Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОВЕЦ. Як я запісвала інтэрвію з першым прэзыдэнтам Кіргізстану Аскарам Акаевым


Сайт праекту Свабоды «Расея і я»

Першы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў адразу пагадзіўся на інтэрвію для праекту Свабоды «Расея і я». Думаю, што яму хацелася пагаварыць пра Расею. Калі абмяркоўвалі час і месца інтэрвію, толькі папрасіў даслаць пытаньні, каб быць падрыхтаваным да размовы.

Знайсьці кантакты прэзыдэнта-ўцекача мне дапамагла дырэктарка кіргізскай службы Свабоды Венера Джуматаева. Разам зь ёй мы выправіліся ў Маскву на інтэрвію з Акаевым. Я была моцна ўражаная, як часта мы сустракалі кіргізаў у расейскай сталіцы — ва ўнівэрсытэце, у гатэлі, у таксі, ў рэстарацыях. Паводле апошніх дадзеных, каля аднаго мільёну зь пяці з паловай мільёнаў жыхароў Кіргізстану цяпер жыве ці працуе ў Расеі. Выглядае цалкам лягічна, што ў Расеі ўжо 10 гадоў жыве і першы прэзыдэнт гэтай краіны.

Дэталі інтэрвію я абмяркоўваю зь яго памочнікамі, а хутчэй калегамі-навукоўцамі, пераважна нараджэнцамі Кіргізстану. Асьпіранты, кандыдаты навук не хаваюць свайго захапленьня Аскарам Акаевым, мне адразу ж прапаноўваюць схадзіць на лекцыю Аскара Акаевіча ва ўнівэрсытэт, наведаць канцэрт клясычнай музыкі, куды пойдзе былы прэзыдэнт, тлумачаць, які гэта ўнікальны чалавек і бліскучы навуковец.

Акаеў ні на хвіліну не спазьняецца. Разам зь ім у шыкоўны будынак маскоўскага Дому вучоных прыходзяць калегі-навукоўцы, ягоныя асьпіранты і студэнты. Яны разьмяшчаюцца ў суседнім пакоі і праз адкрытыя дзьверы ўважліва слухаюць размову.

Тэма ўзаемаадносінаў з Расеяй для Акаева вельмі спрыяльная. Ён лічыць Расею сваёй другой радзімай, ганарыцца гэтай краінай, удзячны расейскім уладам за прытулак, а расейскім вучоным — за магчымасьць плённа вярнуцца ў навуку. Аскар Акаеў падтрымлівае расейскія ўлады ва ўсім. Для яго «Крым наш» без усялякіх сумневаў, былы прэзыдэнт прызнаецца, што пасьля анэксіі Крыма стаў яшчэ лепш ставіцца да ўладаў Расеі. Ён умела выкарыстоўвае клішэ расейскай прапаганды, часам падтасоўваючы факты. Калі я пытаюся, чаму, на яго думку, рэйтынг Пуціна у Кыргызстане вышэйшы чым у Расеі, Аскар Акаеў прыводзіць і такі аргумэнт: «Калі я не памыляюся, часопіс „Тime“ нават двойчы прызнаваў Пуціна найлепшым палітычным лідэрам сьвету, аддаючы перавагу нават перад прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Абамам». Насамрэч амэрыканскі часопіс Time назваў Уладзімера Пуціна «чалавекам году» толькі аднойчы, у 2007 годзе. Гэтае званьне часопіс у розныя гады надаваў і Ёсіфу Сталіну (двойчы) і Адольфу Гітлеру. Паводле рэдкалегіі, «чалавек году» паводле вэрсіі Time — не ганаровае званьне і не ўхвала, у лепшым выпадку гэта прызнаньне таго, што асоба найбольш уплывала — у лепшы ці горшы бок на падзеі ў сьвеце«.

Усіх экс-прэзыдэнтаў я пыталася пра стаўленьне да Радыё Свабода. Аскар Акаеў лічыць, што ў гады станаўленьня дэмакратыі Свабода адыграла канструктыўную, карысную ролю, а зараз ён ня ведае, бо мае шмат навуковай працы. Ужо пасьля інтэрвію Аскар Акаеў мякка тлумачыць: «Вы мяне, напэўна, не падтрымаеце, але я — чалавек Усходу, усходняй цывілізацыі, я крытычна стаўлюся да палітыкі Амэрыкі». Пры гэтым амэрыканская ваенная база «Манас» зьявілася ў Кіргізстане падчас ягонага прэзыдэнцтва. Цяпер Аскар Акаеў перакананы, што «цюльпанавая рэвалюцыя» была інсьпіраваная ЗША. І на лягічнае пытаньне Венэры Джуматаевай «Калі вас зрынула Амэрыка, то хто тады зрынуў Курманбека Бакіева?», Аскар Акаеў адказвае, не задумваючыся: «Народ». Нагадаю, што народныя пратэсты падчас «цюльпанавай рэвалюцыі» былі выкліканыя фальсыфікацыяй выбараў, зьменай Канстытуцыі і карупцыяй.

Былы прэзыдэнт дае высокую ацэнку доўгаму прэзыдэнцтву Аляксандра Лукашэнкі, і тлумачыць гэта ўсё тым жа «выбарам народу» Пры гэтым Аскар Акаеў, як выглядае, дагэтуль трымае крыўду на беларускага кіраўніка за тое, што той прытуліў Курманбека Бакіева. «Сам Лукашэнка заўсёды сьцьвярджаў, што яны людзі блізкія па духу, што ў іх аднолькавыя погляды ў палітыцы, што ў іх аднолькавае стаўленьне да ўлады, таму, напэўна гэта заканамерна, што Бакіеў апынуўся менавіта ў Беларусі», перакананы Акаеў.

Прэзыдэнт-уцекач, які, губляючы ўладу, ня даў загаду «Страляць». Навуковец, які за 10 апошніх гадоў апублікаваў каля сотні навуковых працаў. Былы палітык, для якога Расея — гэта сьвет рускай навукі і культуры. Кіргіз, які марыць вярнуцца на Радзіму, але пакуль ня можа гэтага зрабіць. Шчыры і адданы прыхільнік сучаснай Расеі.

Такім я пабачыла першага прэзыдэнта незалежнага Кіргізстану. А вось ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG