Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскую журналістку, якая аблаяла «Нябесную сотню», дэпартавалі з Украіны


Былому прадусару ўкраінскага тэлеканалу «Інтэр» Марыі Сталяровай, якая 21 лютага дапусьціла нецэнзурнае выказваньне ў жывым эфіры падчас сюжэту пра «Нябесную сотню», забаранілі ўезд ва Ўкраіну на пяць гадоў.

Яе ўжо выселілі з тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская.

«СБУ прыняла рашэньне — скараціць тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны вышэйзгаданай грамадзянкі Расеі за дзеяньні, якія наносяць шкоду інтарэсам Украіны. На тых жа падставах ёй забаронены ўезд у нашу краіну тэрмінам на пяць гадоў», — напісала яна на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Перад гэтым, паводле слоў Гітлянскай, супрацоўнікі СБУ правялі сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да Сталяровай, у прыватнасьці, у іх былі пытаньні адносна яе знаходжаньня на часова акупаваных тэрыторыях у 2014 годзе і па яе верагодным удзеле ў арганізацыях «ДНР» і «ЛНР», якія Ўкраіна прызнала тэрарыстычнымі.

Раней у інтэрнэце распаўсюдзілі сюжэт пра памяць «Нябеснай сотні», зьняты тэлеканалам «Інтэр», падчас якога зьяўляецца гукавое суправаджэньне рэдактара зь нецэнзурным выразам. Пасьля гэтага народны дэпутат Андрэй Цецярук зьвярнуўся ў СБУ наконт выказваньня Сталяровай у сацсетках. Учора ў СБУ паведамілі, што сьледчыя вывучаюць інфармацыю пра Сталярову.

Шэф-рэдактар «Падрабязнасьцяў тыдня» Марыя Сталярова заявіла, што адбылася тэхнічная памылка: яна мела зносіны па тэхнічным канале са здымачнай групай з другой пляцоўкі, але памылкова націснула кнопку выхаду ў эфір, а не ў навушнік карэспандэнту. Акрамя таго, Сталярова называе правакацыяй скандал, зьвязаны з жывым эфірам праграмы 21 лютага.

Нацыянальная рада Ўкраіны па пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня разгледзіць на сваім пасяджэньні пытаньне сюжэту пра «Нябесную сотню» зь нецэнзурным выказваньнем.

Пасьля тэлеканал «Інтэр» заявіў, што шэф-рэдактар праграмы «Падрабязнасьці тыдня» Сталярова зьяўляецца супрацоўнікам кампаніі «Нацыянальныя інфармацыйныя сыстэмы» і ніколі не працавала на тэлеканале «Інтэр».

Марыю Сталярову звольнілі з-за інцыдэнту зь нецэнзурным выразам падчас сюжэту пра «Нябесную сотню» 21 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG