Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыроўкі за студзень пералічаць? Прынамсі ў адным доме. ФОТА


Субсыдыяваць аплату паслуг ЖКГ будуць з рэзэрвовага фонду Аляксандра Лукашэнкі.

Пачалі зьяўляцца абвесткі пра пераразьлікі жыровак за мінулы месяц.

Паводле ўказу Лукашэнкі № 76 «Аб удакладненьні асобных паказьнікаў рэспубліканскага бюджэту на 2016 год» ад 23 лютага сродкі на субсыдыі ў «жыроўкі» ў 2016 годзе будуць выдаткаваныя з рэзэрвовага фонду Лукашэнкі.

Сродкі рэзэрвовых фондаў накіруюць на фінансаваньне расходаў па выплаце малазабясьпечаным сем’ям і іншым сацыяльна ўразьлівым катэгорыям насельніцтва безнаяўных жыльлёвых субсыдыяў.

Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту зьменшаны на 8 трлн рублёў (амаль 370 млн даляраў). Адпаведна, столькі будзе скіравана з рэзэрвовага фонду на сацпадтрымку. Указам таксама рэкамэндавана стварыць у мясцовых бюджэтах рэзэрвовыя фонды на субсыдыяваньне жыльлёва-камунальных паслугаў сумарным памерам па рэспубліцы ў 2,8 трлн рублёў (амаль 130 млн даляраў). Ствараць апошнія прапанавана «за кошт асыгнаваньняў, прадугледжаных у адпаведных мясцовых бюджэтах на субсыдыяваньне жыльлёва-камунальных паслугаў».

Указ зьявіўся неўзабаве пасьля таго, як Лукашэнка 23 лютага паскардзіўся замежным дыпляматам на сытуацыю з тарыфамі. Ён абураўся «жорсткім тарыфам», сярод іншага прагучала фраза «трэба саджаць» адносна тых, хто «крадзе зь бюджэту» праз дадатковыя паказьнікі ў «жыроўках». Саджаць пачалі апэратыўна — 24 лютага стала вядома, што былі распачатыя 13 крымінальных спраў супраць службовых асобаў ЖКГ.

Дзе-нідзе па Беларусі пачаліся пераразьлікі сплатаў за камунальныя паслугі за студзень.

На абвестцы, якую ўбачыў у Менску карэспандэнт Свабоды, гаворыцца: «У рахунках-спавяшчэньнях на аплату камунальных паслугаў за люты 2016 году будзе зроблены пераразьлік па зьніжэньні аплаты за электраэнэргію месцаў агульнага карыстаньня».

Ці гэта рэакцыя на пагрозы Лукашэнкі пра «трэба саджаць»?

У ЖЭС-89 Свабодзе не змаглі патлумачыць, ці будуць рабіцца такія пераразьлікі па ўсім горадзе ці нават па ўсім раёне — дыспэтчарка сказала, што ведае толькі пра адзін канкрэтны дом, на якім такую абвестку павесілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG