Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зарплата, ты куды? Чаму заробкі абваліліся да 300 даляраў і ці вернуцца назад — тлумачыць Леў Марголін


За месяц беларусы страцілі амаль мільён сярэдняй зарплаты. І справа тут ня ў курсе даляра.

Паводле зьвестак Белстату, у студзені 2016 году сярэдняя зарплата па Беларусі склала 6 551 500 рублёў. Па курсе Нацбанку на момант публікацыі гэта 302 даляры. За месяц да таго, у сьнежні мінулага году, сярэдняя зарплата была на 872,5 тысяч вышэйшая — па тагачасным сярэднім курсе за месяц гэта 371,4 даляра.

Куды сышла зарплата? Калі яна вернецца? Гэта карэспандэнту Свабоды тлумачыць эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

— Чаму ў студзені зарплата ў рублях настолькі меншая за сьнежань? Справа ў мэтадах падліку па месяцах?

Леў Марголін

Леў Марголін

— Падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці, якое не суправаджаецца зьмяншэньнем колькасьці працаўнікоў, выклікае падзеньне сярэдняй зарплаты. Таму большасьць тых, хто працуе па дамове, атрымалі значна менш, чым у мінулым месяцы. Больш за тое, адбываецца зьмяншэньне заробкаў у тых, хто атрымлівае месячны аклад. Некалькі год таму ў нашу сыстэму аплаты працы было закладзена так: мінімальны аклад і розныя надбаўкі за стаж, за добрую працу, прэміі розныя. А цяпер гэтыя надбаўкі адмяняюцца.

— Гаворка толькі пра зарплаты на прадпрыемствах?

— Не, у бюджэтнікаў таксама. Я ведаю, што ў праваахоўных органах, у пракуратуры, у Сьледчым камітэце таксама ідзе гэты працэс.

— Але раней, калі падаў беларускі рубель да валюты, зарплаты ў беларускіх рублях, здаецца, падвышаліся. Цяпер рубель таксама ўпаў, а зарплаты ў рублях падвышацца ня будуць?

Дзяржава не дае пазыкаў, таму немагчыма павялічваць заробкі штучна.

— Раней не было такой жорсткай манэтарнай палітыкі. Не хачу сказаць, што яна цяпер надта жорсткая, але больш строгая, чым два ці тры гады таму. Тады прадпрыемствы павінны былі захоўваць нейкія сярэднія заробкі, бо іначай пайшоў бы вялікі адток кадраў, у тым ліку за межы і ў першую чаргу ў Расею, дзе заробкі былі значна вышэйшыя. Цяпер такой задачы няма, бо калі ў нас падаюць заробкі, у Расеі яны таксама падаюць. І ехаць па тое, што зараз змогуць прапанаваць расейскія прадпрымальнікі, ужо, па вялікім рахунку, няма сэнсу. Ну, і грошай няма. Дзяржава не дае пазыкаў, таму немагчыма павялічваць заробкі штучна.

— Дзіўная рэч: у Беларусі МАЗ часам прастойвае, адсылае працаўнікоў у неаплочаныя адпачынкі, а аўтобусы МАЗ вырашылі зьбіраць у Польшчы. Чаму ж іх не зьбіраць у Беларусі?

— Гэта залежыць ад дамоўленасьці з польскім бокам. Але гэта і так, і так выгадна: і тут зьбіраць аўтобусы, і ў Польшчы, бо прынамсі першы час яны будуць зьбірацца зь беларускіх машынных камплектаў. Далей ужо як дамовіліся. Палякі мо сказалі, што купляць аўтобусы ў нас ня будуць, але калі мы адкрыем у іх вытворчасьць, то, можа, нават дапамогуць інвэстыцыямі. Гэта вымушаны крок. Але каб такіх крокаў быў не адзін, а сто, то, можа, і МАЗу было б лягчэй.

— То ў прынцыпе ў Беларусі ёсьць прадукцыя, якую мы можам прадаваць на экспарт, вырабляць яе болей і нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці, каб ад гэтага падвысіліся зарплаты? Ці гэта безнадзейна?

Беларускі абутак, адзеньне, тканіны часткова ідуць на экспарт, ёсьць неблагія ўзоры. Але такіх відаў прадукцыі становіцца ўсё менш і менш.

— Думаю, ёсьць. Экспарт жа ня зьнізіўся да нуля, хоць і значна скараціўся. Мы часам і не ўяўляем, якія звычайныя рэчы могуць ісьці на экспарт. Лічым, што беларускае нічога ня вартае — беларускі абутак, адзеньне, тканіны таксама часткова ідуць на экспарт, ёсьць неблагія ўзоры. Але такіх відаў прадукцыі становіцца ўсё менш і менш, колькасьць самой прадукцыі на экспарт мае тэндэнцыю да паніжэньня.

— Дык што рабіць, каб падвысіліся зарплаты, калі з экспартам такая праблема?

— Рэформы рабіць! Тое, што робіць Лукашэнка, гэта шараговы заклён. Прачытаў учора ўказ № 78 — ну, ня ведаю, можа ён абстаўлены сакрэтнымі дапаўненьнямі, але тое, што напісана ў самім тэксьце ўказу, гэта іначай як заклёнам не назваць. Падвысіць прадукцыйнасьць працы на 25% — як, з чаго, дзякуючы якім інвэстыцыям? А інвэстыцыі трэба наагул скараціць! Менш закупляць абсталяваньне і гэтак далей... Гэта нонсэнс, бо калі менш закупляць абсталяваньне, то як падвысіць прадукцыйнасьць працы? Пакуль рэформы рабіцца ня будуць, ніякіх зьменаў і не адбудзецца.

— Тое, што з афіцыйнага Менску зьнялі амаль усе санкцыі, можа прывесьці да інвэстыцыяў з Захаду?

Заходнія бізнэсоўцы таксама добра адчуваюць агульны клімат. І калі ім зь міністэрстваў іхных краінаў кажуць «у Беларусь не хадзіце», то яны і ня ходзяць, а калі скажуць, што можна ісьці, то некаторыя мо і адважацца.

— Нават пры тым, што цяпер зьявілася нейкая надзея на ажыўленьне інвэстыцыяў у сувязі са скасаваньнем так званых санкцыяў адносна беларускага боку, ня думаю, што ўсё ажывіцца. Бо заходнія бізнэсоўцы таксама добра адчуваюць агульны клімат. І калі ім зь міністэрстваў іхных краінаў кажуць «у Беларусь не хадзіце», то яны і ня ходзяць, а калі скажуць, што можна ісьці, то некаторыя мо і адважацца. Але ня думаю, што гэта будзе шырокая плынь. Думаю, вузкі ручаёк, які сытуацыю не ўратуе.

— Ва Ўкраіне ня раз даводзілася чуць: «Я зарабляю афіцыйна 1000 грывень, а падпрацоўваю і маю яшчэ 7000». Такія шалёныя «ценевыя» лічбы. А ці магчыма, што і ў нас чалавек будзе знаходзіць шляхі, каб падзарабляць?

— Безумоўна, цяпер усе знаходзяць шляхі падзарабляць. Вядома, гэта ня тыя маштабы, што калісьці былі ва Ўкраіне, а там гэтага ніхто не хаваў нават. Можаш зарабляць — зарабляй, там ніхто не замінаў прадпрымальнікам, можаш рабіць, то рабі на здароўе. У нас такога няма, у нас «парадак» у гэтым навялі даўно. Але магчымасьці падзарабляць ёсьць: прысядзібны ўчастак, праца на будоўлях-рамонтах, бытавых паслугах, халадзільнік адрамантаваць ці машыну... Мне не аднойчы даводзілася слухаць, як людзі з прадпрыемстваў казалі: «Я працую на прадпрыемстве тры дні праз тры. Магу ў вольны час займацца рамонтамі ці будаўніцтвам». Без падпрацовак у нас ніколі не было і цяпер ня будзе, але маштабы з Украінай не сувымерныя.

— Уявім, што ніякіх рэформаў ня будзе, што інвэстыцыяў больш ня стане. То ці змогуць зарплаты вярнуцца да «сакральных» 500 даляраў?

— Ні ў якім разе! Больш за тое, яны ня вернуцца ні да 400, ні да 300. Ёсьць жа шмат прыстасаваньняў, каб «падвысіць» у статыстыцы сярэднія заробкі — калі чалавек працуе на прадпрыемстве два дні на тыдзень і атрымлівае два мільёны, то ў статыстыцы гэтая сярэдняя зарплата пералічваецца на поўную занятасьць, і па гэтым заводзе будзе ня два, а пяць мільёнаў. І з такімі акалічнасьцямі рэальныя заробкі пры гэтай уладзе ня вернуцца нават да 300 даляраў. Дай божа, каб удалося захаваць 200–250 даляраў на месяц!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG