Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЫЦАР. Як я запісвала інтэрвію з другім постсавецкім прэзыдэнтам Эстоніі Арнольдам Руйтэлем


Сайт праекту «Расея і я»

«Лепей прыяжджайце ў Талін улетку, вам больш спадабаецца. Цяпер у нас яшчэ дзьме халодны вецер», рэкамэндаваў мне дарадца былога прэзыдэнта Эстоніі прафэсар Юры Кан. Я прыляцела ў Талін на інтэрвію напачатку жніўня.

Першапачаткова мы плянавалі запісаць інтэрвію на родным хутары прэзыдэнта на высьпе Саарэмаа, дзе ён звычайна праводзіць лета. У выніку ўсё ж дамовіліся сустрэцца ў Таліне ў ягоным офісе ў Кадрыоргу, прэстыжным раёне эстонскай сталіцы.

Прэзыдэнту Арнольду Руйтэлю, як і Леаніду Краўчуку, Пэтру Лучынскаму, Вітаўтасу Ландсбэргісу можна наўпрост патэлефанаваць на мабільны. Былы прэзыдэнт цяпер рэдка дае інтэрвію, абмяжоўваецца кароткімі камэнтарамі, але мне ўдалося пераканаць яго паўдзельнічаць у праекце Радыё Свабода «Расея і я». Я сказала, што гэты праект ня будзе поўным без Арнольда Руйтэля, які адыграў ключавую ролю ў аднаўленьні незалежнасьці Эстоніі.

І вось я ля невялікага драўлянага дамку, у якім месьціцца офіс былога прэзыдэнта. Недалёка палац Кадрыорг, прыгожая сажалка, ідэальнае месца для прагулак, якія вцельмі любіць 87-гадовы Арнольд Руйтэль.


Я прыехала на запіс за гадзіну да прызначанага часу. У офісе ўжо выстаўлялі камэры апэратары. Арнольд Руйтэль і ягоны шматгадовы дарадца Юрый Кан ужо таксама на месцы. Як мне патлумачыў Юрый, прэзыдэнт вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да гутаркі, бо тэма Расеі — вельмі важная, і кожнае слова мае быць узважанае. Менавіта з гэтай прычыны Арнольд Руйтэль вырашыў даваць інтэрвію на сваёй роднай мове, па-эстонску, каб вельмі дакладна выказаць сваю думку, што, магчыма б, у яго не атрымалася б па-расейску.

Прозьвішча прэзыдэнта перакладаецца з эстонскай мовы як рыцар. Шляхетны і вытанчаны, дагэтуль у добрай фізычнай форме, Руйтэль як рыцар адстойваў незалежнасьць Эстоніі пры канцы 1980-х гадоў як старшыня парлямэнту ЭССР, і як прэзыдэнт незалежнай Эстоніі ў 2000-х гадах, калі даводзілася адмаўляцца ехаць на сьвяткаваньне 9 траўня ў Маскву.

Прэзыдэнт дагэтуль добра памятае, як пасьля падпісаньня пакту Молатава-Рыбентопа савецкія войскі ўвайшлі на яго радзіму, як ля бацькоўскай хаты на Саарэмаа праходзіла вайсковая калёна. «Гэтая карціна да гэтага часу стаіць перад маімі вачыма. Я ўжо тады зразумеў, што зраблю ўсё магчымае, каб перамагла справядлівасьць. Напэўна, гэта і ёсьць тое, што можна зараз назваць маім галоўным дасягненьнем. Няхай яно прыйшло і праз дзясяткі гадоў».

Прэзыдэнт з усьмешкай успамінае, як Ленарт Мэры, раней міністар замежных справаў Эстоніі, а потым першы эстонскі постсавецкі прэзыдэнт, быў разам зь ім, тагачасным кіраўніком дзяржавы, з візытам у Белым доме і пазначыў маркерам на гістарычным глобусе месца, дзе знаходзіцца Эстонія.

Арнольд Руйтэль з гонарам згадвае паездку ў Маскву адразу пасьля путчу ў 1991 годзе, калі ён разам зь Ельцыным выходзіў да абаронцаў Белага дому, і тады ж Барыс Мікалаевіч яго запэўніў, што Расея прызнае незалежнасьць Эстоніі.

Мой апэратар Іва і перакладчык Стас называюць былога прэзыдэнта проста Арнольдам. Мне гэта падаецца крыху фамільярным. Але напэўна, гэта сьведчыць пра дэмакратызм і добразычлівасьць прэзыдэнта, у якога цалкам адсутнічае фанабэрыстасьць. Мы зь ім даволі доўга размаўляем пасьля запісу, разглядаем архіўныя фатаграфіі. На разьвітаньне Арнольд Руйтэль кажа: «Абавязкова патэлефануйце, калі наступным разам прыедзеце ў Эстонію. Сходзім на каву».

Навуковец, які стаў кіраўніком дзяржавы. Старшыня Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету ЭССР, які адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай 16 лістапада 1988 году, якая стала першай дэклярацыяй аб сувэрэнітэце ў СССР. Прэзыдэнт, падчас кіраўніцтва якога Эстонія стала сябрам ЭЗ і НАТА. Былы прэзыдэнт, які стаў дарадцам Віктара Юшчанкі пасьля Аранжавай рэвалюцыі і які мае бясспрэчны аўтарытэт ва Ўкраіне. 87-гадовы эстонец, які атрымаў тытул «сябра здароўя» за шматкілямэтровыя прагулкі з палкамі, чыім імем названая спэцыяльная спартовая трапа.

Такім я пабачыла другога постсавецкага прэзыдэнта Эстоніі Арнольда Руйтэля. А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG