабінэту міністраў і іншыя палітыкі ўсклалі вянкі да мэмарыялу юнкерам, якія загінулі ў гэты дзень у 1921 годзе ў баях з Чырвонай Арміяй на подступах да Тбілісі.

«Сёньня Дзень савецкай акупацыі. Гэта дзень, калі нашы вайсковыя злучэньні, народная гвардыя і добраахвотнікі праявілі самаадданы гераізм у загадзя прадвызначанай сутычцы. Нягледзячы на тое, што бітва скончылася паразай, у канчатковым выніку вайна за захаваньне сувэрэнітэту Грузіі выйграная. Сёньня тое, што над гэтым будынкам разьвіваецца дзяржаўны сьцяг Грузіі, тое, што сёньня мы можам прымаць сувэрэнныя рашэньні, у тым ліку аб заходнім курсе Грузіі, — заслуга гэтых людзей і яшчэ многіх герояў, якія аддалі свае жыцьці за незалежнасьць нашай краіны», — заявіў прэм’ер-міністар Грузіі Георгі Квірыкашвілі на пасяджэньні ўраду 25 лютага.

Згодна з рашэньнем грузінскага парлямэнту ад 21 ліпеня 2010 году, 25 лютага абвешчаны ў Грузіі Днём савецкай акупацыі, у гонар памяці людзей, якія «былі забітыя акупацыйным камуністычным рэжымам па палітычных матывах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG