Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль у Беларусі пануе дыктатар, для Ўкраіны ня будзе бясьпекі», — украінскі палітоляг


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Рашэньне Эўразьвязу зьняць санкцыі супраць афіцыйнага Менску ва Ўкраіне сустрэлі стрымана: украінскія экспэрты разумеюць, што Беларусь застаецца саюзьніцай Расеі, якая ажыцьцяўляе ваенную агрэсію супраць Украіны.

Украінскі палітоляг Аляксандар Хара лічыць, што зьняцьце санкцыяў з Лукашэнкі ня зьменшыла рызыкі для Ўкраіны, паколькі Беларусь зьяўляецца саюзьнікам Расеі, у тым ліку і ў ваеннай сфэры.

«Пакуль там пануе апошні дыктатар — а зь яго гэтага тытулу не зьнялі — ня будзе бясьпекі і для Ўкраіны таксама. Гэта значыць на цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, у яе адносінах з ЭЗ мы павінны глядзець ня толькі з пункту гледжаньня Беларусі як такой, але і з пункту гледжаньня нашай бясьпекі. Беларусь — саюзная дзяржава Расеі, маецца па просьбе прэзыдэнта Лукашэнкі разьмясьціць на беларускай тэрыторыі ракетныя элемэнты (расейскія — рэд.), што пагражае ня толькі Ўкраіне, а і эўрапейскай супольнасьці», — адзначыў Хара.

Выканаўчы дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Сяргей Салодкі лічыць, што зьняцьце санкцыяў з кіраўнікоў Беларусі ўкраінскія экспэрты зьвязваюць з спробамі Эўразьвязу заахвоціць Беларусь да супрацоўніцтва.

«На фоне расейскай агрэсіі многія аналітыкі ў ЭЗ успрымаюць Лукашэнку як меншае зло. Вядома, гаворка не ідзе пра поўнае адступленьне ЭЗ ад жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі. Эўразьвяз наўрад ці паўторыць памылку сямігадовай даўніны (тады ЭЗ ужо зьмякчаў санкцыі, аднак пасьля зноў узмацніў). Для Эўразьвязу важнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але з дэмакратызаванай Беларусьсю. У тым ліку гэтая важнасьць прадыктаваная і неабходнасьцю стрымліваць агрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненьні да Захаду. Напрыклад, Беларусь не далучылася да прадуктовага эмбарга Расеі на прадукты з Эўразьвязу», — адзначыў экспэрт.

Цалкам матэрыял чытайце на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG