Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Арэнбурзе зруйнавалі дом Тараса Шаўчэнкі


Дом Шаўчэнкі ў Арэнбурзе

Дом Шаўчэнкі ў Арэнбурзе

Праз паўгады супраць тых, хто разбурыў дом украінскага пісьменьніка, распачалі крымінальную справу.

Ва Ўкраіне абураныя зносам у расейскім Арэнбурзе дома, у якім жыў украінскі паэт, мастак, грамадзкі і палітычны дзеяч Тарас Шаўчэнка.

На яго месцы арганізавалі паркоўку для кліентаў банка. Расейская паліцыя распачала крымінальную справу, бо дом, у якім Шаўчэнка жыў у час высылкі, быў у сьпісе помнікаў гісторыі і культуры фэдэральнага значэньня.

Прэм’ер Украіны Арсені Яцанюк заявіў, што ўкраінская ўлада зьвернецца ў ЮНЭСКА. Асудзіў гэты знос і міністар культуры Ўкраіны Вячаслаў Кірыленка:

«Дзікунства ў дачыненьні да ўсяго ўкраінскага працягвае быць афіцыйнай палітыкай Расеі», — напісаў ён у твітэры.

Дом, дзе падчас высылкі ў Арэнбург жыў Тарас Шаўчэнка, зьнесьлі яшчэ ў чэрвені мінулага году. На яго месцы была арганізаваная паркоўка для кліентаў банка «Русь», разьмешчанага побач. Кіраўніком банка зьяўляецца лідэр праўладнай фракцыі «Адзіная Расея» ў мясцовым заканадаўчым сходзе Ўладзімер Кідан.

У Міністэрстве культуры Арэнбургскай вобласьці тады паведамлялі, што спробы зьняць з уліку гэты помнік культуры рабіліся неаднаразова, аднак суд заўсёды пакідаў нязьменным статус будынка. Калі вакол гэтага дома зьявіўся плот, пачалі біць трывогу актыўныя жыхары горада, а таксама гарадзкі дэпутат-камуніст спрабаваў дамагчыся спыненьня працэсу разбурэньня помніка. Аднак, дом зраўнялі зь зямлёй. Дагэтуль невядома, ці было ў чэрвені 2015 году рашэньне суда, што дазволіла зьнесьці будынак. Аднак да лютага гэтага году помнік фігураваў у адпаведным рэестры.

Адзін з жыхароў горада здолеў зьняць працэс разбурэньня і зьвярнуўся ў паліцыю для распачынаньня крымінальнай справы. Там некалькі разоў адмаўляліся гэта рабіць, але ў пракуратуры прызналі ўсе адмовы незаконнымі і больш чым праз паўгода справу ўсё ж распачалі. Менавіта гэтая інфармацыя вярнула цікавасьць да тэмы ўжо разбуранага дома, дзе жыў Тарас Шаўчэнка.

Прыхільнікі зносу будынка, якіх, між іншым, няшмат, сьцьвярджаюць, што помнік культурнай спадчыны знаходзіўся ў дрэнным стане.

Варта адзначыць, што імем украінскага пісьменьніка ў Арэнбурзе названыя вуліца і завулак, у горадзе існуе музэй Тараса Шаўчэнкі, а штогод у сакавіку праходзіць так званы Шаўчэнкаўскі сакавік — сэрыя навуковых і культурных мерапрыемстваў, прысьвечаных ня толькі Тарасу Шаўчэнку, а ў цэлым украінскай культуры.

Дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Оренбург» аднойчы паспрабавала асудзіць правядзеньне гэтага мерапрыемства, але пад ціскам грамадзкасьці была вымушаная публічна прасіць прабачэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG