Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Весялуха

Сяргей Абламейка. Дом літаратара: пісьменьніцкія гісторыі. — Мінск: Галіяфы, 2015. — 200 с.

Для ўдзельнікаў сталічнай літаратурнай тусоўкі гэты зборнік гісторый не раскрые ніякіх сакрэтаў, ня зьдзівіць і ня ўразіць навізной і сьвежасьцю вобразаў. Некаторыя героі апавяданьняў так падобныя на рэальных літаратараў, што аўтару на ўсялякі выпадак варта было б зрабіць пазнаку, накшталт «усе героі і падзеі, апісаныя ў кнізе, выдуманыя, любыя супадзеньні з рэальнасьцю выпадковыя». Але ж чытачам, далёкім ад пісьменьніцкіх дачыненьняў, цікава будзе зазірнуць хай і ва ўяўнае, але такое блізкае да рэчаіснасьці літаратурнае закулісьсе.

Што рабіць зь бібліятэкай, якая зьбіралася ўсё жыцьцё? Як расьпіярыць новую кнігу? Дзе знайсьці крыніцы натхненьня? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытаньні шукаюць героі пятнаццаці апавяданьняў Сяргея Абламейкі, што зьмясьціліся пад вокладкай новай кнігі. Можа падацца, што гэтыя тэксты ніяк паміж сабой не зьвязаныя, бо героі нібыта не знаёмыя паміж сабой, а дзеяньні гісторый адбываюцца то ў доме творчасьці, то ў рэдакцыйна-выдавецкім холдынгу, то на калідорах рэдакцыі часопіса, а тое і ўвогуле на Ўсходніх могілках Менску. Але калі прыгледзецца ўважлівей ды суаднесьці гэтыя часткі мазаікі са складнікамі сапраўднага літаратурна-выдавецкага працэсу, то становіцца зразумела: кожны з тэкстаў, як зьвяно ў ланцужку, зьяўляючыся самастойным і адасобленым, разам з тым дапаўняе і падкрэсьлівае папярэднія і наступныя расповеды.

Цікава таксама, што з кожнага апавяданьня вынікае своеасаблівая мараль-павучэньне: для чытача яна зьяўляецца ключом для разуменьня заканамернасьцяў сучаснага літаратурнага працэсу, а для пісьменьніка — становіцца сапраўднай запаведзьдзю, якую варта выконваць, каб стаць пасьпяховым і паважаным калегамі аўтарам. Думаецца, гэтыя пастуляты кожны з чытачоў зразумее па-свойму, я ж дапамагу пісьменьнікам і разгледжу некаторыя правілы прафэсійнага этыкету, якія вынікаюць зь пісьменьніцкіх гісторый «Дом літаратара».

1. Пачынальнікаў, клясыкаў беларускай літаратуры шануй, паважай і любі, як сваіх уласных дзядоў і прадзедаў. Кнігу не выпадкова распачынае гісторыя «На Дзяды», героі якой, маладыя сучасныя пісьменьнікі, выпраўляюцца на сталічныя Ўсходнія могілкі (а тут пахаваныя многія вядомыя аўтары), каб ушанаваць памяць сваіх папярэднікаў — клясыкаў беларускай літаратуры. Так ужо павялося, што імёны творцаў-пачынальнікаў у сьвядомасьці беларускіх аўтараў узводзяцца ледзь не ва ўзровень сьвятых, каго варта паважаць, нельга крытыкаваць і памяць пра якіх трэба шчыра захоўваць. Малады творца можа назваць сябе прадаўжальнікам традыцый клясыка (нават прыдумаць містычную гісторыю сустрэчы з духам памерлага творцы), але ні ў якім разе нельга востра крытыкаваць, адмаўляць ролю пэўных асобаў, высьмейваць нават самыя заганныя рысы прызнанага творцы. Беларуская літаратура гэтага не даруе.

2. Шануй настаўніка свайго літаратурнага. Яшчэ адна важная ў пісьменьніцкім лёсе постаць — творчы настаўнік. Лічыцца добрым тонам памятаць тых, хто ўзгадаваў твой літаратурны талент, дапамог знайсьці і рэалізаваць сябе. Пераемнасьць — наша ўсё! Калі ж маеце сьмеласьць паводзіцца так, як гэта робіць герой «Урокаў клясыкі», празаік-пачатковец Міхась Крывашапка (а ён цалкам адмовіўся ад ролі свайго настаўніка ў творчым сталеньні), будзьце гатовыя змагацца за свой стыль, свае творчыя прыёмы і бясконца даказваць, што вы самастойны суб’ект у літаратуры, а не таленавіты вучань таленавітага настаўніка.

3. Трымайцеся далей ад лайна (ў прамым сэнсе). Экспэрымэнты, гучныя творчыя маніфэсты, праца з рознымі матэрыяламі, формамі і сродкамі выразнасьці заўсёды вітаюцца. Але варта асьцярожней ставіцца да... лайна. Так, менавіта яго, самага натуральнага беларускага гною. З аднаго боку, гэта можа быць небясьпечна для здароўя і нават жыцьця (як у апавяданьні «Аматар гною»), зь іншага — памятайце пра «пазытыўны імідж» і думайце пра будучыню. Магчыма, аднойчы вам уручаць міжнародную прэмію па літаратуры, прысудзяць званьне ганаровага прафэсара прэстыжнага N-скага ўнівэрсытэту, журналісты пачнуць шукаць, з чаго вы пачыналі, а там — гной. Потым не адмыецеся.

4. Крыніца натхненьня — справа вельмі індывідуальная і асабістая. Спаборніцтва з калегамі, сябрамі па літаратурным асяродку можа быць вельмі карысным у творчым працэсе. Чужыя посьпехі падштурхоўваюць да больш актыўнай уласнай працы. Але крый божа ў творчай працы карыстацца чужымі крыніцамі натхненьня. Па-першае, шукаючы іх, разгадваючы загадкі чужога посьпеху, вы змарнуеце час і сілы, а па-другое, ня факт, што крыніца, такая жыцьцядайная для іншых, стане карыснай менавіта для вас. Калі патрэбна больш доказаў — зьвярніцеся да апавяданьня «Творчая матывацыя».

5. Чытайце творы калег, разам зь якімі бавіце вольны час, выпіваеце, ходзіце ў лазьню. У адваротным выпадку можа ўзьнікнуць канфлікт, сварка, ці яшчэ горш: ідэя, якая вам падавалася арыгінальнай і новай, мае рызыку ўжо быць рэалізаванай у творы калегі па цэху. Падобную гісторыю распавядае Сяргей Абламейка ў апавяданьні «Сябры». На старонках кнігі канфлікт усё ж завяршаецца хэпі-эндам, а сяброўству драматурга, паэта і двух празаікаў не пагражае небясьпека, ды ў рэчаіснасьці такая няўважлівасьць да творчасьці калег і сяброў можа быць недаравальнай.

6. Асьцярожней зь землякамі! Не сакрэт, што беларусы, гараджане ў першым ці другім пакаленьні, вялікую ласку маюць да сваіх родных мясьцінаў. Вёсачка на Аршаншчыне, Мёршчыне, Кобрыншчыне, дзе так добра было ў маленстве і так прыемна сёньня адпачыць на ўлоньні родных вясковых краявідаў. Прыемная і лагодная для вуха мясцовая гаворка, што нагадвае пра матулю, бабулю, землякоў, якія ўжо ў лепшым сьвеце... Настальгія — настальгіяй, але ў літаратурнай працы «зямляцтва» — зло, якога варта пазьбягаць ці хаця б абмяжоўваць. Чаму? Пачытайце апавяданьне Сяргея Абламейкі «Зямляцкае пачуцьцё». Яго галоўны герой, чыноўнік ад літаратуры, дырэктар буйнога выдавецкага холдынгу, на працы акружыў сябе толькі сваякамі ды землякамі. Паверце, нічога добрага з гэтага ня выйшла.

7. Асьцярожней з дыскусіямі ў сацыяльных сетках, асабліва ў камэнтарах! Герой апавяданьня «Камандная гульня» на сваім уласным прыкладзе паказвае, наколькі шкодным можа быць празьмернае захапленьне «камэнтатарствам» у сацсетках. Псыхалягічныя праблемы, канфлікты на працы і нават псыхасаматыка — калі псыхічны стан чалавека ўплывае на яго фізычнае здароўе. Вам могуць даць ня вельмі прыемную мянушку, да прыкладу, назваць «падпявалам», мянушка прычэпіцца ледзь не на ўсё жыцьцё, узьнікне дэпрэсія, а як яе вынік — могуць адняцца ногі ці рукі... Вам гэта патрэбна? Таму парада простая: калі ўзьнікае жаданьне пракамэнтаваць допіс і падтрымаць дыскусію, проста затрымайце дыханьне і палічыце да дзесяці.

8. Выхоўвайце спадкаемцаў. Гэтая парада — як адлюстраваньне запаведзі 2, але ня толькі. Так, у асобе вучняў і спадкаемцаў вы атрымаеце безумоўную падтрымку. Ніколі ня будзеце адзінокім, здабудзеце магчымасьць «харчавацца» маладой творчай энэргіяй. А яшчэ — вам будзе каму пакінуць у спадчыну багатую бібліятэку, сабраную адно з выбраных кніг: вашых уласных публікацый і самых-самых любімых твораў. І нават калі гэтае некалькі разоў «адфільтраванае» кніжнае багацьце ня зьмесьціцца ў адной шафе (то ж набытак усяго жыцьця!), вучні з радасьцю і ўдзячнасьцю будуць захоўваць усю вашу спадчыну. Больш за тое, менавіта ўдзячныя выхаванцы дапамогуць ператварыцца ў яркага героя мэмуараў: яны пацьвердзяць вашы ўласныя ўспаміны, а, магчыма, і згадаюць настаўніка ў сваіх уласных творах непрыдуманага жанру. Шкада, што героям апавяданьняў «Тастамэнт» і «Мэмуары» калісьці не далі такой парады.

9. Жыцьцёвы вопыт — ваша ўсё! Прыгожую ці трагічную гісторыю з уласнага жыцьця можна ператварыць у выдатны сюжэт раману, апавяданьня, аповесьці. Пісьменьніцкі талент дазваляе дадумаць, дамаляваць, узмацніць пэўныя дэталі. Гэта, бадай, ужо банальнасьць. Але ёсьць і іншы бок: вопыт, назапашаны за гады і дзесяцігодзьдзі, спатрэбіцца і ва ўласным сямейным жыцьці: па параду да вас будуць зьвяртацца малодшыя калегі, дзеці і ўнукі. Ня бойцеся стаць фантанам мудрасьці, выконваць ролю псыхатэрапэўта. І, на ўсялякі выпадак, зьбярыце некалькі гісторый «з уласнага вопыту» (ці не зусім), якія будуць працаваць проста бездакорна. Як, напрыклад, гэта зрабіў стары пісьменьнік з апавяданьня Сяргея Абламейкі «Нерашучасьць».

10. Нарадзіцеся мужчынам. На жаль, галоўнымі героямі расповедаў Сяргея Абламейкі зьяўляюцца толькі мужчыны. Жанчын мы бачым адно ў ролі жонкі, сакратаркі, карэктаркі, мімаходзь згадваецца імя Яўгеніі Янішчыц... Ніводнай экзальтаванай паэткі ці захопленай чытачкі! Ніводнага яркага жаночага пэрсанажу! Але, на жаль, і гэта пакуль адпавядае рэчаіснасьці беларускай літаратуры. Каб быць успрынятым сур’ёзна, стаць пасьпяховым беларускім літаратарам, патрэбна быць мужчынам. Ня ведаю, магчыма, аўтар рыхтуе альтэрнатыўную сэрыю гісторый, і нас чакае новая кніга «Дом літаратарак». Калі так, то яна можа стаць ня менш цікавай і захапляльнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG