Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Піліпец на волі, аднак ягоны дом пустуе


Дом Піліпца.

Дом Піліпца.

Былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, які вызваліўся з папраўчай калёніі № 2 Бабруйску пры канцы 2015 году, не засяляўся нанова ў дом, у якім жыў да арышту.

Гэты дом у Гомелі на вуліцы Пралетарскай пустуе ад верасьня 2012 году. Нядаўна побач зь ім пачалі рабіць фундамэнт нейкай новай будыніны.

У Калінкавічах, адкуль пачынаў сваю кар’еру Віктар Піліпец і дзе ў мясцовым райвыканкаме цяпер старшынюе ягоны брат Іван, ведаюць пра вызваленьне. Нават апавядаюць, што Віктар нібыта працуе цяпер па лініі камэрцыі, але не на Гомельшчыне.

Родам Віктар Піліпец зь вёскі Давыдавічы Калінкавіцкага раёну. Скончыў у райцэнтры Палескі саўгас-тэхнікум. Адзінаццаць гадоў працаваў у саўгасе «Беразьнянскі» — начальнікам мэхатраду, намесьнікам, а потым і дырэктарам гэтай гаспадаркі. Вучыўся завочна у Беларускай сельгасакадэміі і Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

У трыццаць пяць гадоў Віктар Піліпец узначаліў Калінкавіцкі райвыканкам. Раён быў ў ліку сярэднякоў, але стаў шырока вядомы з прычыны падтрымкі ў вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі рэспубліканскага фэсту сатыры і гумару.

У ліпені 2007 годзе Піліпца забралі на пасаду памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці, а праз два гады ўжо зь Віцебску перавялі ў Гомель кіраваць мясцовым гарвыканкамам.

За кратамі Піліпец апынуўся ў верасьні 2012 года з-за махінацый з кватэрамі, прызначанымі для засяленьня жыхароў з вуліцы Барыкіна, чые прыватныя дамы патрапілі пад знос з прычыны пашырэньня праежджай часткі. Дваццаць сем кватэраў раздалі гарадзкім і абласным начальнікам, у тым ліку з УКДБ і УУС Гомельскага аблвыканкаму. Эканамічны крызыс быў акурат на руку: жытло патрэбныя людзі атрымлівалі па старой цане, па якой пачыналі будаваць яшчэ тады, калі даляр каштаваў 3 тысячы. Дзьве кватэры, па сутнасьці, па сабекошце, прыдбаў сабе і Віктар Піліпец, аформіўшы іх на падстаўных асобаў.

Віктара Піліпца судзілі ў Магілёве, каб пазьбегнуць ціску на суд. Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. Вырак — пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

На волю Піліпец выйшаў раней тэрміну пасьля дзьвюх амністый. Апошнім часам чыноўнікаў, якія патрапілі за краты за карупцыю, кіраўнік дзяржавы мілуе і адпраўляе ачольваць сельгаспрадпрыемствы. Ці прапануюць Віктару Піліпцу які саўгас, пакуль невядома.

XS
SM
MD
LG