Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашылі ў Менску лёс расейскага крэдыту?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

У Менску прайшло пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, у якім узялі ўдзел расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў.

Паводле афіцыйных крыніцаў, Лукашэнка і Пуцін зацьвердзілі пакет з 13 дакумэнтаў, якія тычацца, сярод іншага, вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін у мінулым годзе, а таксама плянаў на 2016 год. Таксама зацьверджаны саюзны бюджэт.

Аднак не паведамляецца, ці вырашана пытаньне пра ўзычэньне Беларусі расейскага крэдыту ў памеры двух мільярдаў даляраў.

Пытаньне пра выдзяленьне Расеяй крэдыту Беларусі ўздымалася ў канцы мінулага году, аднак ніякіх рашэньняў прынята не было. Лукашэнка на мінулым тыдні заяўляў, што Расея дапаможа Беларусі праз Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, бакі дамовіліся прыкласьці максымум намаганьняў для ліквідацыі бар’ераў і выключэньняў на адзіным рынку:

«Мы прыйшлі да адзінага разуменьня, што сёньня павінны паўсюдна, у яшчэ больш шчыльнай увязцы, надаваць як мага больш увагі пытаньням эканомікі і прыкладаць максымум намаганьняў для нарошчваньня ўзаемнага тавараабароту, умацаваньня нашых каапэрацыйных сувязяў, фармаваньня адзінай прамысловай палітыкі, ліквідацыі бар’ераў і выключэньняў на адзіным рынку».

Лукашэнка выказаў перакананьне, што «ў новых умовах» удасца пераадолець праблемы.

Падчас пасяджэньня вялікая ўвага надалі вынікам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі за 2015 год. Паводле Лукашэнкі, краіны знаходзяцца пад уплывам зьнешніх пагроз эканомікам.

Падчас пасяджэньня зацьверджаны бюджэт «саюзнай дзяржавы» на 2016 год у памеры больш як 6 млрд расейскіх рублёў.

Лукашэнка лічыць гэтае рашэньне важным у няпростай фінансава-эканамічнай сытуацыі. Значная частка бюджэту пойдзе на фінансаваньне саюзных праграм і мерапрыемстваў.

На пасяджэньні абмеркавалі выкананьне праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне зьнешняй палітыкі Беларусі і Расеі і зацьвердзілі новую праграму на 2016–2017 гады.

«Адсутнасьць якога-небудзь недастатковага разуменьня, недаверу ва ўзаемадзеяньні нашых краін на міжнароднай арэне як мага лепш дэманструе беларуска-расейскае адзінства і стратэгічнае партнэрства ў гэты няпросты час», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, выпрацаваны дакладны плян дзеяньняў рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, якія адпавядаюць сучасным стандартам.

«Мы выказаліся за ўмацаваньне ўзаемадзеяньня па ўсіх напрамках, перш за ўсё па пашырэньні і разьвіцьці інтэграцыйных працэсаў», — цытуе БелТА Лукашэнку.

XS
SM
MD
LG