Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крама» антыкрызісная: Ігар Варашкевіч пра ўказы № 222 і № 78, «жыроўкі» і пратэст супраць Uber


Ігар Варашкевіч і гурт "Крама"

Ігар Варашкевіч і гурт "Крама"

Напярэдадні вялікага менскага канцэрту лідэр гурту распавёў Свабодзе пра сваё стаўленьне да гучных навінаў апошніх дзён.

Вялікі сольны канцэрт славутага гурту «Крама», сапраўдных вэтэранаў беларускага року, пройдзе ў нядзелю, 28 лютага ў менскай рэстарацыі «Сябры». Апошні на сёньня альбом «Крамы» «Белая вада» выйшаў больш за год таму, з таго часу гурт не выдаваў новых запісаў. Зь нядаўніх інтэрнэт-прэм’ераў — адно сьвежы кліп на загалоўную песьню альбому. А новыя песьні калі дзе і можна пачуць, то толькі на канцэрце. Але гурт рыхтуе вялікія сюрпрызы на 25-годзьдзе, якое будзе адзначаць бліжэй да восені.

Свабода вырашыла не пытаць лідэра «Крамы» пра музыку, якую лепей паслухаць нажыва. Замест гэтага Ігар Варашкевіч распавёў Свабодзе пра сваё стаўленьне да актуальных навінаў.

Пра «жыроўкі»

Рахункі за камунальныя паслугі ў студзені ў многіх вырасьлі амаль удвая. Лукашэнка раскрытыкаваў падвышэньне і прыгразіў саджаць вінаватых. Ужо заведзеныя 13 крымінальных справаў.

Ігар Варашкевіч

Ігар Варашкевіч

— Таксама павялічылася «жыроўка». У Менску, як ва ўсіх, стала больш. Ня памятаю, на 200 ці на 300 тысяч больш стала. У маці іншая сытуацыя ў Баранавічах: яна інвалід, ёй ацяпленьне аплочваюць, у яе за мінулы месяц нічога не зьмянілася. А што ў мяне падаражэла... Ведаеце, у мяне жыцьцё такое цікавае, што я на такія рэчы не зьвяртаю ўвагі. Мяне ніколі не краналі нейкія дэфолты — жыву сабе і жыву. У мяне ў кішэні 500 тысяч ці мільён — розьніцы вялікай няма. Калі мільён — буду больш есьці, калі 500 тысяч — менш, калі 100 — яшчэ менш, і ўсё.

Пра падзеньне зарплатаў і антыкрызісныя меры

Сытуацыя ў краіне цяжкая, але Лукашэнка адхіліў прапановы аб эканамічных рэформах і падпісаў «антыкрызісны» ўказ № 78, які ня ўразіў эканамістаў. Сярэдняя зарплата беларусаў тым часам рэзка ўпала: мінус мільён за месяц, да 300 даляраў. Ці ня страшна, што людзі стануць меней хадзіць на канцэрты?

— Каб маё жыцьцё залежала ад канцэртаў... А так ня шмат залежыць. Але ж людзі ходзяць на канцэрты! J:mors сабралі канцэрт у Prime Hall, малады гурт Navi сабраў Re:Public, таму што мне баяцца? Баюся хіба нейкія прагнозы даваць, бо я ня Ванга, ды й не цікаўлюся гэтым. Я адно заўсёды зьдзіўлены цярплівасьцю беларусаў, якія чакаюць, пакуль ім у кішэню залезуць ці пакуль смажаны певень ня клюне ў адно месца.

Пра Пуціна і крэдыты

25 лютага Менск наведаў Пуцін, горад быў увешаны расейскімі сьцягамі. Улады Беларусі, верагодна, чакалі крэдыту, але невядома, ці дамовіліся пра яго. Ад напругі Лукашэнка назваў Пуціна Дзьмітрыем Анатольевічам. — Я трохі адышоў ад палітыкі, ды і быў у маці — ежджу праз тыдзень ёй дапамагаць. Сёньня быў у Баранавічах, пад вечар толькі прыехаў дамоў, таму менавіта сёньня не цікавіўся навінамі, у «Фэйсбуку» нічога ня бачыў. Таму проста не валодаю інфармацыяй. А што людзі спадзяюцца — дык людзі заўсёды спадзяюцца.

Пра прадпрымальнікаў

Падобна, што ўказ № 222, празь які ўжо два месяцы бастуюць беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, скасоўваць не зьбіраюцца. Прадпрымальнікі ўжо двойчы мітынгавалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, прычым на другі мітынг прыйшлі таксама «аранжавыя чалавечкі». У нядзелю, перад канцэртам «Крамы», плянуецца правесьці яшчэ адзін несанкцыянаваны мітынг.

— Нейкі працэс павінен быў адбыцца ўжо даўно. Напэўна, цяпер сытуацыя настолькі нэгатыўная, што людзі вырашылі такім чынам пратэставаць — ня проста не працаваць. Але што насамрэч адбываецца, я ня ведаю. Я жыву сваім жыцьцём, не хаджу на рынак. Дзе я жыву, у маім раёне на Маскоўскім рынку сытуацыя зьмянілася, што там мала прадуктаў, тую бульбу ці моркву, што звычайна купляў на рынку, прасьцей купіць у краме.

Пра Uber і таксоўшчыкаў

Нядаўна ў Менску запусьцілі альтэрнатыўную службу таксі Uber. Супрацоўнікі традыцыйных службаў таксі зьбіраліся пратэставаць і пагражалі перакрыць горад. Але масавых пратэстаў пакуль не было, ды й у інтэрнэце таксоўшчыкаў хутчэй параўноўвалі з лудытамі.

— Пра гісторыю чуў, але даволі рэдка карыстаюся таксі, Uber зусім не карыстаўся і наўрад ці ў бліжэйшым часе буду. Не магу адказаць, што дрэнна ці што нядрэнна. Не сказаў бы, што ў нас таксі кепскае, нічога такога не заўважаў ні ў Менску, ні ў Баранавічах. Заўсёды своечасова прыяжджалі, не падманвалі. Калі прыехаць на вакзал і падысьці да таксіста, там іншая справа: ён назаве кошт у два разы болей, гэта я ведаю. А калі па тэлефоне выклікаю таксі, то ўсё нармалёва.

Пра Дзень абаронцы Айчыны і 8 сакавіка

Канцэрт «Крамы» адбудзецца між двума сьвятамі савецкай эпохі, якія дагэтуль адзначаюць у Беларусі — між Днём абаронцы Айчыны 23 лютага і Міжнародным жаночым днём 8 сакавіка. Ва Ўкраіне 23 лютага нядаўна перасталі адзначаць, у Беларусі ж ня толькі адзначаюць савецкае сьвята, але і не адзначаюць сваю вялікую перамогу. Дык мо варта было прымеркаваць канцэрт да «мужчынскага» ці «жаночага» дня?

— Канцэрт зь імі ніяк не зьвязаны, я не сьвяткую. Ну, 8 сакавіка даводзіцца сьвяткаваць — зразумела, што жанчыне трэба зрабіць падарунак, купіць кветкі... А 23 лютага я не сьвяткую даўно, нягледзячы на тое, што служыў быў у савецкім войску з 1979 году па 81-шы. Але той краіны, у якой гэтае сьвята было, не існуе з 1991 году, таму адкуль гэтае сьвята існуе па сёньняшні дзень тут, я не разумею. Прычым гэтае сьвята любяць адзначаць тыя людзі, якія не служылі ў войску, і крычаць больш за іншых. «Дзень мужчыны» — што гэта такое? А Дзень абаронцы Айчыны — калі б была такая Айчына, мо і патрэбны быў бы дзень. Але пакуль Айчына такая чырвона-зялёная, які Дзень абаронцы можа быць? Калі я ў Баранавічах бываю, дзе маці і дзе нарадзіўся, то там шмат вайскоўцаў — і ў кожнай другой машыне вісіць «каларадзкая» стужка, значна больш, чым у Менску. Таму пра якое сьвята абаронцы можна казаць?

Пра «Басовішча» і маладыя гурты

За 10 дзён да канцэрту «Крамы» прайшоў адбор фіналістаў фэстывалю «Басовішча», дзе некалі «Крама» была частым госьцем. На адборы перамаглі гурты .К, The Glitchhh, INTELLIGENCY, M.G.

— Пра вынікі конкурсу ня чуў. Ды й на «Басовішча» мяне ў гэтым годзе не запрашалі госьцем. Але за новымі гуртамі сачу, вельмі падабаюцца Re1ikt, Navi, больш за ўсіх TonqiXod падабаюцца.

XS
SM
MD
LG